Ксёндз Анджэй Юхневіч: Мяне могуць за гэта судзіць, але я хачу публічна выказаць салідарнасць з братамі-ўкраінцамі
Ксёндз Анджэй Юхневіч ведаў, што яго могуць пераследаваць, і свядома браў на сябе рызыку. Гэта вынікае са слоў, апублікаваных на сайце місіянераў-аблатаў у ЗША, піша «Хрысціянская візія».
16.07.2024 / 13:08
Анджэй Юхневіч, фота Хрысціянская візія
«Напісаўшы гэта, я рызыкую папасці пад суд, але мне б хацелася, каб маё пярэчанне было пачутае публічна.
Попел на нашы галовы, на дадзеным этапе гісторыі для многіх беларусаў гэты жэст не толькі сімвалічны, але і выяўляе ўнутраны стан: перажыванне глыбокага сораму і дэпрэсіі. Бо з нашай краіны, з нашай зямлі ідуць ваенныя атакі расіян, правакацыі і генацыд украінскага народа.
Ад сябе і ад імя ўсіх місіянераў Беззаганнай Марыі, што служаць у Беларусі, я хацеў бы выказаць глыбокую салідарнасць і духоўную падтрымку нашым субратам ва Украіне і ўсяму ўкраінскаму народу.
Мы вырашылі кожны дзень разам з нашымі прыхаджанамі маліцца за навяртанне Расіі і Беларусі і за неадкладнае спыненне вайны ва Украіне. Сёння ў парафіі ў Шуміліне для гэтага намеру кругласутачная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту», — пісаў ксёндз Анджэй Юхневіч.
***
Анджэя Юхневіча затрымалі 8 мая і спачатку прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за размяшчэнне ў фэйсбуку выявы бела-чырвонага-белага і ўкраінскага сцягоў. Яго арыштавалі на 15 сутак, і з таго часу на волю ён так і не выйшаў. Яму некалькі разоў давалі па 15 сутак.
У пачатку ліпеня стала вядома, што яго пераводзяць з ІЧУ, дзе ён адбываў арышты агульнай працягласцю амаль два месяцы, у СІЗА. Супраць святара распачата крымінальная справа. Дагэтуль застаецца невядомым, што менавіта яму інкрымінуецца.
Ксяндза Анджэя Юхневіча прызналі палітвязнем
«Светлы, Божы чалавек». Чаму ўлады накінуліся на святара Юхневіча з Шуміліна
Супраць ксяндза Анджэя Юхневіча завялі крымінальную справу