Качанава выступіла за суверэннае права дзяржавы на фальсіфікацыю выбараў і заклікала стварыць прыязную місію назіральнікаў ад БРІКС

«Падрыў электаральнага суверэнітэту зʼяўляецца нічым іншым, як элементам каланіяльнай дыктатуры», лічыць Наталля Качанава. Вядомая сваімі бессэнсоўнымі і шматслоўнымі заявамі старшыня Савета Рэспублікі сёння выступіла на пленарным пасяджэнні Х Парламенцкага форуму БРІКС у пашыраным фармаце ў Санкт-Пецярбургу, перадае БЕЛТА.

11.07.2024 / 14:41

 

Наталля Качанава на пленарным пасяджэнні Х Парламенцкага форуму БРІКС у пашыраным фармаце ў Санкт-Пецярбургу. Фота: sovrep / Telegram

Паводле Качанавай, нацыянальныя выбарчыя кампаніі «часцяком становяцца мішэнню дэструктыўнай палітыкі». 

«Сёння вынікі літаральна любога галасавання <…> без перабольшання ўплываюць на будучыню светаўладкавання, умацаванне адзінай непадзельнай бяспекі, стабільнасці і ўсеагульнага міру», — заявіла Качанава.

Яна заклікала парламентарыяў ад краін БРІКС да замацавання «электаральнага суверэнітэту як неадʼемнага і выключнага права дзяржавы самастойна і незалежна арганізоўваць і праводзіць электаральныя кампаніі». 

«Галоўная мэта — забеспячэнне рэалізацыі поўнаўладдзя народа і свабоды яго выбару пры вяршэнстве нацыянальнага заканадаўства, недапушчэнне ўмяшання ў выбарчы працэс», — сказала Качанава. 

Яна прапанавала стварыць місію наглядальнікаў ад БРІКС, «якая будзе ацэньваць выбары зыходзячы з фактычнай адпаведнасці прынятым стандартам, без »падганяння« справаздач пад палітычную пазіцыю заходніх элітаў».

«Магчыма, прыйшоў час падумаць над заснаваннем асаблівай міжнароднай інстанцыі па абароне нацыянальных выбарчых працэсаў. Бо сёння размова ідзе аб роўнасці ўсіх народаў на самавызначэнне, самастойны выбар нацыянальнага шляху развіцця, а падрыў электаральнага суверэнітэту зʼяўляецца нічым іншым, як элементам каланіяльнай дыктатуры», — дадала Качанава.

Ніводнага слова пра чэсны і празрысты падлік галасоў Качанава не сказала. У Беларусі не толькі назіральнікі, але звычайна і члены выбарчых камісій не ведаюць сапраўдных вынікаў галасавання.

Азаронак абвінаваціў частку лукашыстаў у працы на заходнюю разведку

«Спектакль скончаны?» БелТА выступіла з мегаводпаведдзю адносна сітуацыі на мяжы

Праўладны блогер паскардзіўся ў эфіры Салаўёва на «Славянскі базар» і чыноўнікаў — пачаўся скандал

Nashaniva.com