Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі, якая анансавалася з пачатку года
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб амністыі ў сувязі з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Дакумент апублікаваны 3 ліпеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.
03.07.2024 / 00:46
Калонія ў Бабруйску. Фота ілюстрацыйнае
Закон вызначае пералік катэгорый асуджаных, якія падлягаюць вызваленню ад пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці.
Да такіх катэгорый аднесеныя, у прыватнасці:
- непаўналетнія;
- цяжарныя жанчыны;
- жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, за выключэннем тых, хто здзейсніў наўмыснае злачынства ў дачыненні да непаўналетняга;
- асобы, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту;
- інваліды I і II групы;
- асобы, хворыя на актыўную форму туберкулёзу і анкалагічныя захворванні;
- грамадзяне, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
- асобы, якія атрымалі раненні або захворвання пры выкананні абавязкаў у перыяд вайсковай службы.
Адначасова законам вызначаюцца катэгорыі асоб, у дачыненні да якіх амністыя не будзе прымяняцца. Гэта, напрыклад, асобы:
- да якіх на працягу 2021-2024 гадоў ужываліся амністыя або памілаванне і якія зноў здзейснілі наўмыснае злачынства ў перыяд нязнятай або непагашанай судзімасці;
- якія на дзень пастановы прысуду або ўступлення яго ў законную сілу цалкам не пакрылі прычыненую злачынствамі шкоду, не заплацілі даход, атрыманы злачынным шляхам, а таксама даход, атрыманы ад выкарыстання маёмасці, здабытай злачынным шляхам або набытай на сродкі, здабытыя злачынным шляхам;
- якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў альбо прызнаныя ва ўстаноўленым парадку асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі;
- якім пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання ў парадку памілавання заменена пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі або пажыццёвага пазбаўлення волі і іншыя.
Раней і сам Лукашэнка, і іншыя ягоныя чыноўнікі неаднаразова падкрэслівалі, што ў дачыненні да палітвязняў гэтая амністыя прымяняцца не будзе.
У той жа час 2 ліпеня падчас выступлення на ўрачыстым пасяджэнні з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасці Лукашэнка сказаў пра намер вызваліць некаторых палітзняволеных, якія маюць цяжкія захворванні, перадусім анкалагічныя. Ніякіх падрабязнасцяў, аднак, праз які механізм гэта збіраюцца зрабіць, пакуль няма.
Кубракоў не выключыў, што амністыю прыменяць і да палітзняволеных. Але ў забойцаў шанцаў больш
Амністыя-2024 не закране палітвязняў і закладчыкаў. Што вядома пра планы ўладаў?
Лукашэнка анансаваў амністыю-2024 і хоча перагледзець некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса
Каго з палітвязняў могуць выпусціць пасля анонсу Лукашэнкі?
Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых палітвязняў