Стала вядома, колькі беларусаў асудзілі за ўхіленне ад прызыву ў войска

Суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Давыдаў у інтэрв'ю выданню «СБ. Беларусь сегодня» заявіў, што колькасць грамадзян, якія прыцягваюцца да адказнасці за ўхіленне ад вайсковага прызыву, у Беларусі скарачаецца, і прывёў адпаведную статыстыку.

27.06.2024 / 18:20

Паводле слоў Уладзіміра Давыдава, калі ў 2016 годзе па арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу) было асуджана 676 чалавек, то ў 2023-м — толькі 266.

«Змяншаецца і колькасць чалавек, на якіх накладаюцца адміністрацыйныя спагнанні за няяўку на мерапрыемствы па прызыву. Хоць трэба сказаць, што гэты паказчык да нядаўняга часу заставаўся значным. Напрыклад, у 2020 годзе меры прынятыя ў дачыненні да 1 333 грамадзян, а ў 2018-м — 2 073», — адзначыў Давыдаў.

На ягоную думку, «зніжэнне негатыўных даных статыстыкі» сярод іншага звязана з тым, што «грамадзяне сталі больш свядома падыходзіць да выканання свайго вайсковага абавязку, удзелу ў мерапрыемствах прызыву».

Акрамя таго, «напэўна, усё ж такі працуе і адпаведнае інфармацыйнае забеспячэнне ўсёй гэтай дзейнасці, накіраванае на папярэджанне злачынстваў», — сказаў судовы чыноўнік.

Таксама суддзя адзначыў узмацненне строгасці заканадаўства, якое тычыцца адказнасці за ўхіленне ад прызыву. Так, злачынства па артыкуле 435 Крымінальнага кодэкса перайшло з тых, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, у катэгорыю менш цяжкіх, і максімальная планка пакарання паднялася з двух гадоў пазбаўлення волі да трох.

«Акрамя таго, павялічаныя санкцыі ў выглядзе штрафу (ад 10 да 30 базавых велічынь) за няяўку на мерапрыемствы па прызыве і за парушэнне грамадзянамі абавязкаў па вайсковым уліку (да 25 базавых велічынь). І, як наступства, названыя адміністрацыйныя правапарушэнні перайшлі з катэгорыі правіны ў катэгорыю значных», — падкрэсліў Уладзімір Давыдаў. 

Генпракуратура прызнала экстрэмісцкім сайт паслуг па легальным вызваленні ад вайсковай службы

Дванаццаць навучэнцаў не здалі першы ЦЭ, бо іх прызвалі ў армію

У Мінску ваеннаабавязаных прызываюць у тэрабарону — іх адправяць на парад

Лукашэнка падпісаў указ аб прызыве афіцэраў запасу

Nashaniva.com