На Гомельшчыне адзначаецца ўспышка пнеўманій у дзяцей. Улады ўжо не могуць гэта ігнараваць

Апошнімі днямі ў сацсетках пачалі з’яўляцца допісы пра вялікую колькасць пнеўманій у беларускіх дзяцей. Перадусім гэта характэрна для Гомельскай вобласці. Жыхары Мазыра скардзіліся, што бальніца перапоўненая і, калі сітуацыя не крытычная, то малых адпраўляюць лячыцца дадому. Прыкладна пра тое ж самае казалі жыхары Калінкавіч і нават Гомеля.

26.06.2024 / 19:35

Афіцыйна гэтаму не было ані пацверджанняў, ані абвяржэнняў — да сённяшняга дня.

Цяпер жа з расказам, што ўсё нармальна, але ўсё на кантролі выступіў Максім Рыжанкоў, які выконвае абавязкі кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і фактычна з’яўляецца адным з найвышэйшых чыноўнікаў у Беларусі.

Рыжанкоў наведаў Чачэрск— гэта якраз на Гомельшчыне, адкуль і прыходзілі трывожныя навіны пра хваробу. Там чыноўнік завітаў у мясцовую бальніцу і пасля адзначыў: хвалявацца няма пра што, месцаў у шпіталі хапае і гэтак далей.

Але ўвагу прыцягваюць два яго выказванні. Вось першае:

«Сітуацыя пад кантролем. Прэзідэнтам пастаўленыя канкрэтныя задачы, дадзена даручэнне міністру аховы здароўя». 

А вось другое:

«Месцаў для шпіталізацыі хапае, пнеўманіі працякаюць не ў цяжкай форме. Нашы лекары ведаюць, што рабіць. Ніякіх экстраных рэчаў не назіраецца. У цэлым пытанне стаіць на кантролі. Некаторыя спецыялісты звязваюць сітуацыю з лепшай дыягностыкай, якая дазваляе выяўляць некаторыя рэчы, якія раней разглядаліся пад іншым спектрам ці не выяўляліся».

А напрыканцы Рыжанкоў яшчэ дадаў, што на асобым кантролі і забяспечанасць медыкаментамі.

Ці стала болей пасля каранавіруса сардэчна-сасудзістых захворванняў? Вось што заўважылі беларускія дактары

У Беларусі недастаткова моладзі і зусім мала дзяцей. У чым прычыны?

Есці меней мяса і адмовіцца ад алкаголю. Мінздароўя расказала, як перажыць спёку

Nashaniva.com