Афганская журналістка пасля адмовы ў прытулку ў Расіі паляцела ў Кабул. На радзіме ёй пагражае смяротнае пакаранне

Афганская журналістка і феміністка Кобра Хасані, якую затрымалі ў Расіі пры спробе трапіць у Еўрасаюз, паляцела ў Афганістан 25 чэрвеня. Адвакаты дзяўчыны даведаліся пра гэта ад афганскай дыяспары, піша «Фонтанка».

26.06.2024 / 10:27

 Кобра Хасані. Фота: «Бумага»

Кобра Хасані працавала на афганскім тэлебачанні да жніўня 2021 года і змагалася за правы жанчын у краіне. Яна зʼехала з Афганістана неўзабаве пасля прыходу да ўлады талібаў і паступіла ў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт, з пачаткам вайны ва Украіне вырашыла перабрацца ў Еўропу.

Аднак аўтобус, які вывозіў уцекачоў з Украіны, замест Польшчы прыехаў у Расію. Хасані зноў паспрабавала патрапіць у Еўропу, але пры выездзе з Пецярбурга ў траўні 2022 года яе затрымалі разам з іншымі афганскімі бежанцамі за незаконнае перасячэнне мяжы.

Атрымаць прытулак у Расіі не ўдалося: ёй было адмоўлена. 

Адвакаты і афганская дыяспара спрабавалі дапамагчы ёй зʼехаць у бяспечным кірунку: на радзіме дзяўчыне пагражае небяспека, паколькі яна адкрыта выступала супраць Талібану, які прыйшоў да ўлады ў краіне тры гады таму, і вяла лад жыцця, які не адпавядае патрабаванням радыкальных ісламістаў. У прыватнасці, яна атрымала вышэйшую адукацыю, працавала на тэлебачанні, выступала за правы жанчын, кіравала ўласным рэстаранам.

25 чэрвеня, падчас апошняга паседжання па апеляцыі на прысуд, Хасані вылецела з Масквы ў Кабул.

«Варыянтаў зʼехаць было шмат, ад Албаніі да Нямеччыны. Але ўсё патрабавала намаганняў, часу, грошай», — распавяла «Фантанцы» адвакат Марыя Бяляева.

Раней адвакаты не раз адзначалі, што на радзіме дзяўчыне можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Джуліяна Асанжа вызвалілі з турмы ў Лондане, у якой ён адбыў пяць гадоў

ЗША афіцыйна ўнеслі Беларусь у спіс дзяржаў — спонсараў гандлю людзьмі

АДКБ будзе дапамагаць «Талібану» ў барацьбе з тэрарызмам

Nashaniva.com