«Мішлен прыходзіць, калі яго не чакаеш». Беларускі шэф-кухар атрымаў міжнароднае прызнанне 

На мінулым тыдні 34 рэстараны Літвы трапілі ў знакаміты гастранамічны мішленаўскі гід (чатыры з іх атрымалі зорку Мішлена). Сярод адзначаных рэстаранаў ёсць Justa Pasta, шэф-кухарам у якім працуе беларус Сяргей Варашылаў.

17.06.2024 / 16:37

У сваім інстаграме Сяргей пахваліўся ўзнагародай, якую атрымаў на ўрачыстай цырымоніі гіда Мішлен. «Мішлен прыходзіць, калі яго не чакаеш», — напісаў ён.

Сяргей Варашылаў вучыўся ў французскай Le Cordon Bleu Paris (адна з самых лепшых кулінарных школ у свеце, якая існуе з 1895 года). Пачынаў працаваць ён у гомельскіх рэстаранах Taste і Tapas bar.

View this post on Instagram

A post shared by Ворошилов Сергей (@voroshylov_sergei)

У 2021 годзе Сяргей адважыўся на першы самастойны праект — мікракафэ «Жуй». Размясцілася кафэ на Камароўскім рынку — у зале было ўсяго тры столікі. А галоўнай фішкай «Жуй» былі пінсы (від піцы прамавугольнай формы).

Але, мабыць, найбольш вядомым месцам працы Сяргея ў Беларусі стаў рэстаран «Дыялогі». Ён быў там шэф-кухарам. Цяпер Сяргей жыве ў Вільні і радуе сваімі стравамі наведвальнікаў рэстарана Justa Pasta, які цяпер рэкамендуе гід Мішлен.

Па даўняй традыцыі адбор рэстаранаў для гіда Мішлен у Літве незалежна праводзіўся таемнымі інспектарамі, якія працавалі па спецыяльнай методыцы. Яны ацэньвалі якасць прадуктаў, тэхніку прыгатавання, гармонію густаў, індывідуальнасць шэф-кухара.

Цікавы факт: запрасіць у краіну экспертаў Мішлен каштуе не танна. Раней lrt.lt паведамляла: Літва заплаціла больш за 1,5 мільёна еўра за тое, каб спецыялісты Мішлен пратэсціравалі мясцовыя рэстараны. Улады краіны разлічваюць, што ўключэнне літоўскіх рэстаранаў у гід Мішлен дадаткова прынясе краіне да 4 мільёна еўра даходаў ад турызму за год.

Максім Харошын пераязджае на Мадэйру і адкрывае там рэстаран

Малюсенькі ларок з вулічнай ежай атрымаў зорку Мішлен у Мексіцы

Найлепшым кандытарам у свеце ўпершыню прызнаная жанчына

Ірландзец тэсціруе беларускія сталоўкі. Вось якой з іх прапаноўвае даць мішленаўскую зорку 

Nashaniva.com