Беларусь апусцілася ў дзясятку краін, найгоршых для працоўнага люду

Міжнародная канфедэрацыі прафсаюзаў апублікавала новы рэйтынг захавання правоў рабочых у свеце.

12.06.2024 / 19:37

Як адзначаецца ў новым рэйтынгу правоў рабочых, які апублікавала Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (ITUC), колькасць краін, дзе абмежаваныя правы на свабоду слова і сходаў, працягвае павялічвацца. У 74 краінах з 151 зарэгістраваныя выпадкі затрыманняў ці арыштаў. У мінулым годзе гэта адбылося «толькі» ў 69 краінах.

«У Беларусі, Егіпце, Ганконгу і Судане незалежны прафсаюзны рух ужо быў знішчаны ўладамі шляхам самавольнага роспуску і незаконнага захопу. У выніку рабочыя былі пазбаўленыя сваёй асноўнай свабоды — ствараць і ўступаць у прафсаюзы па ўласным выбары», — пішуць аўтары.

У рэйтынгу адзначаецца, што з красавіка 2022 года беларускі ўрад узмацніў рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў. У краіне працягваюцца арышты і пераслед рабочых, нелаяльных да рэжыму.

Аўтары пішуць, што ў Беларусі цяпер сорак два лідары і сябры прафсаюзаў несправядліва ўтрымліваюцца пад вартай або адбываюць пакаранне ў турме, сярод іх і старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Тыя ж, каго ўлады вызваляюць пасля адбыцця тэрміну пакарання, атрымліваюць кляймо «экстрэмістаў» і робяцца ізгоямі ў грамадстве.

Фота: матэрыялы індэксу

У негатыўнай дзясятцы разам з Беларуссю знаходзяцца Бангладэш, Эквадор, Егіпет, Эсваціні, Гватэмала, М'янма, Філіпіны, Туніс і Турцыя.

Новы прафсаюзны лідар заявіў, што рабочым не абавязкова ведаць законы

Кіраўніцу праўладнага прафсаюза, затрыманую за «экстрэмізм», знялі з пасады

За «экстрэмізм» затрымалі трох супрацоўнікаў «Газпрам трансгаз Беларусь»

Nashaniva.com