«Увоз аўто ва ўзросце да 5 гадоў фактычна забаронены». Як зменяць сітуацыю новыя правілы прыгону аўто ў Беларусь

З 4 чэрвеня літоўская мытня ўводзіць новыя правілы вывазу з тэрыторыі краіны ў Беларусь аўтамабіляў, не старэйшых за 5 гадоў. Перагоншчыкі ў ступары ад некаторых з іх.

05.06.2024 / 06:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Патрабаванні ўзмацнілі і распаўсюдзілі на ўсе аўто незалежна ад цаны і рухавіка

Частка гэтых патрабаванняў з 23 сакавіка прымянялася да аўтамабіляў з аб'ёмам рухавіка большым за 1,9 літра або даражэйшых за 50 тысяч еўра. 

Выканаць іх было магчыма, бо галоўным было аплаціць аўто з беларускага банка. Дамова куплі-продажу, плацёжка, інвойс і экспартная дэкларацыя мусілі быць аформлены на пакупніка з Беларусі, які пацвярджаў у гарантыйным лісце, што купляе аўто для асабістага карыстання на тэрыторыі Беларусь і што яно не будзе перапрададзена ў Расію.

Ад прадаўца таксама прасілі пацвердзіць факт атрымання грошай і паведаміць, што ён ведае, кім з'яўляецца пакупнік, які гарантуе, што машына не трапіць у Расію.

Пачынаючы з 4 чэрвеня, гэтыя патрабаванні распаўсюдзілі на любыя аўто з Еўропы, ЗША або іншых краін (незалежна ад кошту і аб'ёму рухавіка), з моманту выпуску якіх прайшло не больш за 5 гадоў.

І самае галоўнае, што дадаліся новыя. Цяпер для паспяховага вывазу аўто з ЕС мытнікі патрабуюць паказаць яшчэ і дэкларацыю ад вытворцы.

Што кажуць перагоншчыкі

Суразмоўца з ліку перагоншчыкаў лічыць, што выканаць гэты пункт будзе амаль немагчыма.

«З ночы машыны, маладзейшыя за 5 гадоў, не выпускаюць, нават калі ў іх ужо былі аформленыя экспартныя. Таксама мытня ў Літве ад сёння не адкрывае EX (экспартныя дэкларацыі) на любыя аўтамабілі, маладзейшыя за 5 гадоў. Гэта фактычна поўная забарона на імпарт такіх аўто ў Беларусь», — лічыць мужчына.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Па інфармацыі суразмоўцы, тое самае адбываецца і ў Польшчы. Польская мытня афармляе экспартныя дэкларацыі толькі на машыны, старэйшыя за 5 гадоў.

Перагоншчык мяркуе, што атрымаць дэкларацыю ад вытворцы змогуць толькі афіцыйныя дылеры, якія легальна пастаўляюць новыя машыны ў Беларусь.

Сярод іншых патрабаванняў, якія, на думку суразмоўцы, складана выканаць — прадстаўленне выпіскі з рахунку транспартнай кампаніі з пацвярджэннем атрымання аплаты за дастаўку аўто.

«Звычайна за дастаўку разлічваюцца па факце прыезду машыны ў Беларусь. Часцей за ўсё наяўнымі. Зрэдку пераводам, але ніхто не плаціць за транспарціроўку наперад», — адзначае перагоншчык.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Суразмоўца кажа, што, напрыклад, літоўскія перавозчыкі не змогуць выканаць і гэты пункт, бо банкі Літвы даўно не прымаюць плацяжы з Беларусі. Але гэты пункт можна выканаць, калі замовіць дастаўку ў польскай або, напрыклад, казахстанскай кампаніі.

Галоўнай перашкодай на шляху патрыманых аўто ва ўзросце да 5 гадоў перавозчык называе менавіта патрабаванне мець дэкларацыю ад вытворцы.

«Санкцыі не забараняюць прадаваць у Расію машыны з аб'ёмам рухавіка да 1,9 літра і коштам да 50 тысяч еўра. Але гэты закон больш жорсткі, бо не падзяляе машыны па кошце і аб'ёме рухавіка. То-бок ён больш строгі, чым самі санкцыі, бо пашыраны пакет дакументаў цяпер патрабуюць і на тыя машыны, што не знаходзяцца пад агульнымі санкцыямі ЕС», — тлумачыць перагоншчык.

Чаму менавіта машыны да 5 гадоў?

Рэч у тым, што для аўто ва ўзросце да 5 гадоў дзейнічаюць найменшыя мытныя тарыфы. Праз гэта ў большасці выпадкаў усе намагаліся прыганяць менавіта такія аўто.

Праўда, і больш старыя машыны таксама вязуць. Нядаўна «Наша Ніва» звяртала ўвагу на гэта. У продажы можна сустрэць 15-гадовыя іншамаркі, якія прывезлі з Еўропы.

Як вынікае з новаўвядзення, везці аўто, старэйшыя за 5 гадоў, па-ранейшаму можна без пашыранага пакета дакументаў.

У інфармацыі на сайце літоўскай мытні гаворыцца пра тое, што дакумент прынялі адразу пяць краін ЕС. Іх не пералічваюць, але найбольш верагодна, што да пагаднення далучыліся Польшча, Літва, Латвія, Эстонія і Фінляндыя. Кожная з гэтых краін мае супольную мяжу з Беларуссю і/або Расіяй. Дакумент падпісалі 9 мая, але апублікавалі толькі 3 чэрвеня, то-бок менш чым за суткі да таго, як ён набыў моц.

«Расіяне ехаць перасталі, а ў нашых няма столькі грошай». Што адбываецца на аўтамабільным рынку Беларусі

У Літву без ежы, напояў і цыгарэт. Што адбываецца з увозам беларускіх тавараў у Літву?

Не толькі люксавыя аўто і свежыя малалітражкі. У Беларусь масава гоняць нават 16-гадовыя машыны з Еўропы

Nashaniva.com