Германія дазволіла Украіне наносіць удары па тэрыторыі Расіі нямецкай зброяй. Але ёсць нюанс
Урад Германіі зняў абмежаванне на прымяненне перададзенай Украіне зброі. Цяпер украінскія вайскоўцы атрымалі дазвол наносіць гэтай зброяй удары па тэрыторыі Расіі ў рамках абароны Харкаўскай вобласці, піша Bild.
31.05.2024 / 15:40
Олаф Шольц. Фота: AP
«Мы перакананыя, што Украіна мае права ў адпаведнасці з міжнародным правам абараняцца ад нападаў [Расіі ў раёне Харкава]. Украіна можа выкарыстоўваць пастаўленую для гэтай мэты зброю ў адпаведнасці са сваімі міжнародна-прававымі абавязацельствамі, у тым ліку і пастаўленую намі», — заявіў прэс-сакратар урада Штэфан Хебестрэйт.
Пастанова ўрада Германіі прынятая адразу ж пасля таго, як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў, што Украіна можа выкарыстоўваць перададзеную ёй амерыканскую зброю для ўдараў па тэрыторыі Расіі. Як і ў выпадку з нямецкай зброяй, гэта тычыцца толькі абароны Харкаўскай вобласці.
Аналагічныя рашэнні раней прынялі Францыя і Вялікабрытанія.
Для ўдараў па расійскай арміі на прызнанай тэрыторыі Расіі могуць прымяняцца дзве нямецкія сістэмы ўзбраенняў — самаходная гаўбіца Panzerhaubitze 2000 і браняваная ракетная сістэма залпавага агню Mars II.
Пры гэтым максімальная зона паражэння цэляў за мяжой складае не больш за 40 кіламетраў. Германія не спяшаецца перадаваць Украіне дальнабойную зброю — напрыклад, ракеты Taurus з далёкасцю паражэння ў 500 кіламетраў.
Байдэн таемна дазволіў Украіне біць амерыканскай зброяй па тэрыторыі Расіі
Першыя ўкраінскія пілоты завяршылі навучанне працы на знішчальніках F-16 у ЗША
Кітай пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне быў гатовы паставіць Расіі зброю па просьбе Пуціна
Францыя накіруе ва Украіну інструктараў для навучання мясцовых вайскоўцаў