Гендарныя квоты ў постапакаліпсісе. «Фурыёса» — ці атрымаўся новы галівудскі баевік?
24 мая ў сусветны пракат выйшаў фільм «Фурыёса: Хронікі Шалёнага Макса» (Furiosa: A Mad Max Saga), спін-оф і сюжэтны прыквел знакамітага постапакаліптычнага баевіка. Чаго ад яго чакалі і што ў рэшце атрымалася?
29.05.2024 / 18:10
Фурыёса на шляху вайны. Кадр з фільма
Новы фільм рэжысёра Джорджа Мілера распачынаецца біблейскай сцэнай грэхападзення, калі малая гарэза Фурыёса (Аліла Браўн) зрывае для сябе і сяброўкі два сакавітыя плады з дрэва. Дзяўчынкі становяцца сведкамі палявання чужынцаў-байкераў на дзічыну ў іхніх Эдэмскім садзе.
Са слоў, якія гучаць за кадрам, мы даведваемся, што чалавечая цывілізацыя даўно пала ў бясконцых канфліктах, а планета ператварылася ў забруджаную радыяцыяй пусташ.
Зялёныя землі тысяч матак у глыбіні пустыняў Аўстраліі — адзін з нешматлікіх схаваных аазісаў, дзе ўсё ёсць. Тут досыць чыстай вады, квітнее лес, водзяцца дзікія жывёлы, а выжылыя людзі вядуць традыцыйную гаспадарку ў гармоніі з прыродай і здабываюць энергію з дапамогай ветракоў.
Фурыёса ў Зялёных землях тысяч матак. Кадр з фільма
У гэтай эка-камуне пануе сапраўдны матрыярхат — усім запраўляюць мясцовыя ваяркі-амазонкі, а нешматлікім мужчынам адведзена другасная роля. Гэты рай мы бачым усяго пару імгненняў — як мімалётную здань, якая хутка знікне і больш ніколі не вернецца.
Фурыёса спрабуе перашкодзіць байкерам, але сама становіцца іхняй ахвярай, яе выкрадаюць з райскага саду. Наўздагон па пустэчы вонкавага свету за выкрадальнікамі імчыцца ейная маці Мэры Джо Баса (Чарлі Фрэйзер), якой амаль удаецца выратаваць дачку. Жанчыны ведаюць, што важнейшае за іхняе жыццё — чаго б гэта ні каштавала, зберагчы таямніцу свайго зялёнага краю.
Дэментус са сваімі людзьмі. Кадр з фільма
Дзяўчынка трапляе ў рукі лідара байкерскай арды. У белых аблачэннях, з доўгай барадой і вусамі, ён слухае парады свайго мудрага вешчуна — вобраз, які пасаваў бы цару Саламону ці каралю Артуру. Але Дэментуса (Крыс Хэмсварт) выдае нават імя: з латыні дэменцыя азначае вар’яцтва. Ён такі ж шалёны і люты, як і той мужчынскі свет, у які Фурыёса трапляе.
На кантрасце з жаночым раем тут пабудавана ўсё — недахоп вады і ежы, хваробы, калецтвы, бруд, цемрашальства, варожасць, гвалт, машыны і паліва.
Чыстая ва ўсіх сэнсах Фурыёса — каштоўная дзіковінка, якую прагне займець харызматычны лідар. І не толькі ён.
Несмяротны Джо ў Цытадэлі. Кадр з фільма
Вайна ўсіх супраць усіх ніколі не спынялася. Маленькая ваярка становіцца разменнай манетай у перамовах Дэментуса, які прагне яшчэ больш славы і ўлады, з Несмяротным Джо (Лейчы Халм), валадаром Цытадэлі, вядомым нам па арыгінальнай кінастужцы «Шалёны Макс: Дарога лютасці».
У Цытадэлі ёсць і вада, і ежа, але Фурыёсе за іх давядзецца заплаціць — стаць адной з жонак у гарэме, што мусяць нараджаць здаровых дзяцей свайму гаспадару.
Малой Фурыёсе стае розуму і спрыту, каб пазбегнуць ганаровага рабства і сэксуальнага гвалту. Яна, хаваючы сваю асобу, становіцца каштоўным членам постапакаліптычнага грамадства, здабываючы сабе пажытак уласнымі навыкамі.
Мара пра радзіму і прага помсты рухаюць Фурыёсай. Кадр з фільма
Дзяўчынка вырастае з марамі пра тое, каб вярнуцца ў родны край і адпомсціць свайму крыўдзіцелю. Фурыёса (Аня Тэйлар-Джой) дбайна зберагае костку ад персіка, які застаецца аднымі напамінам пра радзіму, а пасля стане яе адплатай.
На сваім шляху да згубленага раю яна сустракае ўсяго аднаго добрага чалавека, але, як кажа адзін з герояў фільма — «у Пустэчы добрым быць нельга». У гэтым свеце не можа выжыць добры, толькі адчайныя — як Фурыёса, якая раз за разам падымаецца пасля ўдараў лёсу.
Малая Фурыёса з Гісторыкам. Кадр з фільма
Свет «Шалёнага Макса» вельмі эклектычны, ён падобны адразу да ўсяго, што было ў чалавечай гісторыі: ад біблейскіх матываў да сучаснай масавай культуры. Напрыклад, стары і мудры Гісторык (Джордж Шаўцоў), які дае парады малой дзяўчыне, а пасля выступае апавядальнікам — выліты Гандальф ці Мэрлін, — каму які фандом больш даспадобы.
Але найбольш «Фурыёса» падобна да «Іліяды» Гамера: тут і выкраданне цудоўнай дзяўчыны, і канфлікт полісаў, і здзек над целам героя, прывязаным да калясніцы, і нават «Траянскі конь»!
Дэментус у калясніцы, запрэжанай «жалезнымі канямі». Кадр з фільма
У пустынных краявідах і гэтай эклектыцы шмат паралеляў са светам «Дзюны», дзе таксама розныя гістарычныя перыяды і культуры былі перамяшаныя. І тым больш сімвалічна, што Аня Тэйлар-Джой знялася і ў «Дзюне» Вільнёва, і ў «Фурыёсе».
Усе фільмы ў сусвеце «Шалёнага Макса» з канца 1970-х гадоў зняў адзін і той жа аўстралійскі кінарэжысёр Джордж Мілер. Ці можна так доўга паспяхова даіць адну і тую ж карову? Здаецца, што не.
Стужка змантавана амаль бездакорна. Нават сцэны баёў у «Фурыёсе», якія складаюць ільвіную частку ейнага хронаметражу, не выклікаюць звыклага жадання пераматаць да таго моманту, калі пачнецца апавяданне па сутнасці. А вось з сутнасцю ў фільма вялікія праблемы.
Першыя фільмы серыі, якія выйшлі ў канцы 1970 — 1980-х гадах, былі адлюстраваннем нядаўніх падзей Халоднай вайны і энергетычных крызісаў, калі здавалася, што дзяржавы знішчаць свет у барацьбе за магутнасць і рэсурсы.
Сёння пытанне экалогіі гучыць не менш востра, але на парадку дня барацьбу за рэсурсы змянілі зусім іншыя глабальныя пытанні — гендарнай роўнасці, дыскрымінацыі, сэксуальнасці.
«Вундэрвафля» з Цытадэлі. Кадр з фільма
Гэтыя тэндэнцыі знайшлі адлюстраванне ў фільме 2015 года: побач з галоўным мужчынскім персанажам з’яўляецца не менш моцная гераіня Фурыёсы (тады яе сыграла Шарліз Тэрон). Ад новага фільма серыі чакалі яшчэ большай прафемінісцкай оптыкі, але не атрымалі нічога новага.
Фурыёсу памянялі крэсламі з галоўным мужчынскім персанажам, але ад перамены месцаў складаемых сума чамусьці не змянілася. Аказалася, што для поспеху трэба нешта большае, чым рабіць выгляд, што плывеш па цячэнні гендарнага мэйнстрыму.
Гэта ўсё яшчэ гратэскна-маскуліннае кіно, за тым выключэннем, што самі мужчыны (пераважна геймеры), якія былі галоўнымі гледачамі серыі, могуць атаясамляць сябе толькі з уродамі, якія атачаюць Фурыёсу.
Фурыёса ў вобразе ваяркі з вялікай дарогі. Кадр з фільма
Дый сам тыпаж гераіні-ваяркі — гэта прадукт патрыярхальных уяўленняў старажытнасці, калі жанчына можа быць на роўных з мужчынам, толькі калі стане ягонай копіяй. Такая сітуацыя не спрыяе папулярнасці ні ў мужчынскай аўдыторыі, ні ў жаночай.
«Фурыёсе» бракуе таксама драйву і вар'яцтва арыгінальнага фільма. Менш рыку матораў, менш выбухаў, менш экстравагантных вар’ятаў з абодвух бакоў і машын, якіх ператвараюць у металалом.
Вобраз Дэментуса змяняецца па ходзе фільма: белы плашч становіцца чырвоным. Магчыма, гэта адсылка да іншай ролі Хэмсварта — Тора з фільмаў Marvel. Нязменнай застаецца толькі цацка — сімвал інфантыльнасці персанажа, хоць ён тлумачыць яе інакш. Кадр з фільма
Тут няма запамінальных вобразаў, што былі ў «Шалёным Максе», накшталт гітарыста-агнямётчыка. Няма і развіцця гераіні, хоць мы бачым значны перыяд з жыцця ваяркі: якой была ў Зялёнай зямлі, такой і засталася за доўгія гады выжывання ў Пустэчы.
Немагчыма назваць Фурыёсу і маральным эталонам — з самага дзяцінства яна была гатовая халаднакроўна забіваць дзеля дасягнення сваёй мэты. Можна запярэчыць, што такое вось жыццё ў постапакаліпсісе! Так, але чым яна тады адрозніваецца ад «адмоўных» персанажаў? Цяжкім дзяцінствам? У тых, хто жыўцом раскладаецца і харчуецца лічынкамі з трупаў у ямах Цытадэлі, яно не было лёгкім.
Джэк і Фурыёса. Кадр з фільма
Магчымай любоўнай гісторыяй нас толькі дражняць. «Псеўда-Максу», які з’яўляецца на экране і выклікае эмпатыю ў гледачоў, стваральнікамі фільма, як і ўсім спадарожнікам Фурыёсы, адведзена роля аднадзёнкі. Як у нас кажуць, «памёр Максім, ну…» — і гэтая фраза ідэальна апісвае рэакцыю галоўнай гераіні.
Фурыёса — літаральна жывая машына, якая не мае пачуццяў, не адчувае болю і рухомая толькі закладзенай праграмай. Гэтае ўражанне толькі ўзмацняе металічны пратэз на руцэ (і тое, як яна яго здабыла). Нават Тэрмінатар быў больш чалавечным за яе. Не выратоўвае вобраз і гульня ўзыходнай зоркі Ані Тэйлар-Джой.
Фурыёса выстаіць пад любымі ўдарамі лёсу. Кадр з фільма
Прадаць гэтую стужку з усімі яе хібамі можна толькі зацятым фанатам серыі фільмаў і гульняў, якія з задавальненнем пабачаць знаёмыя лакацыі Цытадэлі, Свінцовай фермы, Газтаўна, а таксама Несмяротнага Джо і ягоную світу, мудрагелістыя машыны і прыстасаванні ў духу дызель-панку, і нават невялікае камеа самога Макса — фансэрвісу ў фільме багата.
У пракаце «Фурыёса» з трэскам правалілася, сабраўшы ў святочны ўікэнд $31 млн пры бюджэце ў $168 млн. Агульная каса мінулых выхадных у ЗША стала найгоршай за апошнія 30 гадоў.
Дэментусу Фурыёса прыгатавала незвычайнае, але сімвалічнае пакаранне. Кадр з фільма
Для астатніх гэта будзе кіно, якое па ўсіх параметрах не дацягвае да «Шалёнага Макса» і нічым не кампенсуе свае хібы, але досыць добра знятае, каб можна было заплюшчыць на гэта вочы і патраціць на яго адзін вечар.
Выйшаў серыял «Задача трох целаў» па творах найвядомейшага фантаста сучаснасці. Што ў ім?
Найлепшым фільмам Канскага кінафестывалю стала «Анора»
Жанчына, якая стала прататыпам сталкершы з «Аленяняці», прыстрашыла судом галоўнаму герою