У Гомелі кантралёрку заціснула ў дзвярах аўтобуса, а затым яна трапіла пад колы. Жанчына адсудзіла вялікую кампенсацыю
Суд стаў на бок кантралёркі.
10.05.2024 / 18:25
Інцыдэнт адбыўся ў пачатку года. Кантралёрка зайшла ў аўтобус, каб праверыць у пасажыраў праязныя дакументы. Пасля праверкі жанчына пачала выходзіць з аўтобуса, але гэтага не заўважыў кіроўца.
Ён зачыніў дзверы, у выніку чаго ў жанчыны ў дзвярах заціснула руку. Аўтобус адразу ж пачаў рух. Кантралёрка ўпала, а затым трапіла пад колы гэтага ж аўтобуса. З траўмамі рознай ступені цяжкасці жанчыну шпіталізавалі, піша «СБ».
Следства вызначыла, што вінаватым у сітуацыі стаў кіроўца, які груба парушыў ПДР — ён не паглядзеў у люстэрка задняга віду і не пераканаўся ў бяспецы руху, перш чым ад'ехаць ад прыпынку.
Кіроўца прызнаў віну і атрымаў два гады «хатняй хіміі» за парушэнне правіл дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, якія пацягнулі па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання. Акрамя таго, яго пазбавілі правоў кіроўцы на тры гады.
Таксама «Гомельаблаўтатранс» павінен будзе выплаціць кантралёрцы 18 тысяч рублёў кампенсацыі.
У Пецярбургу аўтобус з 20 пасажырамі зваліўся ў ваду. Ёсць загінулыя
Аўтобус, які перавозіў дзяцей, цалкам згарэў на трасе ў Дзяржынскім раёне
«Давялося ў Беларусь ехаць аўтобусам». У Польшчы ашуканцы крадуць нумарныя знакі з беларускіх аўто