«Вера кліча ахвяру». Лукашыстам моцна хочацца, каб на Блізкім Усходзе разгарэлася новая вайна

Вось што пісалі прапагандысты уначы на 14 красавіка, калі Іран атакаваў Ізраіль.

14.04.2024 / 17:36

Іранскія балістычныя ракеты, запушчаныя па Ізраілі, і Азаронак на смеццевым баку. Фоты: Anadolu / Contributor Getty Images, «Наша Ніва». Калаж: «Наша Ніва»

За начным нападам Ірана на Ізраіль сачыў увесь свет, і лукашэнкаўскія прапагандысты не сталі выключэннем. 

У агульнай сваёй масе іх рэакцыі былі поўныя захаплення, радасці і падтрымкі ў адносінах да Ірана. Знайшлося месца і злараднасці ў адносінах да Украіны ў сукупнасці з абвінавачваннямі ў адрас ЗША — стандартным, на думку прапаганды, «вінаватага» ў любых рэгіянальных і сусветных крызісах.

Былі нават тыя, хто на фоне іранскага нападу натхніўся ўцягнуць Беларусь у Трэцюю сусветную вайну.

«Трэба рыхтавацца і ўзбройвацца да зубоў»

Першым, хто моцна натхніўся ўступіць у новы глабальны канфлікт, стаў Рыгор Азаронак.

Прапагандыст актыўна асвятляў начную атаку Ірана, адначасова захапіўшыся іранскім «народным шчасцем і ахвярнасцю, якія многія не зразумеюць», а таксама заклікаўшы Беларусь «узбройвацца да зубоў» для новай сусветнай вайны, «дзе слабых чакае ганьба і смерць». 

Думкі Азаронка адразу падхапіў і падтрымаў малодшы салавейчык прапаганды Аляксей Дзермант. Ён дадаткова заклікаў умацоўваць ваенны саюз з Расіяй. 

Далей ідуць «Желтые сливы», якія згадалі Украіну і заадно прывялі новую расійскую метадычку, быццам пра яе забываюць на фоне іншых крызісаў у свеце. 

Гэты наратыў паўтарыў і лукашэнкаўска-расійскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик», заявіўшы, што «ЗША не так турбуюцца за Украіну, як за Ізраіль».

Да хвалі злараднасці далучыўся і прапагандыст Канстанцін Прыдыбайла, аднак накіраваў ён сваю агрэсію на зорак расійскага шоу-бізнесу і спевакоў, якія з'ехалі з Расіі з-за нязгоды з вайной супраць Украіны.

Нацыянальны бібліятэкар і дэпутат Вадзім Гігін таксама часу дарма не губляў і адразу знайшоў «галоўнага вінаватага» у канфлікце паміж Іранам і Ізраілем, а менавіта «ЗША і іх жаданне забяспечваць лідарства на Блізкім Усходзе».

Разам з гэтым Гігін прызнаўся, што амаль усю ноч сачыў за атакай Ірана на Ізраіль, і без іроніі паскардзіўся на «мноства фэйкаў з боку блогераў і журналістаў».

Мяркуючы па гэтых выказваннях, Маскве і лукашыстам моцна хацелася б, каб на Блізкім Усходзе разгарэлася новая вайна. Яны мяркуюць, што тады Захаду не хопіць сілаў абараняць Ізраіль і Украіну адначасова. І больш за тое, Масква і Мінск стрыглі б адзіныя свае купоны — нафтавыя. Аднак лёгкасць, з якой Ізраіль адбіў самую магутную атаку дронаў у гісторыі, паказвае, што гэта такія ж, ужывём тут выраз, выкарыстаны Пуціным, «вільготныя», хоць і крыважэрныя мары, як захоп Украіны за тры дні.

Чытайце таксама:

«Маскі знятыя». У Ізраілі адрэагавалі на калонку ў «Мінскай праўдзе»

Ізраільскія СМІ звярнулі ўвагу на «Жоўтыя злівы»

Беларуская прапаганда ўкінула ідэю, што ізраільцянаў хочуць перасяліць ва Украіну

Лукашэнкаўцы называюць фоты забітых ХАМАС дзяцей фэйкам, даказваюць гэта згенераваным шчанюком

Марк Рыхтэр