Віцебскі архіепіскап атрымаў беларускае грамадзянства і падарыў начальніку міліцыі кнігу пра ахвяру рэпрэсій
Праваслаўны архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый праз 32 гады пасля заступлення на гэтую пасаду атрымаў беларускае грамадзянства. Пашпарт святару ўручыў асабіста начальнік Віцебскай міліцыі генерал-маёр Андрэй Любімаў.
11.04.2024 / 22:24
Фота: Віцебская міліцыя
Цікава, што архіепіскап Дзмітрый узначальвае кафедру на працягу ўсёй суверэннай гісторыі Беларусі. Ён стаў епіскапам Полацкім і Віцебскім яшчэ ў 1989 годзе, а ў 1992-м узначаліў асобна выдзеленую Віцебскую кафедру. Тым не менш, увесь гэты час адзін з вядучых іерархаў БПЦ заставаўся без грамадзянства краіны, у якой служыць. Дарэчы, паводле новага закона ўзначальваць рэлігійныя арганізацыі ў Беларусі могуць толькі грамадзяне краіны.
Будучы архіепіскап, свецкае імя якога Мікалай Драздоў, нарадзіўся ў Бабруйску. Аднак пасля службы ў Савецкай арміі паступіў у семінарыю ў Маскве і да 1989 года жыў у Троіца-Сергіевай лаўры пад Масквой. Дзеля таго і меў расійскае грамадзянства. Начальнік Віцебскай міліцыі назваў уручэнне архіепіскапу беларускага пашпарта «аднаўленнем гістарычнай справядлівасці».
Святар, у сваю чаргу, падарыў Любімаву кнігу пра Уладзіміра Елянеўскага, назваўшы яго «нябачным абаронцам усіх міліцыянераў Віцебшчыны». Уладзімір Елянеўскі працаваў судовым следчым у Віцебску яшчэ пры цары. У 1922 годзе бальшавікі адправілі яго ў турму з забаронай працаваць у органах. Пасля вызвалення ён прымаў актыўны ўдзел у жыцці мясцовай праваслаўнай абшчыны, аказваў ёй юрыдычную падтрымку.
У 1931 годзе Елянеўскага зноў арыштавалі — прычым па ілжывым абвінавачванні ў «падбухторванні да масавых хваляванняў» і «антысавецкую агітацыю». З высылкі ён вярнуўся інвалідам. У 2007 годзе Сінод БПЦ уключыў спаведніка Уладзіміра Елянеўскага ў Сабор Беларускіх святых.
Такім чынам, «нябачным абаронцам беларускіх міліцыянераў» арцыбіскуп назваў таго, каго самога пры жыцці міліцыя несправядліва пераследавала па надуманых абвінавачваннях.
Святарам РПЦ загадалі штодня чытаць малітвы аб перамозе ў вайне
Як былы хіпі стаў на чале манастыра. Гісторыя адыёзнага святара Андрэя Лемяшонка
Як Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр ператварыўся ў сапраўдны бізнэс-холдынг
Рускі народны сабор на чале з патрыярхам Кірылам абвясціў вайну з Украінай «свяшчэннай»