«Для кагосьці гэта свята». Беларусы абмяркоўваюць закон Марыі Васілевіч
У ролі дэпутаткі Марыя Васілевіч распрацоўвала законапраект «Аб адказным абыходжанні з жывёламі». Напрыканцы сакавіка сенатары яго адобрылі. Каб закон набыў моц, неабходны подпіс Лукашэнкі. У тыктоку ўжо ідуць актыўныя дыскусіі.
01.04.2024 / 11:02
Марыя Васілевіч. Фота: БелТА
Блогерка пад нікам Sviatlana_zoopravo_by узрадавалася таму, што законапраект ухвалены. Асабліва ёй спадабаўся той момант, што плануюць ліквідаваць абмежавальную норму, згодна з якой у адной кватэры можна было трымаць максімум двух катоў ці сабак (ці ката і сабаку).
— Гэтае абмежаванне існавала з 2001 года. У мяне кватэра 120 квадратных метраў, пяціпакаёвая. Я там магла трымаць толькі дзвюх котак. Гэта супярэчыць Грамадзянскаму кодэксу, таму што згодна з ім на жывёл распаўсюджваюцца правы як на маёмасць. Ты можаш трымаць колькі хочаш футраў — у цябе іх ніхто не адбярэ. А вось сваю маёмасць у выглядзе катоў і сабак ты можаш трымаць толькі ў колькасці дзвюх штук.
Жанчына скардзіцца, што да яе прыходзілі супрацоўнікі ЖЭС, пералічвалі жывёл, пісалі пратаколы.
— На сёння глава 6 артыкул 25 — «Утрыманне хатніх жывёл-кампаньёнаў» — абмежаванне колькасці знята. Для кагосьці гэта свята, для кагосьці — як для майго суседа Вовы, які пару гадоў таму набыў кватэру пада мной на 6 паверсе і піша няспынныя скаргі.
Блогерка ўдакладняе, што ў той самай главе пазначана, што ёсць шэраг патрабаванняў да ўтрымання жылых памяшканняў — санітарныя, ветэрынарныя, гігіенічныя нормы.
— Таму супрацоўнікі ЖЭС зараз будуць прыходзіць, калі сусед Вова пажаліцца на антысанітарыю, не каб пералічыць коцікаў, а каб знайсці антысанітарыю. Будуць складаць пратаколы, калі яе знойдуць, і адпраўляць матэрыялы ў суд.
Відэа набрала больш за 850 тысяч праглядаў і 1300 каментарыяў. Адна жанчына падзялілася тым, як трапіла ў непрыемную сітуацыю праз тыя самыя абмежаванні колькасці жывёл у кватэры: «У мяне трохпакаёвая, 4 каты. Сантэхнік стукануў, дашлі, прадпісанне вынеслі, на гэтым усё. Але мае суседзі на ўсялякі выпадак запісалі «лішніх» на сябе. Мне з суседзямі пашанцавала!».
Меркаванні прадказальна падзяліліся прыкладна 50 на 50. Аматары жывёл радаваліся таму, што змогуць больш не перажываць з-за колькасці гадаванцаў дома. Хтосьці нават пажартаваў: «Дзякуй Богу, а то ў мяне два каты і сабака. Думалі кідаць жэрабя, хто на Гурскага паедзе».
Нехта не разумеў, навошта трымаць у кватэры нават двух сабак. Іншыя ў адказ пыталіся, навошта шматдзетныя сем'і нараджаюць па пяць дзяцей.
Шмат хто абураўся праз тое, што не ўсе сабачнікі прыбіраюць за сваімі гадаванцамі. У адказ блогерка запісала відэа, у якім паказвае, колькі смецця пад вокнамі яе дома — ад цыгарэт і скарыстаных прэзерватываў да бутэлек, — і, вядома ж, зрабілі гэта не жывёлы.
З’явіліся ў каментарыях і людзі, якія называюць сябе суседзямі блогеркі: яны сцвярджаюць, што разам з тым самым Вовам, пра якога ідзе гаворка ў відэа, маглі б распавесці шмат чаго пра жанчыну.
Добра, што ў каментарыях у тыктоку немагчыма пабіцца, бо градус агрэсіі зашкальваў.
Чытайце таксама:
Марыя Васілевіч не вызначылася, чым будзе займацца пасля сыходу з парламента
Колькі зарабляюць лукашэнкаўcкія дэпутаты ў правінцыі? Іх даходам пазайздросцяць многія