Арабскі свет не хоча дапамагаць агенцтву ААН, чые супрацоўнікі забівалі і выкрадалі ізраільцян
Выданне The Wall Street Journal паведамляе, што арабскія краіны адмаўляюцца замяшчаць фінансаванне агенцтву ААН па дапамозе палесцінскім бежанцам (UNRWA, ці БАДАР), чые супрацоўнікі ўдзельнічалі ў нападзе на Ізраіль. Паступленне грошай раней спынілі многія краіны Захаду.
31.03.2024 / 23:47
Палесцінская жанчына з шалікам з эмблемай ХАМАС на фоне офіса Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ (UNRWA, ці БАДАР). Фота: Khalil Hamra / AP
«Пасля таго, як многія краіны Захаду замарозілі фінансаванне агенцтва БАДАР з-за масавай уцягнутасці яе супрацоўнікаў у тэрарыстычную дзейнасць, арганізацыя спадзявалася, што яе выратуе арабскі свет, аднак гэтага не адбылося», — піша The Wall Street Journal са спасылкай на свае крыніцы.
Крыніцы выдання паведамляюць, што арабскія краіны «не хочуць і не могуць» цалкам замясціць страчанае заходняе фінансаванне БАДАР, большая частка якога паступала ад ЗША.
Грошай у арганізацыі з улікам невялікай дапамогі ад арабскіх краін застаецца толькі да мая, заяўляюць прадстаўнікі БАДАР.
«Арабскія донары выдзяляюць роўна столькі, колькі неабходна для простага выжывання БАДАР. Арабскія фундатары жадаюць большай празрыстасці пры размеркаванні сродкаў арганізацыяй, а таксама чакаюць, чым скончыцца аперацыя Ізраіля і якой будзе будучыня Газы.
Ніхто не можа цалкам замясціць страчанае фінансаванне ЗША, якія толькі ў мінулым годзе вылучылі на БАДАР больш за 422 мільёны даляраў», — адзначае The Wall Street Journal.
У БАДАР, як заяўляюць яго прадстаўнікі, таксама спадзяюцца на дапамогу Еўрасаюза, які нядаўна пагадзіўся прафінансаваць арганізацыю на 54 мільёны даляраў пры ўмове кантролю з боку экспертаў ЕС над размеркаваннем вылучаных сродкаў.
***
Нагадаем, што выяўленне афіцыйным расследаваннем у Ізраілі фактаў удзелу супрацоўнікаў БАДАР у нападзе на краіну выклікала вялікі і сур'ёзны скандал вакол ААН. У тэрарыстычнай дзейнасці былі заўважаныя больш за 190 супрацоўнікаў БАДАР.
Такія краіны, як ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Швейцарыя, Францыя, Германія, Італія, Фінляндыя, Нідэрланды, Японія і Аўстралія цалкам спынілі фінансаванне БАДАР, што пагражае арганізацыі калапсам.
У адказ на выстаўленыя абвінавачванні кіраўніцтва БАДАР адразу абвясціла, што разрывае кантракты з супрацоўнікамі, якія ўдзельнічалі ў нападзе. Пры гэтым яно адзначыла, што «шакаванае масавым прыпыненнем фінансавання ўсёй арганізацыі толькі з-за дзеянняў некаторых яе членаў».
На думку БАДАР, яе фінансавы байкот можа прывесці да непапраўных ахвяр сярод палесцінскага мірнага насельніцтва ва ўмовах ваеннай аперацыі Ізраіля ў Газе. Арганізацыя заявіла, што спрабуе забяспечыць гуманітарнай дапамогай прыкладна 1,7 мільёна палесцінцаў — амаль тры чвэрці насельніцтва ўсёй Газы.
Чытайце таксама:
Як выглядаюць тунэлі ХАМАСа — глыбіня да 50 метраў, можна ездзіць на аўто ФОТЫ
Хусіты «дапамаглі» Беларусі і Расіі з транзітам грузаў у Еўропу