У Празе ўрачыста адкрылі памятны знак на месцы друкарні Скарыны
У цырымоніі прыняла ўдзел Святлана Ціханоўская. Прама на месцы быў прадэманстраваны «друкарскі сакрэт» памятнага знака.
24.03.2024 / 20:06
Стварэнне друкарскага адбітку з памятнага знака. Фота: Радыё Свабода
Знак ў бруку тратуара Старамесцкай плошчы ўстанавілі яшчэ ў маі 2023 года. Ён спалучае ў сабе сігнет Скарыны — прамяністае Сонца з прытуленым маладзіком — з лацінскім надпісам «Domvs Severini. Institoris» (Дом купца Севярына).
Ідэя ўстаноўкі знака, як і яго канцэпцыя належаць славісту і скарыназнаўцу Іллі Лямешкіну, дацэнту Карлавага ўніверсітэта. Ён з 2017 года займаецца асобай Скарыны і зрабіў шэраг важных адкрыццяў. Як мы ўжо пісалі, Лямешкін з Пятром Войтам выявілі, што на адзіным вядомым партрэце друкара няма ніякіх вусоў, толькі цень ад носа.
Таксама Лямешкін ідэнтыфікаваў месца, на якім, імаверна, стаяў дом, друкарню ў якім Скарына арандаваў у 1517-1519 гадах.
Друкарня была заснаваная Скарынам пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава. У Празе Скарына надрукаваў у 1517-1519 гадах 23 кнігі Старога Запавету. На думку Лямешкіна, гэта было зроблена ў доме купца Севярына на сённяшняй Мікулашскай вуліцы, якая адыходзіла ад касцёла Святога Мікулаша. Будынак, дзе месцілася друкарня, быў знесены, і ў 1838-1848 гадах на яго месцы пабудавалі неагатычнае крыло Старамесцкай ратушы.
Частка плана Прагі 1816 года, зробленага Ёзэфам Ютнерам. Чырвонай стрэлкай пазначана месца, дзе знаходзілася друкарня Севярына
У час Пражскага паўстання ў 1945 годзе ратуша згарэла, пасля таго як 8 мая, за некалькі гадзін да падпісання капітуляцыі, нямецкія войскі абстралялі яе. Руіны знеслі пасля вайны. Яшчэ пры нацыстах з’яўляліся праекты перабудовы гэтага квартала па тагачаснай модзе, мноства мадэрнісцкіх праектаў прапанавалі ў пасляваеннай камуністычнай Чэхаславакіі, але ніводны з іх не быў рэалізаваны — тут узнік сквер, рэдкі зялёны куточак у шчыльнай старой пражскай забудове, раскрыты ў бок Старамесцкай плошчы.
Выгляд знака на меркаваным месцы пражскай друкарні Скарыны
Ідэя ўсталяваць тут знак з'явілася ў 2020 годзе, але да рэалізацыі справа дайшла толькі цяпер. Фінансавую падтрымку аказаў зусім не беларускі бок, як можна было б чакаць, а Літва. Якраз літоўскае пасольства ў Празе вяло перамовы з гарадскімі ўладамі і было галоўным рухавіком працэсу. Падтрымаў таксама Польскі інстытут у Празе, далучаўся і Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэхіі.
Мастацкае рашэнне знака выканаў чэшскі мастак і ілюстратар Іржы Алтман (Jiří Altmann). Але ўсе элементы на знаку маюць незвычайны люстраны выгляд.
Аўтары тлумачаць, што гэта было зроблена наўмысна, як перайманне друкарскай літары (littera), адмысловага проставугольнага бруска з рэльефнай люстраной выявай, якая пасля адбівалася на паперы. Такі ж адбітак можна атрымаць і ад новага знака, калі нанесці на яго фарбу і прыкласці аркуш.
Сігнет Скарыны з выявай сонца і маладзіка з тытульнага аркуша Бібліі, выдадзенай у 1517 годзе.
Дарэчы знак, як можна зразумець з надпісу, прысвечаны не толькі Скарыну, бо, магчыма, у тым жа доме Севярына ў 1488 годзе была выдадзена першая друкаваная Біблія на славянскай мове — Пражская Біблія.
Гэта далёка не адзіны напамін, які маецца пра беларускага першадрукара ў Празе.
На суседняй вуліцы, на сцяне ў дворыку Клеменцінума, у 1996 годзе ўсталявалі мемарыяльную дошку ў ягоны гонар, хоць гэтае месца ніяк не звязанае з дзейнасцю друкара.
У тым жа годзе ў скверы на Градчанах паставілі поўнафігурны помнік Францыску Скарыну: некалькі гадоў пасля вяртання ў Прагу былы друкар па запрашэнні караля Фердынанда I працаваў батанікам у садзе, разбітым непадалёк.
Чытайце таксама:
У новы медаль Францыска Скарыны закралася старая памылка
Як Францыск Скарына стаў Георгіем. Гістарычная памылка на службе імперыялізму