Як гэта — працаваць на боса пакалення Z? Гэта зусім іншы тып начальніка
Назіранні за працай першых менеджараў новага пакалення сведчаць пра тое, што працоўнае асяроддзе стане менш іерархічным, больш нефармальным і значна больш арыентаваным на ўвагу да псіхічнага здароўя, піша Wall Street Journal.
18.03.2024 / 11:37
Фота: Pixabay
Пакаленне Z, або зумеры — гэта людзі, якія нарадзіліся ў 1997-м і пазней (на працы гэта калегі, якім менш за 30 гадоў). Гэта першае пакаленне, якое не заспела жыцця без інтэрнэту і сацсетак, а таму віртуальнасць для іх — неад’емная частка рэальнасці.
Матэрыяльныя выгоды не ёсць самамэтай, галоўнае для іх — самарэалізацыя, цікавасць да працы і прыязныя адносіны ў калектыве. У працы зумеры могуць прапаноўваць нестандартныя і цікавыя рашэнні, але ў камунікацыі да прадстаўнікоў гэтага пакалення яшчэ трэба знайсці падыход.
Некалі інтэрнэт абмяркоўваў, ці добрыя з зумераў работнікі, але сёння яны ўжо не толькі работнікі, але і кіраўнікі. Цяпер у іх ёсць магчымасць уплываць на працоўнае асяроддзе, бо яны самі пачынаюць уваходзіць у шэрагі кіраўніцтва. Хоць пакуль гэта не вельмі вялікі адсотак, з кожным годам колькасць маладых босаў павялічваецца. Так што будзьце гатовыя да таго, што хутка ў кіраўніцтва прыйдзе новы тып менеджараў.
Працаваць з зумерамі — гэта выклік
Даследаванні паказваюць, што працаваць з работнікамі пакалення Z можа быць няпроста: збольшага праз адсутнасць у іх патрэбных навыкаў, а таксама матывацыі.
У амерыканскім апытанні ResumeBuilder, падчас якога адказы давалі менеджары па найме, 58% сказалі, што зумеры непрыстойна апраналіся, 57% — што прадстаўнікам маладога пакалення цяжка глядзець чалавеку ў вочы, а 47% паведамілі, што зумеры прасілі неабгрунтаваную грашовую кампенсацыю.
Але гэта слабыя бакі, што бачаць работнікі сталага веку. І тое, што здаецца ім праявай безадказнасці, іншыя бачаць як прыкметы патэнцыйных лідарскіх якасцяў.
«Рэч не ў тым, што яны не хочуць працаваць, — кажа 64-гадовы Скот дэ Лонг, які кансультуе кіраўнікоў на тэму, як кіраваць маладымі камандамі. — Яны не хочуць працаваць на людзей, якія ставяцца да іх так, як ставіліся да нас, калі раслі мы».
Часам гэта выліваецца ў жаданне пераадолець іерархію, дрэс-код і субардынацыю.
У дадатак да гэтага пакаленне Z адкрыта зрабіла клопат пра псіхічнае здароўе важнай часткай свайго жыцця: вялікі адсотак зумераў паведамляюць, што праходзілі тэрапію ў псіхолагаў — і гэты адсотак значна большы, чым сярод бэбі-бумераў і міленіялаў. Прычым пра атрыманне псіхалагічнай дапамогі паведамляюць аднолькава прадстаўнікі і мужчынскага, і жаночага полу.
Красоўкі на дзелавыя спатканні і смайлікі ў працоўных перапісках
Уяўленне пра ваша сапраўднае «я» і ваша прафесійнае «я» як пра дзве асобныя ідэнтычнасці ўжо састарэла. Сёння праца і асабістае жыццё плаўна пераходзяць адно ў другое: таму няма нічога незвычайнага ў тым, што супрацоўнікі прыязджаюць на працу ў красоўках і спартыўным адзенні, а таксама свабодна і адкрыта лаюцца ў офісе. У дадатак яны вельмі часта выкарыстоўваюць эмодзі ў адказ на паведамленні ў месенджарах.
Даследчыкі кажуць, што ўсё гэта ёсць адметнай рысай пакалення Z, якое дэманструе высокі эмацыйны інтэлект і не баіцца самааналізу.
Паводле справаздачы, апублікаванай летась кампаніяй Deloitte, работнікі пакалення Z лічаць эмпатыю другой па важнасці рысай свайго боса. А менеджары, якія імі кіруюць, ставяць яе на пятае месца.
У пошуках эмацыйнага балансу
Многія кіраўнікі пакалення Z наведваюць разнастайныя трэнінгі і рэтрыты, каб даведацца больш пра свае моцныя і слабыя бакі як менеджара. Для гэтага ім даводзіцца ставіць перад сабой пытанні кшталту: «Як я праяўляюся?» або «Ці бяру я на сябе адказнасць за свае рашэнні і дзеянні?»
Таксама маладыя кіраўнікі падзяляюць думку, што кіраваць рознымі людзьмі — значыць разумець іх унікальныя стылі працы і спосабы зносін.
Будаваць працу трэба ў адпаведнасці з гэтымі асаблівасцямі — замест таго, каб прымушаць людзей прытрымлівацца жорсткіх стандартаў, якія, магчыма, не пасуюць падначаленым.
Часам, калі каманда не можа здаць праект у тэрмін, праблема можа быць не ў недахопе здольнасцяў супрацоўнікаў, а ў стылі кіравання. Лепш даведацца пра супрацоўнікаў больш: камусьці з іх зручна працаваць аддалена, а камусьці патрэбна праца ў офісе і шмат камунікацыі, некага трэба ўвесь час падбадзёрваць, а кагосьці — наадварот, лішні раз не чапаць. Урэшце рэшт, калі даць кожнаму супрацоўніку ўмовы, патрэбныя яму для выканання працы найлепшым чынам, гэта станоўча паўплывае на якасць працы ўсёй каманды ў цэлым.
Чытайце таксама:
Ëсць выпадкі, калі псіхатэрапія не мае сэнсу. А ёсць і выпадкі, калі псіхолаг зробіць толькі горш
Знакамітую амерыканскую актрысу моцна крытыкуюць за словы пра зумераў
Чаму менеджары-міленіялы выгараюць на працы хутчэй за іншых?