Усяго патроху11

Спагада — галоўны сакрэт паспяховага лідарства

Калі вас спытаюць, якія рысы характарызуюць добрага лідара, то першае, што можа прыйсці да галавы, — гэта рацыянальнасць, вытрымка і напор. Між тым апошнія даследаванні псіхолагаў паказалі штосьці нечаканае.

Фота: vecteezy

Паводле розных даследаванняў, эмпатыя павышае здольнасць супрацоўнікаў да інавацый і з’яўляецца стымулам да лепшага выканання пастаўленых задач, паведамляе Forbes. Апроч гэтага эмпатыя спрыяе лепшаму балансу між працай і жыццём і, нарэшце, матывуе супрацоўнікаў заставацца ў кампаніі.

Эмпатыя азначае станоўчыя вынікі для кампаніі і для супрацоўнікаў

Прычына, з якой эмпатыя такая неабходная, палягае ў тым, што людзі адчуваюць вялізную палітру розных відаў стрэсу. Калі мы перажываем цяжкія часы, змагаемся з выгараннем або не даем рады знайсці шчасце на нецікавай працы, эмпатыя можа быць магутным проціяддзем і спрыяць пазітыўным уражанням для асобных людзей і камандаў. Напрыклад, адно даследаванне, у якім удзельнічалі 889 чалавек, паказала, што эмпатыя мае некаторыя значныя канструктыўныя эфекты:

  • Наватарства: супрацоўнікі, якія лічылі сваіх лідараў эмпатычнымі, часцей паведамлялі пра здольнасць быць інавацыйнымі (61% супрацоўнікаў у параўнанні з толькі 13% супрацоўнікаў з менш спагадлівымі лідарамі).
  • Уцягнутасць: 76% людзей, якія адчувалі эмпатыю з боку сваіх лідараў, паведамілі пра сваю заангажаванасць, у параўнанні з толькі 32%, якія адчувалі меншае суперажыванне.
  • Матывацыя заставацца ў кампаніі: 57% белых жанчын і 62% каляровых жанчын сказалі, што наўрад ці падумаюць пакінуць свае кампаніі, калі будуць адчуваць, што іх жыццёвыя абставіны паважаюць і цэняць у кампаніі. Аднак, калі яны не адчувалі такога ўзроўню каштоўнасці або павагі да сваіх жыццёвых абставінаў, толькі 14% і 30% белых і каляровых жанчын адпаведна сказалі, што наўрад ці падумаюць аб сыходзе.
  • Інклюзіўнасць: 50% людзей з эмпатычнымі кіраўнікамі паведамілі, што іх працоўныя месцы інклюзіўныя, у параўнанні з толькі 17% людзей з менш эмпатычным кіраўніцтвам.
  • Баланс працы і жыцця: 86% супрацоўнікаў з эмпатычнымі лідарамі адзначылі, што яны здольныя спраўляцца з выклікамі сваёй працы і жыцця, паспяхова спалучаючы асабістыя, сямейныя і працоўныя абавязкі. Гэта ў параўнанні з 60% тых, хто адчуваў менш эмпатыі.

Супрацоўніцтва таксама з'яўляецца важным фактарам, асабліва калі размова ідзе пра кааперацыю паміж калегамі. Згодна з даследаваннем, апублікаваным у Evolutionary Biology, калі эмпатыя была ўведзена ў працэс прыняцця рашэнняў, гэта павялічыла кааперацыю і нават прымусіла людзей быць больш спагадлівымі. То-бок пачатковая эмпатыя сама па сабе спрыяла яшчэ большай эмпатыі.

Дык што ж перашкаджае распаўсюджванню большай колькасці добрых рэчаў сярод сярэднестатыстычнага кіраўніцтва кампаній? Што спрыяе распаўсюду зманаў і стэрэатыпаў пра эфектыўнасць «моцнай рукі»? Разабрацца з гэтым спрабуе Джулія Мілнер, прафесарка лідарства з бізнэс-школы EDHEC, пра што піша The Conversation.

Тыповыя памылкі мыслення

Эмпатыя была адным з дзевяці асноўных навыкаў, якія каманда спадарыні Мілнер разглядала ў сваёй апошняй працы аб эфектыўным лідарстве. Як выявілася, менеджары ацанілі праяву эмпатыі як найбольш складаны камунікатыўны навык — больш складаны, чым, напрыклад, пастаноўка пытанняў і зваротная сувязь.

Здаецца, гэтая тэндэнцыя звязана з шэрагам памылак «старой школы», якія ўключаюць:

  • Падыход «усё або нічога»: «Калі я праяўлю крыху суперажывання, перада мной будуць супрацоўнікі, якія ўвесь час плачуць».
  • Памылковае чаканне нябеснай узнагароды: «Калі я выказваю сваю эмпатыю, я чакаю, што мяне за гэта ўзнагародзяць, таму іншы чалавек мне нешта вінен; і калі я не атрымліваю таго ж наўзамен, гэта сведчыць пра тое, што я марную час».
  • Імпліцытны (невыяўны) стэрэатып: «Лідары, якія праяўляюць эмпатыю, — слабыя; таму мне лепш выглядаць моцным і жорсткім».

Праўда ж наколькі простая, настолькі і справядлівая: моцны лідар — гэта эмпатычны лідар. Чалавек ні ў якім разе не з’яўляецца «слабым», калі клапоціцца пра іншых.

Выклік дыстанцыйнай працы

Яшчэ адной меркаванай перашкодай для эмпатыі была культура дыстанцыйнай працы. Кіраўнікі адзначылі, што віртуальнае ўзаемадзеянне — няхай гэта будзе праз відэа-канферэнцыі ці электронную пошту — пазбаўляе іх важных сігналаў асабістай камунікацыі, такіх як мова цела.

Аднак шараговыя супрацоўнікі, відаць, не вераць, што дыстанцыйная праца па сваёй сутнасці вядзе да чэрствых паводзін. Наадварот, некаторыя супрацоўнікі аддавалі перавагу электронным лістам на той падставе, што ліставанне давала ім час падумаць, а не рэагаваць адразу і часам імпульсіўна.

Такім чынам, кіраўнікам, якія ў сваіх жорсткіх паводзінах вінавацяць аддаленую працу, варта паразважаць над тым, ці не перашкаджаюць іх эмпатыі кагнітыўныя скажэнні ці стэрэатыпы, пералічаныя вышэй.

Больш за тое, ёсць крокі, якія дапамогуць праяўленню пазітыўных эмоцый і пры віртуальнай камунікацыі. Памятайце: важна не тое, што вы кажаце, а тое, як вы гэта кажаце. Так, спадарыня Мілнер заўважыла адну цікавую рэч: падчас відэазванкоў удзельнікі часта думаюць, што яны могуць забыць сваю ўласную міміку. У той жа час некаторыя менеджары настолькі засяроджаныя на тым, як яны сябе падаюць, што глядзяць на ўласную выяву і губляюць увагу, каб слухаць.

Тут важна знайсці правільны баланс і прызвычаіцца да віртуальнага праяўлення эмпатыі. Менеджары таксама не павінны забываць пра свой голас, асабліва падчас відэазванкоў. Важнасць голасу падчас відэаканферэнцыі ўзрастае, калі яе ўдзельнікі робяць некалькі спраў адначасова, слухаючы і не абавязкова ўвесь час гледзячы на ​​вас. Такім чынам прыкметы хвалявання або стрэсу ў голасе (або нават адсутнасць зваротнай сувязі і мажлівасці для супрацоўнікаў задаваць пытанні) будуць пасылаць сігналы адсутнасці эмпатыі.

Умацуйце цягліцу эмпатыі

Каб абысці ўсе гэтыя перашкоды, спадарыня Мілнер прапануе некалькі парад, як пачаць праяўляць эмпатыю:

  • Пры кожным узаемадзеянні заўсёды памятайце, што трэба слухаць, задаваць пытанні і паказваць, што вы зразумелі сказанае, не скочваючыся пры гэтым у штучную камунікацыю. Гэта ўмацуе вашу эмпатычную «цягліцу» праз навучанне і вопыт.
  • Запісвайце відэа ў часе штодзённага ўзаемадзеяння. Нават калі першапачаткова дзіўна бачыць сябе на відэа або аналізаваць дэталі асабістай камунікацыі, гэтыя разборы могуць дапамагчы выявіць пэўныя памылкі.
  • Паспрабуйце знайсці чалавека, вядомага сваёй эмпатыяй. Назірайце і задавайце пытанні, каб стаць лепей.

Ігнараванне эмоцый на працы не спрыяе фарміраванню прадуктыўнага асяроддзя. Прыйшоў час прызнаць эмпатыю важным лідарскім навыкам, якім яна фактычна і з'яўляецца.

Каментары1

  • Туфта
    05.01.2024
    Вас ўвялі ў зман. Лідар - гэта той, які бярэ на сябе адказнасць за агульную справу і за людзей, якія ідуць за ім. Менавіта таму ў нас лідараў і няма

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта7

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта

Усе навіны →
Усе навіны

Борыс Джонсан расказаў, у чым змест мірнага плана Дональда Трампа па Украіне7

Лукашэнка: Мы «кінулі якар» у Расіі і Кітаі, але трэба знаходзіць шляхі супрацоўніцтва і з ЕС4

«У Беларусь Крыгер заехаў турыстам». З'явіліся новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу12

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы назваў тры ўмовы нармалізацыі адносін з Мінскам9

За «абразу прадстаўніка ўлады» мастачцы з Полацка прызначылі прымусовае лячэнне. Яна вярнулася з Польшчы3

«З лёгкім ветрам» і «Нарэшце, бро» — што пішуць Байдэну ў твітары

Стрыжак расказаў, ці ўзяў бы мільён даляраў ад Чыжа6

У Беларусі з'явіцца нацыянальны відэахостынг — видео.бел 10

Джэй Ло перастала насіць заручальны пярсцёнак. Канец гісторыі кахання

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта7

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта

Галоўнае
Усе навіны →