Бандарэнка адказаў Вользе Лойка: Трэба не здымацца ў прапагандысцкіх праграмах, а супраціўляцца
Экс-палітвязень, сябар назіральнай рады фонда «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка ўступіў у завочную дыскусію з другой былой палітзняволенай, журналісткай Вольгай Лойка.
06.03.2024 / 09:40
Дзмітрый Бандарэнка. Фота: асабісты альбом Дзмітрыя Бандарэнкі
«Трэба супраціўляцца, не выязджаць, не ламацца, колькі ў цябе ёсць сіл. Кожны зэк, кожны чалавек сам вырашае, якія ў яго ёсць формы і спосабы барацьбы, мы пакідаем за ім гэта. Аднак трэба максімальна трымацца, — заявіў ён у інтэрв'ю «Маланцы». —
Вось так проста, як цяпер ідуць размовы, гэтая дзяўчына Вольга Лойка з Tut.by: «Ой, трэба адразу на ўсё пагаджацца, здымацца ў гэтых прапагандысцкіх праграмах»… Не! Трэба супраціўляцца. Таму што ёсць звышлюдзі, такія як Мікалай Статкевіч, як Павел Севярынец, як Паліна Шарэнда-Панасюк, якія выбралі самы цяжкі шлях — супраціў.
Чытайце таксама: Вольга Лойка расказала, як здымалася для прапагандысцкага фільма пра Tut.by
Калі мы ідзём у барацьбу ці нават у журналістыку ў дыктатарскай краіне з думкай, што «калі мяне арыштуюць, я ўсё падпішу адразу, зламаюся і хуценька выйду».
Не! Па-першае, ты можаш усё гэта зрабіць, а цябе не выпусцяць. Вось і што тады, на што табе разлічваць? Таму трэба максімальна ўпірацца, трэба быць беларусамі ў гэтым плане, партызанамі, дзе трэба — хітрыць, дзе трэба — праспяваць, а дзе трэба — быць вельмі стойкім і нават агрэсіўным.
— Адна з фішак лукашэнкаўскага рэжыму, яго рэпрэсіўнай машыны, — гэта пакаянныя відэа. Ці правільна казаць, што людзей, якіх здымаюць для гэтых пакаянных відэа, зламалі?
— Не хацеў бы апускацца ў гэтыя нюансы. Калісьці ў мяне была дыскусія з журналістам Алегам Груздзіловічам, ён напісаў кнігу пра Кавалёва і Канавалава, пра тых людзей, якіх абвінавацілі ў выбуху ў мінскім метро ў 2011 годзе.
І ён кажа: «Але яны ж прызналіся, іх жа не білі». Я кажу: «Алег, ты наіўны. Таму што нават калі мяне вадзілі на допыт, мне рукі ў кайданках падымалі, яшчэ парачку раз маглі па дарозе стукнуць галавой аб сцяну, не з усяго размаху, але адчувальна». Калі ты прыходзіш у пакой, ты не ведаеш, што там будзе адбывацца, як. Кагосьці б'юць перад запісам відэа, рознымі спосабамі, вельмі сур'ёзна. Тут, сапраўды, не даводзіцца асуджаць гэтых людзей.
Чытайце таксама:
Дзмітрый Бандарэнка: Асэнсаваў сябе афіцэрам беларускага супраціву
Вольга Лойка: Хто мог бы весці перамовы па палітвязнях? Трэба шукаць выхад на ўмоўнага Абрамовіча