«Праціраю дзвярную ручку, бо яе могуць намазаць атрутаю». Пагаварылі з гомельскім псіхолагам, кватэру якой разграмілі сілавікі

«У краіне арудуюць бандыты, і такія ў іх метады ціску», — каментуе выхадку сілавікоў псіхолаг з Гомеля Ала Марціновіч. З-за пратэснай актыўнасці яна з'ехала з Беларусі яшчэ ў жніўні 2021 года. Дачка актывісткі таксама пабывала за кратамі.

03.03.2024 / 10:40

Ала Марціновіч. Фота: архіў Алы Марціновіч

«Помсцяць, але дацягнуцца не могуць» 

Супраць 49-гадовай Алы Марціновіч распачата крымінальная справа за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім». Жанчына вядзе ютуб-канал, дзе выступае з антываеннымі пасланнямі.

Пра разгром кватэры яна дазналася з публікацый незалежных медыя. Экіпіраваныя сілавікі пакінулі ў яе хаце вэрхал. Праўладныя тэлеграм-каналы пахваліліся тым, як сілавікі распраўляліся з рэчамі белага і чырвонага колераў.

Марціновіч кажа, што ў яе цудоўная кватэра. Да пагрому ў ёй было прыбрана, і кожная рэч інтэр'еру займала сваё прадуманае месца. Гаспадыня звяртае ўвагу, з якой агрэсіяй і злосным вар’яцтвам сілавікі выконвалі загад, дэманстратыўна раскідваючы ўсё ў хаце.

«Відаць, для іх я ўяўляю пагрозу і гэтак мне помсцяць, але не могуць дацягнуцца. Гэта іх узровень. Беларусь захопленая крымінальнай уладаю. У краіне арудуюць бандыты, і такія ў іх метады ціску. Яны шукаюць нашы слабыя месцы», — выказваецца Марціновіч.

У кватэры Алы Марціновіч да і пасля ўварвання сілавікоў. Скрыны відэа

Ала ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года. Таму пагром кватэры не стаў для яе нечаканасцю, але яна здзівілася, што аказалася сярод больш вядомых актывістаў, з якімі лукашэнкаўцы паступілі гэтак жа. 

Раней ГУБАЗіК хваліўся, як разграміў кватэры Вадзіма Пракопʼева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец, прэс-сакратаркі Палка Каліноўскага Крысціны «Чабор», палітыка Валерыя Цапкалы, Яніны Сазановіч, а таксама маці загінулага каліноўца Паўла «Волата». 

«Прасілі пачытаць лекцыі, а на заўтра да мяне прыходзіў ГУБАЗіК»

Да падзеяў 2020-га жыццё Алы Марціновіч было «добрым і ўпакаваным». Для гэтага ёй давялося прыкласці нямала намаганняў. 

У жанчыны 20-гадовы стаж псіхолага. Багата гамельчукоў карысталіся яе паслугамі. Заходзілі і міліцыянты, якія, калі пачаліся пратэсты, заяўлялі, што яе не ведаюць.

У Алы Марціновіч дзве вышэйшыя адукацыі. Па дыпломе яна настаўніца беларускай мовы і літаратуры, а таксама спецыялізуецца на сацыяльнай педагогіцы.

Да 2021 года яна выкладала ў Гомельскім інстытуце развіцця адукацыі. Была заснавальніцай студыі дзіцячай моды. Там праводзілі народныя абрады, спявалі беларускія песні. Была калекцыя беларускіх строяў.

«Я вяла актыўны лад жыцця. Была яркай жанчынай. Працавала ў гарвыканкаме, а мяне садзілі ў турму. Гэта выглядала смешна, карыкатурна і неадэкватна. Прасілі пачытаць лекцыі, бо не было знаўцаў тэмы, а на заўтра да мяне прыходзіў ГУБАЗіК»,

— разказвае пра мінулае Марціновіч.

Акцыя пратэсту ў Гомелі. Фота: архіў Алы Марціновіч

Да пратэстаў Марціновіч далучылася, калі на маршы масава вышлі жанчыны.

Яна з паплечнікамі заклікала землякоў браць сцягі і крэатыўна выказваць свае меркаванні. Пазней у сацыяльных сетках вяла творчы канал, праз які ангажавала да пратэснай дзейнасці пасіўных людзей.

Марціновіч не збіралася станавіцца палітыкам. Пратэставаць супраць беззаконня яе падахвочвала неабыякавасць. 

«Я не выключала, што ў выпадку здушэння пратэстаў Лукашэнка зруйнуе наша жыццё. Да гэтага я была гатовая, але не магла не падтрымаць людзей», — адзначае яна.

«Кінулі ў халодны адзіночны карцар»

2 кастрычніка 2020 года Алу Марціновіч на акцыі да Дня настаўніка разам з іншымі ўдзельнікамі схапілі амапаўцы. Жанчыну, якой упершыню давялося трапіць у няволю, на працягу некалькіх гадзін дапытвалі па чарзе пяцёра следчых.

Пасля затрымання яе шпіталізавалі. У лякарні яна прабыла трое дзён пад кантролем міліцыі.

«Мяне выратавалі лекары. У бальніцы ляжала пад кропельніцай. Мянты давялі мяне да такога стану», — згадвае Марціновіч.

Паўторна яе затрымалі ў чэрвені 2021 года. ГУБАЗік сабраў з дапамогаю стукачоў аб’ёмную папку кампрамату.

Кватэра Алы Марціновіч пасля аднаго з першых вобшукаў. Пакідаць па сабе вэрхал даўно стала звычкай сілавікоў. Фота: архіў Алы Марціновіч

Марціновіч прысудзілі 10 дзён адміністрацыйнага арышту. Хацелі павесіць адміністраванне экстрэмісцкага канала і пасадзіць на два гады, але доказаў віны не хапіла. Тады яшчэ гэта мела значэнне для следства.

За тое, што псіхолаг баранілася, міліцыянты вырашылі яе правучыць. У няволі з яе здзекаваліся.

У ізалятар прывезлі хворую з тэмпературай. Доктар жа напісала, што актывістка здаровая. Кінулі ў халодны адзіночны карцар. За дзень праводзілі да 5 вобшукаў. 

«Не давалі спаць. Падымалі ноччу. Ляжала без матраца на жалезных рашотках. Сядзець забаранялі. Выганялі на калідор у кайданках. Перадачы не аддавалі», — гаворыць Ала.

Яна дадае, што яе пастаянна вадзілі на допыты. Пагражалі, што прывязуць дачку і будуць з яе здзекавацца, калі яна не выдасць кагосьці.

«Да допытаў была не гатовая», — прызнаецца Марціновіч.

Яна кажа, што пасля здзекаў у ізалятары была гатовая прыняць крымінальны артыкул, каб перавялі ў СІЗА, дзе ёй удасца хаця б паспаць ды пачытаць кнігу.

Вызваленне было нечаканым. На волі яна даведалася, што звольненая з інстытута за «10 дзён прагулу».

Міліцыянты не пакідалі яе ў спакоі. Настойвалі, каб пра некага ім расказала. Давалі падпісваць розныя паперы. Яна разумела, што ёй «шыюць новую справу».

Марціновіч не хацела пакідаць радзімы, але сябры пераканалі.

«Рабіць я нічога не магла больш, таму наважылася зʼехаць. Быў перыяд, калі мяне міліцыя прызабыла і тады я вышмыгнула», — згадвае псіхолаг.

«Дачка не верыла, што ўлада творыць беззаконне, а яе затрымалі»

Ала Марціновіч з Беларусі перабралася ў Кіеў у жніўні 2021-га. Пратэснай актыўнасці жанчына не спыняла ў эміграцыі. Адтуль заклікала суайчыннікаў змагацца з рэжымам.

Лукашэнкаўцы цкавалі яе, пагражалі забіць, калі не сунімецца. Яна звярталася ў паліцыю і службу бяспекі Украіны.

Ала Марціновіч у Кіеве на акцыі ў падтрымку Беларусі. Фота: асабісты альбом Алы Марціновіч

У пачатку лютага 2022-га схапілі дачку актывісткі Ксенію. Дзяўчына не ўдзельнічала ў пратэстах, трымалася ў баку ад палітыкі. Незадоўга да затрымання пераехала з Мазыра ў матчыну кватэру.

Да таго, што дачка апынецца за кратамі, Марціновіч не была гатовая. Яна настойвае: Ксенію забралі, каб адпомсціць ёй.

«Мне было дзіўна, што яны затрымалі чалавека, які не ішоў супраць улады. У дачкі не было пратэснага мыслення. Калі б была гатовая, што яна апынецца ў няволі, то адразу вывезла яе», — даводзіць Марціновіч.

Па яе словах, супраць дачкі была арганізаваная міліцыянтамі правакацыя. Дзяўчыну ўцягнулі ў перапіску, з якой вынікала, што яна займаецца прастытуцыяй.

Апынуўшыся ў няволі, пад пагрозамі яна прызнала віну. Прыстаўлены да яе адвакат ніяк ёй не дапамагаў бараніцца.

Ксенія (злева) і Ала Марціновічы ва Украіне. Люты 2022 год. Фота: інстаграм Ксеніі Марціновіч

У ізалятары Ксенія прабыла трое сутак. Дзяўчыну суд пакараў штрафам у 640 рублёў. Яна была шакаваная затрыманнем.

Па словах маці, дачка не хацела верыць, што ўлада можа тварыць такое.

«Ксенія наіўная і правільная. Яна не хацела пакідаць краіну. Я ёй казала, што з цябе зрабілі прастытутку, а ў наступны раз падкінуць наркотыкі і пасадзяць. Можна сказаць, што яе запалохвала і сілаю адтуль выцягнула», — прызнаецца Марціновіч.

Цяпер яе дачка жыве ў Кіеве. Там малюе і працуе. Гэта тое, чым дзяўчына займалася ў Беларусі.

«Вы разумная, але ўсё роўна вас зломім»

Ала Марціновіч, згадваючы сваё нявольніцтва, кажа, што ў ізалятары ахоўнікі паводзілі сябе па-рознаму з палітычнымі. Адзін з іх нават вылучаўся набожнасцю і спачуваў ёй.

Большасць жа дысцыплінавана выконвала загад. Калі бачылі, што да іх трапіў пратэстовец, то браліся за катаванне. Гэта быў канвеер прэсавання нязгодных.

Губазікаўцаў раздражняла эрудзіраванасць і ўменне адстаяць сваю пазіцыю затрыманай. Яны загадвалі турэмшчыкам, што трэба рабіць з ёю.

«У ГУБАЗіКу мне казалі, што вы разумная, псіхолаг, але яны ўсё роўна мяне зломяць. «Мы будзем для гэтага вас катаваць», — адзначае яна.

На яе думку, у ГУБАЗіКу працуюць людзі, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца толькі выгадай. Яны супраць таго, каб Беларусь была пад Расіяй, але «іх Лукашэнка запэцкаў у сваіх злачынствах, таму для іх назад дарогі няма».

Яна мяркуе, што, не зʼехаўшы з Беларусі, удзельнікі пратэстаў даўно б зрынулі рэжым. А цяпер пратэснага патэнцыялу становіцца ўсё меней. Новаму пратэснаму ядру лукашэнкаўцы рэпрэсіямі не даюць сфармавацца.

«Застаецца сырая, хатаскрайнікаўская баязлівая маса, якая стараецца выжыць, — даводзіць яна. — Мае сябры расказваюць, што людзі падрыхтаваныя да вайны і гатовыя хавацца ў бамбасховішчах. Ступень страха дасягнула такога ўзроўню, што людзі гатовыя нават цярпець вайну. Таму там няма каму змагацца, знішчаная ранейшая салідарнасць».

На думку псіхолага, праславутая беларуская памяркоўнасць суайчыннікаў перарасла ў «залежнасць падпарадкоўвацца».

«Не ўжывуся з ябацькамі»

Дачка Алы Марціновіч паспела выехаць за лічаныя дні да поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Вайна стала шокам для самой Алы. Пазней ёй давялося перабрацца ў Германію.

Актывістка перакананая, што Беларуссю кіруе расійская ўлада, якая паступае так, як ва Украіне і са сваімі апазіцыянерамі.

«Я моцна падтрымліваю Украіну. Удзельнічаю ў валанцёрскіх арганізацыях. Заўсёды хаджу на мітынгі. Нават больш раблю для Украіны, чым для Беларусі», — лічыць яна.

Ала Марціновіч у Германіі на акцыі ў падтрымку Украіны. Фота: архіў Ала Марціновіч

Жанчына прызнаецца, што жыве адным днём. Рэгулярна нагадвае сабе, што трэба праціраць дзвярную ручку, бо яе могуць намазаць атрутаю. Але яна не хаваецца. Да яе ходзяць людзі.

У Германіі Ала Марціновіч жыве, як украінская бежанка ў асяроддзі ўкраінцаў. Яны ведаюць, што яна беларуска і часта ёй за суайчыннікаў перападае.

«Адграбаю за абыякавых суайчыннікаў, якія запісваюцца ў расійскую армію і забіваюць украінцаў», — гаворыць Марціновіч.

Яна прызнаецца, што не вернецца ў Беларусь нават пры змене ўлады, бо не ўжывецца «з ябацькамі і лукашыстамі». 

«У мяне такая прафесія, што я мушу рабіць жыццё чалавека лепшым. Я ж не хачу дапамагаць ябацькам — гэта сумленна. Да іх стаўлюся, як яны да мяне, а можа нават горш», — даводзіць яна.

Прыхільнікаў Лукашэнкі суразмоўніца называе злачынцамі, якія павінны быць пакараныя. У яе душы «ім ніколі не будзе даравання».

Марціновіч застаецца псіхолагам. Ёй бы хацелася жыць спакойна, але падманваць сябе не хоча. Адзначае, што прыйшла ў гэты свет не таму, каб усім падабацца, і яна гаворыць тое, што ёй баліць.

Глядзіце таксама:

Сілавікі разграмілі кватэру Дзяніса Дудзінскага і Кацярыны Раецкай у Мінску

Ілля Міронаў паскардзіўся на варварскі разгром кватэры

Святлана Алексіевіч: Зянон меў рацыю. А мы верылі ў Расію, чакалі дапамогі ад Расіі і расійскай інтэлігенцыі

Каліновец Кабанчук: Беларусам трэба рыхтавацца да горшага, але наступ з Беларусі пакуль немагчымы

Два гады, як загінулі Андрэй Зельцэр і Дзмітрый Федасюк. Як выглядае месца пахавання кадэбэшніка

Лойка — пра кашалькоў Лукашэнкі, памылку Бабарыкі і падтрымку Макея. Глядзіце «Ток»

Васіль Вашчыла