Сілавікі разграмілі кватэру Дзяніса Дудзінскага і Кацярыны Раецкай у Мінску
ГУБАЗіК дабраўся да кватэры вядомых журналістаў Дзяніса Дудзінскага і Кацярыны Раецкай у Мінску. Узламаўшы ў кватэры дзверы, лукашэнкаўскія сілавікі па сваёй звыклай схеме паказальна яе разграмілі, пахваліўшыся адпаведным відэа ў сваім тэлеграм-канале.
Такія метады, характэрныя для крымінальных груповак, але не для афіцыйных сілавых структур у іншых краінах, рэгулярна ўжываюцца ГУБАЗіКам у дачыненні да нерухомасці тых вядомых апазіцыйных дзеячаў, якія знаходзяцца за мяжой і да якіх немагчыма дацягнуцца.
У гэтых кватэрах губазікаўцам нічога не трэба здабываць для нейкіх следчых дзеянняў, нягледзячы на афіцыйнае сцвярджэнне, што «ператрус» праводзіцца «ў мэтах выяўлення схованак і іншых прыкмет садзейнічання тэрарызму».
Насамрэч адзіная мэта гэтага ўварвання — проста зрабіць у кватэры разгром. Гэтым самым, з аднаго боку, сілавікі імкнуцца сваіх апанентаў запалохаць і дэмаралізаваць, а з другога — прадэманстраваць свой разрыў з нормамі законнасці.
Дзяніс Дудзінскі, які раней працаваў на тэлеканале «Беларусь 1», і ягоная жонка Кацярына Раецкая з'ехалі з Беларусі ва Украіну летам 2021 года. Пасля пачатку вайны яны пераехалі ў Польшчу. Дудзінскі доўгі час працаваў карэспандэнтам «Белсата» ва Украіне падчас вайны, у тым ліку ў прыфрантавой зоне.
У верасні 2020 года Дзяніс Дудзінскі атрымаў 10 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 24.23 КаАП). У кастрычніку яго аштрафавалі па гэтым жа артыкуле на 675 рублёў (каля 270 даляраў). З гэтага пачалася яго і жонкі адысея.
Каментары