У Бялградзе з'явіліся плакаты ў падтрымку Лукашэнкі ФОТА
Ультраправая арганізацыя «Нашы кансерватыўныя рухі» расклеіла ў Бялградзе плакаты ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
19.02.2024 / 13:53
Плакаты з абліччам Аляксандра Лукашэнкі і надпісам «Сербія з Лукашэнкам» заўважылі карэспандэнты сербскай службы Радыё Свабодная Еўропа ў цэнтры Бялграда 19 лютага. Плакаты былі расклееныя за некалькі дзён да дня галасавання ў Беларусі, прызначанага на 25 лютага.
Здымкі гэтых плакатаў таксама даслалі і ў беларускую службу Радыё Свабода.
Арганізатары акцыі паведамілі, што Лукашэнка «зʼяўляецца засведчаным сябрам Сербіі, падтрымка якога мела вялікае значэнне падчас агрэсіі NATO супраць СРЮ ў 1999 годзе, калі ён наведаў Бялград і аказаў падтрымку сербскаму народу».
«Напярэдадні парламенцкіх выбараў у Беларусі, прызначаных на 25 лютага 2024 года, кансерватыўны рух «Нашы» выказвае поўную падтрымку прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, які вядзе незалежную і сацыяльна арыентаваную палітыку», — напісалі арганізатары акцыі.
Хто стаіць за рухам, які расклеіў плакаты?
«Кансерватыўны рух «Нашы» — незарэгістраваная арганізацыя. Яна адкрыта падтрымлівае расейскае ўварванне ва Украіну, выступае супраць еўраінтэграцыі Сербіі і адстойвае антыімігранцкія погляды.
Гэтая арганізацыя была створаная Сербскім народным рухам «Нашы», іншай незарэгістраванай арганізацыяй, забароны якой у 2012 годзе дамагалася пракуратура Сербіі, сярод іншага, за распальванне нацыянальнай, рэлігійнай, расавай і сексуальнай варожасці і дыскрымінацыі.
Аднак Канстытуцыйны суд краіны тады палічыў, што ўмовы для забароны іх дзейнасці не былі выкананыя.
Лукашэнка зʼяўляецца адным з нямногіх саюзнікаў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, а Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі Еўрапейскага саюза з-за яе ролі ва ўварванні Расіі ва Украіну.
Сербія выбарачна далучылася да санкцый супраць Беларусі, але настойліва адмаўляецца ўвесці іх у дачыненні да Расіі.
Чытайце таксама:
Сербскія добраахвотнікі ў расійскай арміі заявілі, што з іх здзекуюцца