Грамадства44

Ніякіх Турцыі, Арменіі і Казахстана. У якія краіны не варта ехаць, калі баіцеся затрымання і экстрадыцыі

Пагутарылі пра гэта з адвакатам, кіраўніком адвакацкага бюро «Legal status» Алесем Міхалевічам і кіраўніком фонда «Байсол» Андрэем Стрыжаком.

Алесь Міхалевіч адзначае небяспеку знаходжання ў Расіі — краіны, што практычна заўсёды задавальняе беларускія запыты аб экстрадыцыі. Больш за тое, былі выпадкі перадачы беларусаў з Расіі без экстрадыцыйнага працэсу, а гэта парушае і расійскі закон, і міжнародныя дамовы. Так было з Ігарам Аліневічам, Юрасём Зянковічам, Аляксандрам Фядутам — іх проста закінулі ў машыну, а потым гэтыя людзі з’явіліся на тэрыторыі Беларусі. 

Стрыжак лічыць, што ў Расіі можна схавацца, асабліва калі працаваць там у ценявой эканоміцы, напрыклад, рознарабочым. Але нагадвае, што заўсёды ёсць шанс нарвацца на патруль, які праверыць у вас дакументы, і тады гэта скончыцца дрэнна. Таму Расія падыходзіць толькі як часовы варыянт.

Ёсць дзве сістэмы пошуку людзей па розных базах, тлумачыць Алесь Міхалевіч: «Першая з іх — база СНД, яе вядзе расійскі МУС, туды можна дадаць чалавека за пару хвілін. І другая — база Інтэрпала, туды нашмат больш складана кагосьці дадаць.

У базу СНД не ўваходзіць Грузія. Затое ёсць, апроч Расіі, Арменія і Азербайджан і ўся Сярэдняя Азія. Тэарэтычна ўваходзіць і Малдова, хоць на практыцы яны гэтай базай не карыстаюцца, бо ў Малдове лацініца, а база СНД вядзецца выключна на кірыліцы.

Ведаю выпадак, калі чалавека хацелі адтуль экстрадзіраваць, але ён папрасіў у Малдове статус уцекача і атрымаў яго. Таму ў экстрадыцыі адмовілі.

Быў выпадак з затрыманнем беларуса ў Арменіі. Ёсць прынцып так званай падвойнай крыміналізацыі — ён азначае, што для дазволу на экстрадыцыю злачынства мусіла б існаваць як у беларускім, так і ў армянскім заканадаўстве. Тут чалавека абвінавачвалі па адным з палітычных артыкулаў, і падобнага артыкула ў Арменіі няма, таму Арменія адмовілася яго выдаваць. Але калі б чалавека абвінавачвалі ў махлярстве ці хуліганстве, яго б спакойна выдалі».

Стрыжак мяркуе, што пасля дзвюх карабахскіх войнаў Арменія скептычна ставіцца да сваіх экстрадыцыйных абавязкаў. А таксама тлумачыць, як часцей за ўсё беларусы трапляюць пад імавернасць экстрадыцыі з Арменіі:

«У Грузіі ты можаш знаходзіцца без дадатковай легалізацыі 365 дзён, але трэба раз на год выязджаць з краіны на дзень. Людзі выязджаюць у Арменію, і аказваецца, што яны там у міждзяржаўным вышуку. Армяне іх затрымліваюць, але практычна заўсёды адпускаюць.

Пры гэтым людзям потым даволі складана выехаць з Арменіі, бо яе мяжа — мяжа СНД, і калі чалавек у міждзяржаўным вышуку, яго фармальна нельга выпусціць. Але ёсць свае нюансы, і калі трапілі ў такую сітуацыю — звяртайцеся ў «Байсол», мы падкажам, што рабіць».

Міхалевіч не згадвае выпадкаў палітычнай экстрадыцыі беларусаў з Арменіі, Азербайджана ці краін Сярэдняй Азіі, але ўпэўнены, што яны былі.

Тым, хто ў Еўропе мае дадатковую абарону ці статус уцекача, юрыст раіць захоўваць гэтыя статусы, пакуль ёсць пагроза пераследу. Бо гэтыя дакументы нашмат лепш бароняць ад экстрадыцыі, чым нават грамадзянства краіны ЕС.

Цяпер ідзе экстрадыцыйны працэс па беларусе ў Сербіі. І гэтая краіна, упэўнены Міхалевіч, не з’яўляецца для беларусаў бяспечнай. Таксама небяспечная краіна — гэта Турцыя, бо яна мае слабую прававую сістэму.

Асноўныя аргументы, па якіх адмаўляюць у экстрадыцыі ў Беларусь — гэта парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, дрэнная сітуацыя ў турмах і тое, што чалавека не чакае справядлівае судовае разбіральніцтва. А Турцыя — гэта краіна з вялікай колькасцю палітзняволеных, і сітуацыя ў турмах там далёка не самая лепшая. Было б дзіўна чакаць, лічыць юрыст, каб Турцыя прымяняла высокія стандарты правоў чалавека ў дачыненні да кагосьці іншага. Таксама трэба ўлічваць наяўнасць прамых рэйсаў у Беларусь.

Андрэй Стрыжак згадвае, што

небяспечнымі могуць аказацца Казахстан і Кыргызстан, бо яны шчыльна інтэграваныя ў міжнародныя дамовы. Няма фактаў па экстрадыцыі беларусаў з Грузіі, але краіна ўсё роўна не цалкам бяспечная.

Стрыжак нагадвае, што ў грузінскага ўрада няпэўная пазіцыя па Украіне, там з пераследам сутыкаліся расійскія актывісты, і таму не выключае: заўважных беларускіх актывістаў і палітыкаў могуць паспрабаваць затрымаць у Грузіі, праўда, не праз дзяржаўныя механізмы. На думку кіраўніка «Байсол»,

яшчэ адна патэнцыйна небяспечная краіна — ААЭ, бо Эміраты, як і Грузія, падпісалі пагадненне з Беларуссю датычна дапамогі з крымінальным вышукам.

То-бок ідэальны варыянт — не выязджаць з Еўрасаюза? Так, але і ў ЕС бываюць нюансы, папярэджвае Міхалевіч: «За апошні час было два экстрадыцыйныя запыты па беларусах у Італіі. Фармальная прычына — гаспадарчыя артыкулы, але самі людзі казалі пра палітычны падтэкст вышуку. Абодва выпадкі скончыліся адмовай, але і першы, і другі чалавек праседзелі больш за 40 сутак у экстрадыцыйным ізалятары. 

У 2021-м была справа Валянціна Уласіка — валанцёра з Акрэсціна, якога затрымалі ў Венгрыі. Фармальна ён трапіў у вышук праз нясплату аліментаў. Мы гэту справу выйгралі, і чалавек знаходзіцца на свабодзе, але яму давялося доўга пасядзець у ізалятары, хаця там і ізалятар еўрапейскага ўзроўню».

Хутка Балгарыя і Румынія ўступяць у шэнген і адменяць пашпартны кантроль з іншымі краінамі Еўрасаюза — тады, на думку юрыста, яны стануць адносна бяспечныя.

Міхалевіч лічыць, што з-за складанай палітычнай сітуацыі на Кіпры — урад не кантралюе значную частку сваёй тэрыторыі — існуе верагоднасць быць затрыманым на час экстрадыцыйнага працэсу, хоць і наўрад ці з Кіпра вышлюць у Беларусь.

Ёсць два прававыя механізмы, якія можна выкарыстаць, каб ускладніць экстрадыцыю.

«Першы механізм — 39-е правіла Еўрапейскага суда па правах чалавека, з дапамогай якога можна тэрмінова спыніць экстрадыцыю, яно працуе цягам сутак. Пасля гэтага ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека разглядаецца скарга гэтага чалавека супраць дзяржавы. У ёй мусіць быць сказана, што сваёй экстрадыцыяй краіна створыць небяспеку прымянення катаванняў у бок да чалавека. Падобная сістэма ёсць з Камітэтам ААН па правах чалавека.

Унутры ЕС пры ўсіх небяспеках ёсць вельмі вялікая верагоднасць таго, што экстрадыцыі не будзе. Гэта ж датычыць і іншых краін Еўропы, у той жа Арменіі можна прымяняць 39-е правіла. Адзінае, што на час яго разгляду чалавека не абавязкова мусяць выпусціць з ізалятара», — расказвае Алесь Міхалевіч.

Ёсць краіны ЕС з больш высокімі стандартамі правоў чалавека. Гэта скандынаўскія краіны, Нідэрланды, Бельгія, Германія, Францыя, Чэхія, Польшча і Літва. У Літве магчымыя адмова ў статусе ўцекача або дэпартацыя беларусаў, у тым ліку тых, каго могуць пераследаваць па палітычных матывах, але там наўрад ці задаволяць запыт Беларусі аб экстрадыцыі.

Пры захаванні правілаў бяспекі можна ехаць у Італію, Іспанію і Мальту. Міхалевіч не раіць, калі вы ў групе рызыкі ці тым больш у вышуку Інтэрпала, сяліцца ў гатэлі, бо там трэба паказваць дакументы і большасць гатэляў паведамляюць уладам пра тое, хто да іх засяляецца. Лепш здымайце, напрыклад, кватэру праз Airbnb. 

З больш далёкіх краін найбольш бяспечнымі лічаць Злучаныя Штаты, Канаду, Японію.

Варта правільна ацаніць рызыку. Калі вы ведаеце, што ў дачыненні да вас заведзеная крымінальная справа, калі вы маеце гэтаму дакументальныя пацверджанні, то рызыка большая. Калі гаворка ідзе пра таго, хто зрабіў данат, напісаў каментар ці паставіў лайк, юрыст мяркуе, што вялікай небяспекі экстрадыцыі няма. Але можна правяраць базу забароны выезда з Беларусі і базу вышуку РФ. Калі вас нідзе няма, то вам, хутчэй за ўсё, нічога не пагражае.

Асобная гісторыя — гэта Украіна. Яе юрыст называе бяспечнай для нас — калі чалавек знаходзіцца ў базе Інтэрпала, яго могуць затрымаць ва Украіне, але звычайна адпускаюць цягам некалькіх сутак. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Юрыст: Справа Ryanair не мае тэрміну даўніны, а ўсіх яе фігурантаў зараз чакаюць «вельмі няпростыя часы»

Кыргызстан экстрадаваў беларуса, які атрымаў статус бежанца ва Украіне

Адвакат байца ММА Аляксея Кудзіна патлумачыла, чаму Расія не мела права высылаць спартоўца

Каментары4

  • Be realistic
    19.01.2024
    Это все в теории, а на практике везде даже в РФ зачастую будет все похер. С Турцией вообще никаких проблем с не должно быть. Это как был так и остается транспортный хаб и ни кого там не задержали и не выдали еще. Комиссаренко так вообще ВНЖ там умудрился получить и концертов не один десяток дать хотя все его отговаривали от этой затеи.
  • feafania
    20.01.2024
    Арон, рэгіструецеся на сайце мус у асабістам кабінэце і там робіце запыт.
  • Belarus
    20.01.2024
    Be realistic , ты трындзіш тое, у чым увогуле не разбіраешся. прафанацыя ў шмат якіх справах проста злачынная, бо падстаўляе людзей

Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл24

Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл

Усе навіны →
Усе навіны

Чарга легкавых аўто на ўезд у Польшчу з Беларусі павялічылася ў чатыры разы5

Юрый Чыж пайшоў у расійскі суд, каб пазмагацца за свой малаказавод у Геленджыку

Як трансгендар абваліў продажы самага папулярнага амерыканскага піва15

Ілан Маск жорстка высмеяў Microsoft за глабальны IT-збой5

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Віктарам Орбанам23

Не рабіце гэтую памылку ў захоўванні хлеба5

Назіраецца маштабны збой электронікі па ўсім свеце. Аэрапорты адмяняюць палёты13

Калабаранты з Запарожскай вобласці выдаюць сустрэчу з прамаскоўскім беларускім актывістам Лушчом за афіцыйны візіт1

За два з паловай гады на мяжы Беларусі і ЕС загінулі 126 мігрантаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл24

Што вядома пра грамадзяніна Германіі Рыка Крыгера, якому ў Беларусі прысудзілі расстрэл

Галоўнае
Усе навіны →