Чацвера білі, а трое здымалі на тэлефон. Дзяўчынка з-пад Мінска стала ахвярай булінгу
14-гадовая дзяўчынка з Ратамкі пад Мінскам стала ахвярай падлеткавага булінгу. Яе збівалі, прыніжалі былыя сяброўкі і сябры, прымушалі прасіць прабачэння на камеру. Падрабязнасці гэтай гісторыі на падставе сведчання прадстаўніка Следчага камітэта выклала агенцтва «Мінск-Навіны».
15.02.2024 / 18:17
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Thai Noipho / vecteezy.com
У кастрычніку 2023 года 37-гадовай жыхарцы Ратамкі даслалі відэа з сацсетак. На ім была выяўлена расправа падлеткаў над яе дачкой: адныя валілі дзяўчынку на зямлю і збівалі, іншыя здымалі ўсё на камеру мабільнага тэлефона. У шоку ад пабачанага жанчына звярнулася ў міліцыю.
Следства высветліла, што ўвечары 8 кастрычніка 15-гадовая навучэнка каледжа сабрала кампанію з сямі падлеткаў ад 13 да 17 гадоў, каб разабрацца са сваёй крыўдзіцелькай. Тая нібыта абражала не толькі падлеткаў, але і іх маці, а таксама крала асабістыя рэчы.
Спачатку кампанія прыйшла да дзяўчынкі дахаты, але там была яе маці. Жанчына, аднак, не падумала, што можа адбыцца нешта вельмі кепскае, таму адпусціла сваю дачку на вуліцу. А там падлеткі ўчынілі з ёй расправу.
Спачатку ад дзяўчынкі запатрабавалі прабачэнняў, але іх аказалася мала. Урэшце яе зацягнулі на закінуты ўчастак, а там паставілі на калені і збівалі рукамі ды нагамі. У гэтым збіцці так ці іначай удзельнічалі ўсе: чацвёра білі, а іншыя здымалі гэтую сцэну на тэлефоны.
Пасля таго дзяўчынка баялася расказаць некаму пра здарэнне, бо ёй у такім выпадку прыгразілі новай расправай. І, магчыма, гэта так і засталося б таямніцай, калі б відэа не размясцілі ў сеціве і яно не трапіла на вочы дарослым.
Падчас следства высветлілася, што ўсе ўдзельнікі канфлікту — навучэнцы розных школ і каледжаў. Пацярпелая добра ведала толькі двух з тых, хто на яе нападаў: з імі яна некалькі гадоў таму сябравала.
Па факце збіцця завялі крымінальную справу, дзеянні чатырох падлеткаў кваліфікаваныя Мінскім раённым аддзелам Следчага камітэта па ч. 2 арт. 339 КК («злоснае хуліганства, здзейсненае групай асоб»).
Чытайце таксама:
«Настаўнік гладзіў дзяўчынак па галаве, цалаваў у макушку, шаптаў на вуха і мог нават лізнуць»