«Мы не можам сабе дазволіць «мясных штурмаў» — Аляксандр Сырскі
Нядаўна прызначаны галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі заявіў, што расійска-ўкраінская вайна павінна скончыцца выхадам Украіны на свае законныя межы, іншыя варыянты не разглядаюцца. А для гэтага ўсё грамадства павінна згуртавацца вакол перамогі. Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю нямецкаму тэлеканалу ZDF, паведамляе Укрінформ.
13.02.2024 / 21:14
Аляксандр Сырскі. Фота: Yuriy Mate/Global Images Ukraine via Getty Images
«Вы ведаеце, калі нават не вайна, вайна ў нас пачалася з 2014 года, а мы гаворым пра адкрытую агрэсію.
Дык вось калі гэтая агрэсія пачалася, у мяне было такое адчуванне, што я іду ў нейкую бездань, якая не мае выразных нейкіх абмежаванняў па часе, часовых абмежаванняў.
Зразумела, што гэта для нас вялікая праблема. І ў той момант зусім не было ясна, калі гэта скончыцца. Але было мне ясна, што гэта будзе доўга і гэта будзе цяжка», — сказаў Сырскі, адказваючы на пытанне, ці думаў ён у пачатку вайны, што яна працягнецца так доўга.
На ўдакладненне журналісткі, адкуль надзея, што Украіна можа хутка скончыць гэтую вайну, галоўнакамандуючы УСУ адказаў:
«Гэта грунтуецца на тым, што мы яе павінны скончыць з выхадам на нашы межы. Гэта па-першае. Таму што іншых варыянтаў не разглядаецца. Таму што іншага проста выйсця ў нас няма. А гэта значыць, што ўсё, усё грамадства павінна згуртавацца вакол агульнай справы — перамогі».
Ён дадаў, што ў гэтай справе «трэба напружыцца ўсім…, трэба наладзіць вытворчасць непасрэдна тут, у нас ва Украіне».
«Гэты працэс запушчаны. Трэба нарошчваць аб'ёмы вытворчасці, таму што мы, у першую чаргу, павінны разлічваць на ўласныя сілы. Не толькі на партнёраў, з улікам усяго, але і на ўласныя сілы. Ну і, вядома, трэба ўдасканальваць тактыку.
Для нас галоўная задача і галоўная каштоўнасць — гэта жыццё нашага салдата, афіцэра, тых баявых падраздзяленняў, якія непасрэдна выконваюць баявыя задачы.
Мы не можам дазволіць сабе такога стаўлення, як робяць расійскія начальнікі, калі яны праводзяць практыку «мясных штурмаў». Я лепш пакіну якую-небудзь пазіцыю, але не дапушчу гібелі ўсяго асабовага складу. А для іх каштоўнасць жыцця салдата роўная фактычна нулю. І мы гэта бачым…
Наогул страты — гэта вельмі адчувальная тэма для ўсіх. Для любой краіны, любога грамадства», — сказаў Сырскі.
8 лютага 2024 года прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прызначыў генерал-палкоўніка Аляксандра Сырскага галоўнакамандуючым Узброеных сіл Украіны.
Чытайце таксама:
Незвычайнае хобі новага галоўнакамандуючага УСУ Аляксандра Сырскага
Бацькі новага кіраўніка УСУ Сырскага жывуць у Расіі
Аляксандр Сырскі расказаў, за кошт чаго збіраецца перамагаць у вайне