Валерый Залужны пакідае пасаду Галоўнакамандуючага УСУ
Выснову, што Валерый Залужны ўжо не Галоўнакамандуючы УСУ, можна зрабіць з паведамлення ў тэлеграм-канале прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
08.02.2024 / 19:06
«Сустрэўся з генералам Валерыем Залужным.
Падзякаваў за два гады абароны Украіны.
Абмеркавалі, у якіх абнаўленнях маюць патрэбу Узброеныя сілы Украіны.
Абмеркавалі таксама, хто можа быць у абноўленым кіраўніцтве Узброеных сіл Украіны.
Час для такога абнаўлення — менавіта цяпер.
Прапанаваў Валерыю Фёдаравічу і далей быць у камандзе», — напісаў Зяленскі.
У сваю чаргу, Залужны таксама напісаў пра гэту сустрэчу:
«Толькі што мы сустрэліся з Вярхоўным Галоўнакамандуючым. Важная і сур'ёзная размова. Прынята рашэнне аб неабходнасці змены падыходаў і стратэгіі.
Удзячны ўсім, хто побач. Камандзе Генеральнага штаба, Міністэрства абароны, Прэзідэнту Украіны. Я ганаруся кожным і кожнай ва Узброеных Сілах Украіны, якія абараняюць будучыню нашых дзяцей. Усімі салдатамі, сяржантамі і афіцэрамі. Схіляю галаву перад усімі, хто аддаў сваё жыццё за Украіну і свабоду. Помнім і адпомсцім за ўсіх».
Паколькі ў абодвух паведамленнях ёсць намёкі, але не пішацца пра адстаўку адкрытым тэкстам, у СМІ і выказваннях розных палітыкаў і аглядальнікаў можна заўважыць разыходжанні ў трактоўках. Адныя лічаць, што гэта азначае адстаўку Залужнага, іншыя — што ён застаецца.
Неўзабаве, аднак, міністр абароны Украіны Рустэм Умераў напісаў: «Сёння ўхваленае рашэнне змяніць кіраўніцтва Узброеных сіл Украіны»
«Украінская праўда» са спасылкай на крыніцы піша, што рыхтуецца ўказ аб звальненні Залужнага з пасады.
Чытайце таксама:
Дарадца Байдэна: ЗША не павінны ўмешвацца ў пытанне Залужнага