«Піянагейт»: канфлікт вулічнага піяніста з групай кітайцаў атрымаў міжнародны рэзананс

Вядомы лонданскі вулічны піяніст і зорка ютуба вымушаны быў некалькі дзён жыць у фургоне, бо яму пагражалі смерцю пасля канфлікту з групай кітайцаў, якія, як выявілася, былі не простымі турыстамі.

06.02.2024 / 22:57

Брэндан Кавана размаўляе з кітайскай жанчынай. Скрын відэа DrKBoogieWoogie / YouTube

Брэндан Кавана (Brendan Kavanagh) ці, як яго яшчэ называюць, Dr К. — сучасны брытанскі піяніст, ютубер і выкладчык ігры на фартэпіяна, які спецыялізуецца на стылі бугі-вугі. Цяпер у яго канала ў ютубе звыш 2 мільёнаў падпісчыкаў. Піяніст рэгулярна выступае на адкрытых пляцоўках, дзе размешчаныя грамадскія піяніна. Часам свае выступы ён транслюе адразу ў эфір.

19 студзеня 2024 года адбыўся стрым музыканта, падчас якога ён выконваў музыку на агульнадаступным піяніна лонданскага вакзала Сэнт-Панкрас. Выступ пачаўся ў звычайнай для музыкі манеры, але хутка ператварыўся ў нешта нечаканае.

Непадалёк ад Каваны з аператарам і яшчэ адным піяністам знаходзілася група людзей з шасці-сямі чалавек, якія трымалі ў руках чырвоныя сцягі Кітая, былі апранутыя ў чырвонае ці мелі на сабе чырвоныя шалікі. Яны здымалі сваё відэа і патрапілі на запіс Каваны.

Калі піяніст скончыў іграць, адна з жанчын падышла і папрасіла выдаліць відэа. Яна сцвярджала, што іхняя група здымала кітайскае тэлешоу і што іх правы на выяўленне сябе абароненыя.

Кавана запярэчыў, што ў Вялікабрытаніі правы на індывідуальныя здымкі не прымяняюцца ў грамадскіх месцах, такіх як вакзал. Абмяркоўваючы гэтую тэму з жанчынай, ён сказаў: «Мы не ў Кітаі», на што яна адказала: «Я таксама брытанка».

Затым ён паказаў на кітайскі сцяг у яе руцэ і спытаў, чаму яна трымае «камуністычны сцяг». На гэта адзін з мужчын з групы пачаў крычаць: «Не дакранайся да яе!» (англ. Don't touch her!), хоць музыкант не чапаў жанчыну, толькі сцяжок.

Усё скончылася ўмяшаннем паліцыі, якая прыгасіла канфлікт. Але відэа стала вірусным (па стане на 6 лютага 2024 года яно было прагледжана больш за 9,9 мільёнаў разоў на афіцыйным канале піяніста). Пра канфлікт, які атрымаў назву «Піянагейт», напісалі многія буйныя англамоўныя выданні па ўсім свеце.

Брэндан даў некалькі інтэрвʼю розным каналам, заявіўшы, што выступае за свабоду самавыяўлення і расцэньвае тое, што здарылася, як спробу распаўсюджвання кітайскай цэнзуры на тэрыторыю Вялікабрытаніі.

Як пазней аказалася, асноўнымі ўдзельнікамі канфлікту былі зусім не турысты, як першапачаткова пісалася ў прэсе, а людзі, якія круціліся ў высокіх колах Вялікабрытаніі — у тым ліку палітычных. Усе яны былі блізкія да Камуністычнай партыі Кітая. А адну з сябровак групы — Крысцін Лі — брытанскія спецслужбы яшчэ ў ліпені 2022 года прызналі «агенткай уплыву».

Скрыншот паведамлення брытанскай сакрэтнай службы MI5. Паводле: lindependant.fr

Большасць каментатараў не толькі на ютубе, але нават у кітайскай сацыяльнай сетцы Weibo, падтрымалі пазіцыю піяніста. 27 студзеня Брэндан выпусціў новае відэа з таго ж месца на вакзале Сэнт-Панкрас.

У гэтым відэа ён яшчэ раз выступіў з асуджэннем цэнзуры, у якасці ж сімвала выбраў Віні-Пуха, выявы якога забароненыя ў Кітаі, а таксама налепку «8964» з адсылкай на задушэнне пратэсту на плошчы Цяньаньмэнь 4 чэрвеня 1989 года. Гэты выступ музыканта здымалі дзясяткі журналістаў і блогераў, а само відэа на яго афіцыйным канале за суткі набрала 1,3 мільёна праглядаў.

Брэндан Кавана грае на піяніна. Побач — цацка Віні-Пух. Скрын відэа DrKBoogieWoogie / YouTube

Падчас выступу Кавана расказаў, што пасля загрузкі відэа ён атрымаў электронныя лісты з пагрозамі смерці, і яму давялося два дні жыць у фургоне за горадам. Але цяпер, паводле яго слоў, ён больш не баіцца і зноў адчувае сябе камфортна.

Пазней на адрас адміністрацыі ютуба былі накіраваныя скаргі з патрабаваннем выдаліць відэа.

Брэндан Кавана трымае сцяг Тайваня. Фота: старонка музыканта ў фэйсбуку

Аднак ролік застаецца без змен. А 5 лютага брытанскі піяніст сфатаграфаваўся каля таго ж піяніна са сцягам Тайваня і апублікаваў фота на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Там жа ён размясціў відэа «Урок тайванскай мовы», у якім паказвае, як вучыцца гаварыць па-тайваньску «Наперад, Тайвань!»

Чытайце яшчэ:

Кітай прысудзіў аўстралійскага пісьменніка да смяротнага пакарання

Скрыня Пандоры. Як Тайвань можа зладзіць апакаліпсіс у Кітаі?

У Францыі ўпершыню стрыт-артыст дабіўся выплаты яму гіганцкага ганарару за рэпрадукцыю

Антось Жупран