Гродзенцы стварылі петыцыю супраць будаўніцтва новага мікрараёна, які можа сапсаваць від на Каложскую царкву

У Гродне хутка пачнецца будаўніцтва мікрараёна «Залаты» з трыма дзевятнаццаціпавярховымі дамамі. Гэтыя высоткі будуць на фоне храма 12 стагоддзя. Днямі з'явілася петыцыя нязгодных з такім рашэннем. 

06.02.2024 / 12:45

Ілюстрацыйны здымак. Фота: скрыншот з сэрвісу «Яндэкс панарамы»

Аўтары петыцыі, як і гісторык архітэктуры, з якім размаўляла «Наша Ніва» адзначаюць, што Каложская царква з’яўляецца імаверным кандыдатам на ўнясенне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі. А з'яўленне на яе фоне 19-павярховых будынкаў можа стаць перашкодай для атрымання гэтага статусу. Апроч таго, высоткі могуць сапсаваць панараму на ўнікальны храм.

У звароце задаюцца пытаннем, ці лагічна рабіць так, каб жыхары высотак атрымалі выдатны від з вокнаў на стары горад, а ўсе іншыя гараджане атрымалі сапсаваны від на старажытны храм.

Такі падыход да горадабудаўніцтва аўтар петыцыі называе ірацыянальным з пункту гледжання ўрбаністыкі.

Апроч гэтага, аўтары адзначаюць, што такі падыход да забудовы горада ў сярэднетэрміновай і даўгатэрміновай перспектыве можа негатыўна адбіцца на турыстычнай прывабнасці Гродна. 

У сувязі з гэтым аўтары петыцыі ў Гродзенскі гарвыканкам заклікаюць мясцовыя ўлады не ўзводзіць мікрараён «Залаты» або абмежаваць вышыню будынкаў шасцю паверхамі.

Падпісаць петыцыю можна да 8 лютага па спасылцы.

Чытайце таксама:

У Гродне пабудуюць новы мікрараён — высоткі могуць сапсаваць від на Каложскую царкву

Хто і як знішчае гістарычны Брэст — расследаванне

Даніла Луцкевіч