Нараджальнасць падае. Цяпер ужо ва ўсім свеце

Па звестках Нацыянальнага інстытута дэмаграфічных даследаванняў Францыі, у рэгіёнах, дзе нараджальнасць не дасягае парогу абнаўлення пакаленняў, дваццаць гадоў таму жыло 45 % насельніцтва планеты, сёння — 63%. 

31.01.2024 / 20:22

Выданне Le Monde звяртае ўвагу на даследаванне Нацыянальнага інстытута дэмаграфічных даследаванняў Францыі, што было апублікавана ў бюлетэні Population & Societies. Дзве карты з яго наглядна дэманструюць амаль агульную тэндэнцыю падзення нараджальнасці.

Замест таго, каб разглядаць даныя аб нараджальнасці па краінах, што, на думку аўтараў, можа маскіраваць субнацыянальныя адрозненні, яны падзялілі свет на 235 зон па прыкладна 33 мільёны чалавек у кожнай. Гэтыя зоны пазначаныя на карце кружкамі, а іх зграмаджэнне дазваляе з першага погляду вызначыць асноўнае месцазнаходжанне жыхароў Зямлі.

Такім чынам, Пірэнейскі паўвостраў падзелены не паміж Іспаніяй і Партугаліяй, а паміж Поўначчу і Поўднем, насельніцтва якіх прыкладна аднолькавае. У Паўночнай Амерыцы, каб ахапіць 33 мільёны чалавек на вельмі рэдка заселенай тэрыторыі, прыйшлося аб'яднаць частку Канады з некалькімі рэгіёнамі ЗША. Аўтары даследавання мяркуюць, што такім чынам яны дабіліся больш дакладнага ўяўлення пра размеркаванне насельніцтва ў свеце.

Што змянілася

Паводле даных вучоных, больш за палову насельніцтва свету (63%) цяпер жыве ў рэгіёнах, дзе нараджальнасць знаходзіцца ніжэй парога ўзнаўлення пакаленняў, гэта значыць 2,1 дзіцяці на адну жанчыну. У 2000 годзе так было ў 45% зямлян. Агульны каэфіцыент нараджальнасці вышэй за 3 дзяцей на жанчыну застаецца толькі ў большай частцы Афрыкі, некаторых раёнах Блізкага Усходу, Афганістане і Пакістане.

Толькі ў рэгіёне Сахель, на паўвостраве Самалі (Афрыканскім Рогу) і Цэнтральнай Афрыцы ён перавышае 5. Згодна з даследаваннем, у рэгіёнах, дзе жанчыны ў сярэднім маюць больш за 3,5 дзяцей, цяпер жыве толькі 16,1% насельніцтва свету.

У даследаванні адзначаецца, што за апошнія два дзесяцігоддзі да Заходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі як зон з нізкай нараджальнасцю дадаліся большасць краін Амерыкі, Інданезія і Філіпіны, а таксама Індыя. Прычым у апошняй назіраюцца рэзкія адрозненні ў рэгіёнах. Калі на поўдні і захадзе краіны індэкс нараджальнасці меншы за 2,1, то ў даліне Ганга гэты паказчык застаецца на ўзроўні 2,3-3.

Даследаванне выявіла, што зніжэнне нараджальнасці ў Паўднёва-Усходняй Азіі адбываецца хутчэй, чым у Еўропе. А азіяцкія мегаполісы ўваходзяць у лік месцаў з самай нізкай у свеце нараджальнасцю.

Пры гэтым навукоўцы адзначаюць, што ў некаторых рэгіёнах з нізкай нараджальнасцю зафіксаванае сціплае аднаўленне, напрыклад, у паўночнай Італіі і Іспаніі, Цэнтральнай Еўропе, а таксама ва Украіне і Расіі (даследаванне заканчваецца 2021) годам. Гэта тлумачыцца эканамічнай стабілізацыяй пасля крызісных 1990-х гадоў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Навукоўцы таксама мяркуюць, што частка аднаўлення нараджальнасці ў Заходняй Еўропе звязаная з нядаўняй іміграцыяй у рэгіён.

Разам з гэтым, як адзначаюць вучоныя, асабліва ўражальным для іх стала выяўленне таго факту, што з 2015 года адбылося паскарэнне зніжэння нараджальнасці.

У чым прычыны і што будзе далей

Адзначаныя змены навукоўцы звязваюць з такімі фактарамі, як павышэнне шлюбнага ўзросту, развіццё школьнай адукацыі дзяўчынак і пашырэнне магчымасцяў доступу жанчын да рынку працы.

Акрамя гэтага, на зніжэнне нараджальнасці аказвае ўплыў больш шырокае выкарыстанне супрацьзачаткавых сродкаў, зніжэнне дзіцячай смяротнасці. Уздзеянне на нараджальнасць аказвае і урбанізацыя, бо ў гарадах вышэйшы кошт жыцця, што зніжае жаданне мець дзяцей.

Паскарэнне зніжэння нараджальнасці ў Кітаі навукоўцы тлумачаць наступствамі палітыкі «адна сямʼя — адно дзіця». Цяпер там дзетароднага ўзросту дасягнула пакаленне, прадстаўнікі якога не маюць ні братоў, ні сясцёр. Невядома, якую мадэль сямʼі яны самі абяруць для сябе.

Нягледзячы на негатыўныя тэндэнцыі, навукоўцы адзначаюць, што рост насельніцтва працягнецца, і ў 2080 годзе яно дасягне сваёй пікавай колькасці ў 10,4 мільярда чалавек.

Чытайце яшчэ:

Дэмаграфічная катастрофа. Узровень нараджальнасці ў Беларусі апусціўся ніжэй за ваенныя часы

У Літве — самая нізкая за 60 гадоў нараджальнасць. Палітыкі спадзяваюцца на беларусаў і ўкраінцаў

Хто вінаваты, што беларусы не хочуць нараджаць дзяцей?

Антось Жупран