«Па асабістым указанні не ўзялі на працу». Чым займаюцца ў беларускіх ВНУ прарэктары па бяспецы і пры чым тут КДБ
Пасля пратэстаў 2020 года ў беларускіх універсітэтах з'явіліся прарэктары па бяспецы і кадрах. Як мінімум у сямі ВНУ гэтую пасаду займаюць людзі, якія маюць дачыненне да КДБ. «Медыязона» расказала, за што адказваюць гэтыя супрацоўнікі.
17.01.2024 / 23:52
Ілюстрацыя: Майкл Скарн / Медыязона
«Ягоная функцыя — маніторыць паводзіны супрацоўнікаў»
З 2022 года ў Полацкім дзяржаўным універсітэце пасаду прарэктара па бяспецы займае Дзмітрый Півень. Да гэтага ён быў начальнікам Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях.
«Асабіста з ім я ні разу не сутыкаўся. Наколькі я ведаю, яго функцыя — маніторыць паводзіны супрацоўнікаў і студэнтаў, выклікаць іх на гутаркі, — расказаў «Медыязоне» былы выкладчык ВНУ Аляксандр. — Ведаю, што Півень не хацеў падпісваць мне дамову на працу па сумяшчальніцтве ва ўніверсітэце на 2022 год. У выніку яе ўсё ж такі падпісалі, а вось на 2023 год — не».
Ва ўніверсітэце Півень займаецца ў тым ліку патрыятычнай працай: разам са студэнтамі ўскладаў кветкі ля мемарыяльнага знака збітаму падчас Другой сусветнай вайны самалёту, прысутнічаў на сустрэчы з ветэранам і на ўручэнні сяброўскіх білетаў Наваполацкага аддзялення партыі «Белая Русь».
У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна прарэктарам па бяспецы працуе Андрэй Будкоўскі. Паводле інфармацыі, дадзенай «Медыязоне» «Кіберпартызанамі», па стане на кастрычнік 2020 года Будкоўскі з'яўляўся супрацоўнікам УУС.
«Звальненне — загад прарэктара па бяспецы»
Аляксей Бяззубік — прарэктар па бяспецы і кадрах у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Актывісты сцвярджаюць, што Бяззубік — супрацоўнік КДБ, а ў ВНУ правярае супрацоўнікаў «на добранадзейнасць», сочыць за студэнтамі і выкладчыкамі.
Тэлеграм-канал «Факультэт экстрэмізму ГрДУ» пісаў, што Аляксей Бяззубік як мінімум з 2011 года з'яўляецца супрацоўнікам Ашмянскага КДБ. Ці застаўся ён на службе пасля таго, як у 2020 годзе прыйшоў працаваць ва ўніверсітэт, невядома.
Пасля пратэстаў у 2020 годзе ў ГрДУ пачалася «чыстка» выкладчыкаў: не працягнулі кантракт Валянціну Аскірку, Аляксандру Мурашаву, Альбіне Семянук. Сяргей Марозаў напісаў заяву на звальненне сам.
Сярод звольненых апынулася і Марына Салтыкова-Валковіч — кандыдатка педагагічных навук. Больш за 20 гадоў яна прапрацавала ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Увосень 2021 года выкладчыцу звольнілі па пагадненні бакоў, хоць да заканчэння кантракту заставалася некалькі гадоў. Марына распавядае, што яе звальненне — ініцыятыва Аляксея Бяззубіка.
«Мне патэлефанаваў дэкан і папрасіў зайсці. У кабінеце ён паведаміў, што ўніверсітэт не мае патрэбы ў маіх паслугах і гэта загад прарэктара па бяспецы. Асабіста я ніколі не перасякалася з Бяззубікам. Яго фатаграфію ўбачыла ўжо пасля свайго пераезду ў Польшчу».
Марына двойчы размаўляла з дэканам. Першы раз выкладчыцу папрасілі выйсці з чата «ГрДУ пераменаў». Дэкан спытаўся ў жанчыны, ці не збіраецца яна выводзіць студэнтаў на забастоўкі і мітынгі. Беларуска адказала, што не збіраецца, і выйшла з чата.
У сярэдзіне лістапада 2021 года чат прызналі «экстрэмісцкім». Пасля гэтага Марыну звольнілі.
«Мабыць ён [Бяззубік] захацеў зрабіць з мяне такога казла адпушчэння. Мне здаецца, што ён падаў інфармацыю ў суд, каб чат прызналі «экстрэмісцкім», а мяне — арганізатарам «экстрэмісцкай» групоўкі. Такім чынам хацеў сабе пагоны зарабіць. Хоць я не магу пахваліцца, што была арганізатарам «ГрДУ пераменаў». У чат я ўступіла ўжо пасля яго стварэння».
Супрацоўнік КДБ у БДУ, адкуль звольнілі каля сотні супрацоўнікаў
У Беларускім дзяржаўным універсітэце пасаду прарэктара па бяспецы займае Яраслаў Чаркаскі. У верасні 2021 года «Задзіночанне беларускіх студэнтаў» сумесна з «Кіберпартызанамі» і ініцыятывай былых сілавікоў Bypol высветлілі, што Чаркаскі — дзейны супрацоўнік КДБ і дарадца МЗС.
Чаркаскі займаецца новымі кадрамі і правярае іх на лаяльнасць да ўлады пры ўладкаванні на працу. На суіскальнікаў складаецца дасье, у залежнасці ад якога прымаецца рашэнне: браць чалавека на працу ці не.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «БДУ 97%», у лістападзе 2020 года ў прыёме на працу адмовілі двум высокакваліфікаваным спецыялістам. Адзін з выкладчыкаў БДУ расказвае, што прарэктар Чаркаскі выклікаў на гутарку ягоных калегаў, якія трапілі ў чорны спіс пасля пратэстаў 2020 года. Іншы супрацоўнік кажа, што не без удзелу Чаркаскага яму не працягнулі кантракт.
Аналітык Роза Турарбекава пісала, што да жніўня 2023 года з універсітэта звольнілі як мінімум 35 прафесараў і больш за 60 дацэнтаў.
Прарэктары сямі ўніверсітэтаў маюць дачыненне да КДБ
У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце пасаду прарэктара па бяспецы займае Генадзь Селяйковіч. Крыніца «Медыязоны», якая пажадала застацца ананімнай, расказала, што паводле асабістага ўказання Селяйковіча яго не ўзялі на працу ў якасці дацэнта нават на ўмовах пагадзіннай аплаты. У 2016 годзе цяперашні прарэктар працаваў у КДБ, высветліў канал «МДЛУ за свабоду».
На пасаду прарэктара Селяйковіч прыйшоў у лістападзе 2020 года, праводзіў гутаркі з актыўнымі студэнтамі і выкладчыкамі.
«Задзіночанне беларускіх студэнтаў» сумесна з «Кіберпартызанамі» сцвярджаюць, што як мінімум у дзевяці ВНУ прарэктарамі па бяспецы працуюць людзі, якія маюць дачыненне да сілавых структур. Сем чалавек працавалі або працуюць у КДБ. Некаторыя з іх не пазначаныя на сайтах універсітэтаў у раздзеле «Кіраўніцтва».
Напрыклад, прарэктар па бяспецы БНТУ Уладзімір Захарэвіч — вайсковец контрразведкі КДБ. У верасні 2022 года яго імя з'явілася ў навінах на сайце ўніверсітэта, але там не было пазначана, за які кірунак ён адказвае.
Тэлеграм-канал «БНТУ97» пісаў, што Захарэвіч асабіста падпісаў загад аб звальненні выкладчыка Віктара Іванчанкі і выклікаў на прафілактычную гутарку студэнтаў.
Чытайце таксама:
У Тэхналагічным універсітэце будуць рыхтаваць спецыялістаў па кіраванні беспілотнікамі
Загадчыцай музея ў Баранавічах прызначылі спецыялістку зусім з іншай сферы
Хто гэтыя прапагандысты з тэлебачання, каму ўлады асабіста вынеслі падзякі за працу