У Круглым прадаюць фантан. Але за гэтым стаіць трагічная гісторыя
На Магілёўшчыне ў райцэнтры Круглае збываюць арыштаваную маёмасць некалі паспяховай рэгіянальнай кампаніі. На аўкцыёне ёсць незвычайны лот.
05.01.2024 / 19:11
Круглянскі фантан — арыштаваная маёмасць ПМК-266. Фота: e-auction.by
Фантан, як і іншая нерухомасць будаўнічага прадпрыемства ПМК-266, быў арыштаваны за даўгі.
Яго паспрабуюць прадаць 23 студзеня. Але ёсць нюанс — гэта капітальнае збудаванне, узведзенае ПМК на арандаванай дзялянцы зямлі. Каб карыстацца ім, пакупнік мусіць заключыць дамову аб арэндзе з райвыканкамам альбо разабраць фантан па цаглінцы і вывезці.
Выгляд фантана далёкі ад ідэальнага, месцамі паадвальвалася плітка. Кошт — 1600 рублёў.
Трагічны лёс кіраўніка ПМК
Продаж маёмасці ПМК нагадвае трагічную гісторыю яго шматгадовага кіраўніка Мікалая Патрончыка, заслужанага будаўніка Беларусі, які памёр у 64 гады ў зняволенні.
Чатыры месяцы пажылога хворага мужчыну ўтрымлівалі ў СІЗА па абвінавачванні ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Разам з бацькам у канцы 2017 года забралі і малодшага сына Дзмітрыя. Пра смерць Патрончыка стала вядома ў красавіку 2018-га. На яго пахаванне выйшаў увесь райцэнтр.
Лукашэнка ўзнагароджвае Патрончыка ордэнам. Фота: president.gov.by
Патрончык знаўся з Лукашэнкам, які ў 2012 годзе прапаноўваў яму міністэрскую пасаду і ўзнагародзіў ордэнам Айчыны ІІІ ступені. Патрончык быў дэпутатам райсавета.
Узначаленае ім з 1995 года прадпрыемства ўзводзіла жыллё і вытворчыя памяшканні па ўсёй Беларусі. Пабудавала рэзідэнцыю Лукашэнкі на яго малой радзіме ў вёсцы Александрыя, Шклоўскім раёне і Лядовы палац у самім Шклове.
Кожны шосты жыхар Круглага працаваў на ПМК. Прадпрыемства было найбуйнейшым уласнікам нерухомасці ў Круглянскім раёне.
Са смерцю Патрончыка звязваецца заняпад прадпрыемства.
«Былая раскоша» Круглага
У 2022 годзе ПМК прасіла прызнаць яго банкрутам (але суд не знайшоў для гэтага падстаў), тады яно было вінаватае крэдыторам амаль 8 мільёнаў рублёў.
Крыху больш за год таму прадалі гандлёва-гасцінічны комплекс «Ізумруд», які ПМК пабудавала ў 2009 годзе. Ён пайшоў з аўкцыёна за 551 тысячу рублёў. Комплекс быў пабудаваны, калі ў Расіі ўвялі абмежаванні на распаўсюджванне гульнявога бізнэсу. Невялікае Круглае, якое ў той час нават не мела гарадскога статусу, скарысталася сітуацыяй.
Круглянскі «Ізумруд». Фота e-auction.by
На картэжы з «новымі рускімі», якія прыязджалі ў казіно, дзівіліся мясцовыя жыхары, якія на такі шык не мелі грошы. Некаторыя, аднак, на гасцях зараблялі. Расіяне не разбіраліся ў беларускіх «мільёнах» і пакідалі абслузе неблагія чаявыя.
Пасля 2013 года ажыятаж сціх, бо Расія акунулася ў эканамічны крызіс.
Але «Ізумруд» яшчэ колькі год працаваў. У ім акрамя гасцініцы, былі цырульня, стаматалагічны кабінет, лазня.
Глядзіце таксама: