Ціханоўская vs Лукашэнка. Параўналі водгукі на навагодні выступ палітыкаў
За 11 гадзінаў на асноўных платформах ютуба відэа з выступам Ціханоўскай набрала 170 тысяч праглядаў. У Аляксандра Лукашэнкі — 308 тысяч. Яго выступ сабраў і больш каментароў, але многія з іх падобныя зместам. У допісах часта ўжываецца «бацька». У водгуках на навагодняе віншаванне Ціханоўскай пераважае слова «дзякуй» і вокліч «Жыве Беларусь».
01.01.2024 / 11:55
Аляксандр Лукашэнка і Святлана Ціханоўская падчас навагодніх віншаванняў
Святлана Ціханоўская
За пяць хвілін да навагодняга звароту Святланы Ціханоўскай у Беларусі заблакавалі Ютуб. Ён быў недаступны прыкладна з 23:45 да 0:05.
Ціханоўская прамаўляла па-беларуску і па-руску. Леваруч стаяў бел-чырвона-белы сцяг.
Выступ лідаркі дэмакратычнай Беларусі транслявалі яе ютуб-канал, а таксама Еўрарадыё, «Краіна для жыцця», «Белсат NEWS» ды Malanka Media:
— 73 тысячы праглядаў сабраў зварот на Youtube-канале Ціханоўскай;
— 59 тысяч праглядаў на Еўрарадыё;
— 17 тысяч праглядаў на «Белсат NEWS»;
— 13 тысяч праглядаў было на «Malanka Media».
— 7600 праглядаў на канале «Краіна для жыцця»;
8-хвілінны выступ Святланы Ціханоўскай пракаментавалі 1442 чалавек.
Зварот быў сасцэнараваны ў форме дыялогу Ціханоўскай з людзьмі. Прадстаўнікі здымачнай групы агучвалі найбольш актуальныя праблемы беларускага жыцця, а яна ім адказвала.
У сваім звароце Ціханоўская заклікала да вытрымкі і ўпартасці ў адстойванні сваіх ідэалаў. Дэмакратычная лідарка прызналася, што не мае адказаў на ўсе пытанні.
«Я не буду казаць вам, што ўсё будзе добра, — адзначыла яна. — Многія рэчы нам даводзіцца рабіць насуперак. Але ў новым годзе я хацела б, каб у нас з вамі было менш «насуперак» і больш «дзякуючы».
Святлана Ціханоўская падсумавала навагодняе віншаванне запэўніваннем «дзякуючы сіле нашага народу, крок за крокам разам ісці да свабоднай і незалежнай Беларусі».
Аляксандр Лукашэнка
Выступ Аляксандра Лукашэнкі паказвалі на сваіх Youtube-каналах БелТА, АНТ, БТ, СТБ:
— 136 тысяч у АНТ;
— 101 тысяча праглядаў у БТ;
— 57 тысяч праглядаў БелТА;
— 14 тысяч у СТБ.
У 14-хвіліным навагоднім роліку Лукашэнка выступаў крыху больш за 7 хвілін. Працягласць роліка на некаторых інтэрнэт-пляцоўках дзяржаўных тэлеканалаў была скарочаная да 12 хвілін.
Віншаванне Лукашэнкі сабрала 2102 каментары. Пераважна каментавалі людзі з Расіі.
Навагодняе віншаванне загадалі паставіць на свае тэлеграм-каналы раёнкам і ведамствам.
Лукашэнка выступаў у пышных інтэр'ерах Палаца Незалежнасці. У навагодні эфір ён выйшаў змрочным, стомленым, пажылым мужчынам. Прамаўляў асіплым голасам на рускай мове.
Лукашэнка гаварыў пра мір.
«Праводзячы Год міру і стварэння, загадваем, каб наступны быў такім жа мірным для ўсіх нас, для Беларусі. Мірным для нашых суседзяў, ды і для ўсіх людзей», — прамаўляў ён.
Дзякаваў «людзям у пагонах» за мір. Абяцаў, што Усебеларускі народны сход стане «фундаментам беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці».
«Няхай усе нашы самыя смелыя мары і пажаданні споўняцца ў імя міру і жыцця. Будзьце шчаслівыя! З Новым годам!» — завяршыў сваё навагодняе віншаванне беларусам Лукашэнка.
Большая частка навагодняга роліка з ім была запоўненая застаўкамі беларускіх краявідаў і інтэр'ерам Палаца Незалежнасці са сцягамі савецкіх часоў.
Глядзіце таксама:
Параўналі, колькі праглядаў сабралі ў ютубе звароты Ціханоўскай і Лукашэнкі
Ціханоўская vs Лукашэнка. Параўноўваем з мінулым годам прагляды тэлезваротаў і навагодніх шоу
Яны пайшлі ад нас у 2023-м. Згадваем беларусаў, якіх мы сёлета страцілі