Дзмітрый Бандарэнка: Асэнсаваў сябе афіцэрам беларускага супраціву

Палітык Дзмітрый Бандарэнка нячаста з’яўляецца ў медыйнай прасторы, яго няма ў сацыяльных сетках. Між тым ён ад сярэдзіны 1990-ых быў сярод актыўных дзеячаў апазіцыі, зазнаў рэпрэсіі і ўрэшце эміграваў. На яго думку, беларусы не скарысталіся гістарычнымі шанцамі змяніць сваё жыццё, а цяпер не ўсё залежыць ад іх. Ён лічыць, што ў Беларусі магчымы бунт наменклатуры.

26.12.2023 / 11:08

Дзмітрый Бандарэнка. Фота: асабісты альбом Дзмітрыя Бандарэнкі

Хто такі Дзмітрый Бандарэнка

Дзмітрыю Бандарэнку 60 гадоў. У 1984-ым ён скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры. У розныя гады каардынаваў дзейнасць Хартыі'97, руху «Зубр», кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Быў камерцыйным дырэктарам Радыё 101,2 (1995-1996), дырэктарам Фонду падтрымкі незалежнай прэсы (1996-2001), узначальваў выбарчую кампанію кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава ў 2010-м годзе. Па сканчэнні той выбарчай кампаніі трапіў у турму.

У 2010-2012 гадах Бандарэнка ўтрымліваўся ў няволі па абвінавачанні ў «масавых беспарадках». З 2012-га ў эміграцыі. 

Цяпер Бандарэнка — сябар назіральнай рады фонда «Еўрапейская Беларусь», які зарэгістраваны ў Варшаве.

«Да 2022 года ўсё залежала ад нас»

«НН»: Спадар Дзмітрый, вы нядаўна адзначылі 60-гадовы юбілей. Ці дапускалі ў маладосці думку, дзе апыняцеся ў такім узросце?

ДБ: Калі быў савецкім хлопчыкам, то глядзеў мастацкі фільм «Ленін у Польшчы». І потым, калі сам апынуўся ў Польшчы, то смяяўся: не трэба можа было глядзець такія фільмы.

А калі сур’ёзна, то даўно асэнсаваў сябе афіцэрам беларускага супраціву. Маё жыццё прысвечанае служэнню Беларусі.

Да 2022 года ўсё залежала ад нас. Хтосьці выкладаўся ў ключавыя гістарычныя моманты, а хтосьці лічыў «ай, потым, потым». Цяпер маем тое, што маем.

Дзмітрый Бандарэнка на судзе. 2011 год

Я быў да ўсяго падрыхтаваны. Калі б перамаглі, то трэба было дзейнічаць у іншай сітуацыі.

А сёння… Добра, што на волі, што побач сям’я і часткова мая каманда. Ёсць магчымасць адсюль рабіць карыснае для радзімы і набліжаць, як пафасна гэта ні гучыць, вызваленне краіны.

«НН»: Ці было, з вышыні цяперашніх гадоў, рашэнне зʼехаць з Беларусі слушным?

ДБ: Застацца ў Беларусі я не мог, бо апынуўся б у турме.

А мне больш не хацелася быць у няволі марской свінкай, каб нада мною рабілі эксперыменты.

Пагатоў, калі табе за 50 гадоў, у цябе праблемы з хрыбетнікам, суставамі (у калоніі перанёс аперацыі і хадзіў на мыліцах — «НН»). Была адказнасць за сям’ю, радзіму, таму лепей было зʼехаць. Такое рашэнне было абсалютна слушным, і яму не было альтэрнатывы.

Магчыма, я б сябе адчуваў іначай, каб унутры краіны не заставалася тады частка каманды «Еўрапейскай Беларусі». Мы ўдзельнічалі ў стварэнні Беларускага нацыянальнага кангрэса (2016 год — «НН»).

Дзмітрый Бандарэнка на волі з жонкай. 2012 год. Фота: svaboda.org

Я раіўся з Міколам Статкевічам. Маўляў, у Беларусі прызвычаіўся хадзіў у галаве калоны і ці маю права з-за мяжы заклікаць беларусаў да пратэстаў. Ён мне адказаў: будзеш рабіць сваю справу там, а мы тут — і гэта дасць вынік.

Рэвалюцыя 2020 года — гэта сумесная праца людзей, якія рабілі яе ўнутры краіны і нас, хто дапамагаў з-за мяжы.

Сяргей Ціханоўскі быў часткай плану Міколы Статкевіча па прыцягненні так званых кандыдатаў пратэсту. Гэта быў штуршок, які паўплываў на ўсю сітуацыю ў Беларусі.

Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Максім Вінярскі — сапраўдныя лідары і героі беларускага супраціву.

«Беларусы не былі гатовыя да максімальнай ахвярнасці»

«НН»: Ці маглі сабе ўявіць, што Беларусь будзе ахопленая такім тэрорам як цяпер? І ці можна было яго пазбегчы?

ДБ: Безумоўна, Беларусь магла пазбегчы цяперашняга тэрору. Былі вокны магчымасцяў у 1996, 1999 гады. А таксама ў гады правядзення прэзідэнцкіх выбараў: 2001, 2006, 2010, 2020.

Звычка беларусаў адкладаць развязанне праблем на заўтрашні дзень прывяла да цяперашняй сітуацыі. Хтосьці адпрацоўваў да канца, а хтосьці…

Не кажу ўжо пра 1994 год. Гісторыя магла б пайсці іначай, калі б беларускія бізнэсоўцы адкрыта сказалі Генадзю Карпенку, што яго падтрымаюць, дадуць рэсурсы, менеджараў.

Тады б не апынуўся з Лукашэнкам Віктар Ганчар. Лукашэнка, можа, проста не зʼявіўся б. Але гісторыя адбываецца толькі ў адным варыянце.

На пратэсце 2020 года. Фота: AP Photo

Я заўсёды верыў, што ў Беларусі змена ўлады можа адбыцца ў любы момант.

Але тое магло здарыцца да вайны 2022 года. Людзі не былі шчаслівыя, Лукашэнка быў слабы. Аднак мы разам не дапрацавалі.

Беларусы змагаліся, але былі не гатовыя да максімальнай ахвярнасці, а свабода і незалежнасць патрабуе ахвярнасці.

Некаторыя нацыянальныя лідары, калі выязджалі за мяжу, заяўлялі: дапамажыце Лукашэнку, здыміце з рэжыму санкцыі. 

Людзі выбіралі дабрабыт, асабісты спакой, прыстасаванства. Гэта прывяло да таго, што свабода і незалежнасць Беларусі ў вялікай небяспецы.

Цяпер мы залежым ад сітуацыі ў свеце, але на нашым баку ўвесь цывілізаваны свет, уся моц дэмакратычнага захаду — вайсковая, эканамічная, фінансавая.

Праціўнік, вядома ж, моцны, аднак, мы на баку аб’яднаных сіл дабра і мы немінуча пераможам. Але наша свабода ўжо залежыць не ад нас.

Я ганаруся тым, што спрычыніўся да стварэння ініцыятывы Хартыя'97, Каардынацыйнай рады дэмакратычных сіл — сапраўднай, у якую ўваходзілі вялікія постаці. Тады былі моцнымі партыі. Ганаруся сваім удзелам у руху «Зубр», хоць гэта і быў моладзевы рух.

Цяпер працягваю дзейнасць у «Еўрапейскай Беларусі».

«Трэба пазбягаць сітуацыяў, калі супраціў перавышае ўласныя магчымасці»

«НН»: Што б вы параілі цяперашнім палітвязням?

ДБ: Я сядзеў з адным вайскоўцам, палкоўнікам, выпускніком Акадэміі генеральнага штаба Расіі, дык ён сказаў такую фразу: «Не думай, чаму ты апынуўся ў няволі, а думай, для чаго ты ў ёй знаходзішся».

Разуменне гэтага кардынальна мяняе ўспрыняцце нявольніцкага жыцця. Мне гэта думка вельмі дапамагала.

Я б нагадаў цяперашнім палітвязням, што яны нам патрэбныя на волі.

Іх чакаем мы, чакаюць блізкія, сем’і і ўрэшце Беларусь. Яны загартаваныя і ведаюць, што такое сапраўдная ахвярнасць.

Палітвязні (злева направа): Сяргей Ціханоўскі, Паліна Шарэнда-Панасюк, Марыя Калеснікава, Мікола Статкевіч, Віктар Бабарыка

Некалі ў кангрэсе ЗША, яшчэ да тэракта 2001 года, адзін малады амерыканец сказаў, што беларусы шчаслівыя, бо маюць магчымасць змагацца за свабоду і незалежнасць сваёй краіны, а ў амерыканцаў гэта ўжо ёсць.

Такія думкі мне вельмі дапамагалі.

Турма — тое месца, дзе набываеш экзістэнцыяльны досвед камунікавання з людзьмі. Яго можна атрымаць толькі там. У няволі каштоўнасць чалавечых адносінаў проста неверагодная.

Там разумееш, што Бог ёсць. Ён побач толькі ў турме. У мітусні звычайнага жыцця мы забываем пра Яго.

У няволі трэба старацца максімальна заставацца сабою і не паддавацца ціску. Найлепшым рашэннем могуць быць самыя радыкальныя дзеянні.

Трэба не забываць, што не проста знаходзішся ў турме, а знаходзішся ў палоне. Таму трэба пазбягаць сітуацый, калі супраціў перавышае ўласныя магчымасці.

«Панаванне зла часовае»

«НН»: А як жыць у Беларусі, дзе пануе тыранія?

ДБ: Жыць у Беларусі — гэта няволя, але гэта лепей, чым у турме.

Нехта ва ўмовах тыраніі знойдзе апірышча ў веры, а нехта будзе жыць з чаканнем, што надыдзе час для помсты.

Сілавікі забаўляюцца з намі, але іх усё роўна 3% і больш не становіцца.

Час і сітуацыя зменяцца, і яны будуць уцякаць, бегаць па ўсім свеце. Магчыма, вера ў гэта ўмацоўвае некага.

Таму трэба кожнаму шукаць свае спосабы выжываць у нялюдскіх умовах, створаных бандай унутры краіны. Трэба любіць сваіх блізкіх, сям’ю. Дбаць пра краіну.

Галоўнае — знайсці сэнс свайго жыцця. Зразумець, што панаванне зла часовае.

Андрэй Саннікаў на волі. 2012 год

Тая ж Польшча не мела незалежнасці больш за 100 гадоў. Беларусь яе не мела 200 гадоў — а потым здабылі. Цяпер жа ўсё адбываецца значна хутчэй.

Гэта не Савецкі Саюз супраць нас. З намі ўвесь нармальны свет. Трэба рыхтавацца да зменаў і да таго, каб быць карысным краіне. Мы, беларусы, абавязкова ажыццявім свае планы.

«У няволі нялёгка. Гасподзь дае нам такое выпрабаванне»

«НН»: Спадар Дзмітрый, што вас найбольш прыгнятала ў няволі?

ДБ: Прыгнятала, засмучвала — для мяне гэта нехарактэрна. Турма, вядома ж, ёсць турма. Трэба было праз гэта прайсці.

З намі таксама абыходзіліся жорстка, хаця б у тым жа следчым ізалятары КДБ.

У Андрэя Саннікава наогул былі вельмі жорсткія ўмовы.

Жонка была арыштаваная, потым была з малалетнім сынам пад хатнім арыштам. Дзіця фактычна ў няволі. У кватэры пастаянна два гэбісты знаходзіліся.

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч сядзіць ужо агулам больш за 11 гадоў. Цяпер невядома, ці жывы ён.

Павел Севярынец таксама адсядзеў нямала, і яго працягваюць катаваць за кратамі.

Сядзелі Міхаіл Хадаркоўскі (расійскі прадпрымальнік, былы алігарх — «НН»), Юлія Цімашэнка (былы прэм’ер-міністр Украіны — «НН»), Юры Луцэнка (былы міністр унутраных спраў і генеральны пракурор Украіны — «НН»).

Людзі мелі ўладу, грошы, уплыў, але надыходзіць час і даводзіцца сядзець ды цярпець. Гэта ж таксама досвед.

Гасподзь дае нам такое выпрабаванне. У няволі нялёгка. Праз яе трэба было прайсці. Гэта досвед. Вядома ж, можна абысціся і без яго, але…

«Сённяшняя частка маёй палітыкі не публічная»

«НН»: Чым займаецеся ў Польшчы?

ДБ: Тым, чым займаўся ў Беларусі:

інфармацыйнай працай і, можна сказаць, палітычнай. Можна сказаць, дзейнасць у нацыянальным супраціве. Яна ўключае міжнародную працу.

Цяпер вельмі вялікая дыяспара. «Еўрапейская Беларусь» дапамагае канкрэтным асобам і структурам. Мы сустракаемся з людзьмі.

Але не пра ўсё можна казаць публічна.

У 2020 годзе «Еўрапейская Беларусь» шукала рэсурсы, каб дапамагчы творчым людзям, Купалаўскаму тэатру. Як пачалася вайна ва Украіне, змаглі знайсці партнёраў і прыцягнуць рэсурсы для падтрымкі палка Каліноўскага.

Каліноўцы казалі, што «Еўрапейская Беларусь» забяспечыла ім дапамогу большую, чым усе астатнія разам узятыя. Яны крыху перабольшылі, але мы для іх штосьці зрабілі.

Дзмітрый Бандарэнка на адным з мітынгаў у Варшаве. Фота: charter97.org

Зусім нядаўна Андрэй Саннікаў выдаў кнігу з падборкай артыкулаў пад назвай «Беларусь у НАТА». Кніга на некалькіх мовах і, думаю, яна будзе ўплываць на сённяшнюю палітыку ў адносінах да Беларусі і на яе будучыню.

Мяне няма ў сацыяльных сетках. Не хачу занадта свяціцца.

Сённяшняя частка маёй палітыкі не публічная. Мне непатрэбная дадатковая вядомасць.

«НН»: Ці зжыліся з чужынаю?

ДБ: Для мяне Польшча не чужына. Варшава — адна з нашых сталіц. Як спявалася ў беларускай песні: «Ах, Варшава мая, ах, сталіца». Першая Рэч Паспалітая — наша супольная з Польшчай дзяржава. 

Таму я не адчуваю сябе на чужыне.

Безумоўна, у Польшчы іншая краіна, але я каталік, польская мова падобная да беларускай і зразумелая мне. Тут шмат знаёмых, сяброў. Ёсць магчымасць працаваць, таму ў Польшчы мне камфортна. Безумоўна, Мінск для мяне таксама сталіца. І Вільня, і Кіеў таксама.

«Зʼявяцца «Латушкі святых апошніх дзён»

«НН»: Ці ўяўляеце сваё вяртанне на радзіму?

ДБ: Адзін з варыянтаў, якія запусцяць механізм перамен у Беларусі — калі Расія надарве пупок ва ўкраінскай вайне, вайне супраць усяго свету.

Эканамічна, калі параўноўваць валавы ўнутраны прадукт краін НАТА і Расіі, то розніца ў 25-30 разоў. Перавод расійскай эканомікі на вайсковыя рэйкі толькі паскорыць распад Расіі. Чым даўжэй будзе трываць вайна, тым на больш кавалкаў яна распадзецца.

Калі гэта фаза наступіць, то Крамлю будзе не да Беларусі. Ён будзе стаяць на каленях і прасіць у Захаду дапамогі — ножак Буша.

У гэтай сітуацыі Лукашэнку прыбяруць свае.

Зʼявяцца «Латушкі святых апошніх дзён», якія, як выявіцца, да апошняга змагаліся. Былі 30 гадоў пры рэжыме, каб прыбраць Лукашэнку.

Ім трэба будзе паказаць, што яны ўчынілі пераварот і вызвалілі Беларусь, каб не апынуцца па-за гульнёю.

Можа, банда ГУБАЗіКа акажацца мацнейшай і не знойдзецца герояў, якія ліквідуюць Лукашэнку. Тады можа адбыцца народнае паўстанне. Беларусы адчуюць, што гэта апошні бой, каб дамагчыся шчаслівейшай будучыні. Тады мы зможам разлічваць на міжнародную дапамогу. Умоўна, на ўвод войск ААН, НАТА.

Вось тады трэба будзе вяртацца ў Беларусь.

Віктар Івашкевіч

Унутрана ў мяне ёсць жаданне скончыць справу тых людзей, якіх няма з намі: Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара, Станіслава Шушкевіча, Валерыя Шчукіна, Пятра Марцава, Паўла Жука.

Цяпер вельмі не хапае такога чалавека як Віктар Івашкевіч, які думаў пра Беларусь 24 гадзіны ў суткі.

Мы проста павінны завяршыць іх справу і дапамагчы маладым весці Беларусь у Еўропу. Каб Беларусь стала нармальнай еўрапейскай краінай, знаходзілася пад парасонам НАТА і была сябрам Еўрасаюза.

Глядзіце таксама:

У Беларусі будзе свой Мандэла, ці свой Валэнса, ці свой Гавэл? Адказваюць Алексіевіч, Латушка, добраахвотнік

Жахлівы лёс «прыпыненай рэвалюцыі» ў Беларусі — новая кніга французскага сацыёлага Ранана Эрвуэ 

«Рэальны шанец зваліць Лукашэнку быў у 96-м». Алесь Міхалевіч пра палітычную маладосць, выбары, Каардынацыйную раду і свае спадзяванні 

«Мы мусім сведчыць»: паэтка Наста Кудасава і мастачка Святлана Дземідовіч прэзентавалі ў Варшаве сваю кнігу «Побач»

Беларус адправіўся на вайну пасля выпадковай сустрэчы з Някляевым. У 23 гады ў баі ён страціў нагу. Вось што ён робіць цяпер

Васіль Вашчыла