Лукашэнка зноў раскрытыкаваў урад. За што на гэты раз?
Сітуацыя з выкананнем меліярацыйных мерапрыемстваў у асобных абласцях далёкая ад ідэальнай, заявіў Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі (БНБК) і правядзення меліярацыі.
19.12.2023 / 11:31
Архіўнае фота БелТА
Ён нагадаў, што год таму на рэспубліканскім семінары-нарадзе па пытаннях аднаўлення і выкарыстання меліярацыйных зямель былі пазначаны цалкам зразумелыя задачы, піша БелТА.
«Дамовіліся аб неабходнасці з 2023 да 2025 года аб'ёмы меліярацыйных мерапрыемстваў патроіць у адносінах да паказчыка 2021 года. Як мне дакладвае профільны віцэ-прэм'ер, патроілі сёлета.
Але што мяне здзіўляе: усё паламана, усё зламана, ратаваць трэба меліярацыю як галіну. А як жа ў тры разы павялічылі за гэты год? Ці вы хочаце выдаць жаданае за сапраўднае? Не атрымаецца», — падкрэсліў Лукашэнка.
Па яго словах, кіраўнікі аблвыканкамаў абавязаліся ўвесці ў сельскагаспадарчы абарот у гэтым годзе 110 тыс. га зямель. Рашэнні на яго ўзроўні па фінансаванні меліярацыйных работ і закупцы тэхнікі прынятыя. «Прытым прыняты ў сярэдзіне года. Аднак, як мне дакладваюць, у асобных абласцях сітуацыя з выкананнем далёкая ад ідэальнай», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка не першы раз крытыкуе ўрад і яго кіраўніка Рамана Галоўчанку.
20 кастрычніка на нарадзе па пытаннях стратэгічных праектаў ён абвінаваціў урад у дэзынфармацыі.
«Я не кажу, што гэта традыцыя. Але я баюся, каб гэта не стала ў Беларусі традыцыяй — хлусня. Гледзячы ў крывое люстэрка, мы краіны не ўтрымаем. І новых імпульсаў ёй не нададзім, якія б стратэгічныя ў нас планы ні існавалі», — заявіў два месяцы таму Аляксандр Лукашэнка.
14 лютага 2023 года Лукашэнка крытыкаваў урад за «кепскую распрацоўку» шэрагу важных рашэнняў.
На нарадзе 3 кастрычніка прэм'ер Раман Галоўчанка таксама трапіў пад крытыку з-за сітуацыі з беларускім каліем. «Некалі мы замахваліся, што створым адзіную магутную кампанію, якая будзе займацца. Гэта, Раман Аляксандравіч [Галоўчанка], так у вашым урадзе і патанула ідэя. Усё нам штосьці замінае. Можа, не толькі вам. […] Камусьці не хочацца, ці яшчэ нейкія пытанні перашкаджаюць?» — абурыўся тады Лукашэнка.
На той нарадзе прагучалі такія ноткі, што ў Аляксандра Лукашэнкі ёсць ідэя аб неабходнасці прадаваць усе беларускія ўгнаенні праз пасярэдніцтва нейкай адной структуры, а Галоўчанку Лукашэнка ўпікнуў у недамоваздольнасці.
Чытайце таксама:
Галоўчанка наведаў маскоўскую ВДНГ і сказаў, чаго там не хапае