«Я бачыў, як калоны фээсбэшнікаў везлі дзяцей у Беларусь». Былы палкоўнік ГРУ прыляцеў здавацца ў Гаагу
Былы высокапастаўлены расійскі афіцэр Ігар Салікаў, які ўдзельнічаў у аперацыях ГРУ, ФСБ, ПВК «Вагнер» і ПВК «Рэдут», напісаў яўку з павіннай на імя Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Салікаў таксама даў інтэрв'ю, дзе закрануў тэму Беларусі.
19.12.2023 / 15:12
Ігар Салікаў пасля прылёту ў аэрапорт Амстэрдама. Фота: скрыншот відэа з ютуб-канала праекта «Гулагу.нет»
Выданне EenVandaag змагло пагутарыць з 60-гадовым былым расійскім разведчыкам і вагнераўцам Ігарам Салікавым, які праз Кейптаўн (ПАР) змог прыляцець у Амстэрдам, каб дабраахвотна здацца Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе за асабісты саўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Па словах Салікава, ён праслужыў у расійскай арміі і выведцы 25 гадоў, паспеўшы даслужыцца да звання палкоўніка. Таксама ён быў старэйшым вайсковым інструктарам у наймітаў ПВК «Вагнер» падчас іх аперацый у Сірыі і некалькіх краінах Афрыкі.
Удзельнічаў былы расійскі афіцэр і ў аперацыях ГРУ / ФСБ на тэрыторыі Украіны яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі.
«Я ўдзельнічаў у расійскіх дзеяннях на ўсходзе Украіны яшчэ з 2014 года. Я падтрымліваў так званых сепаратыстаў і быў сведкам фальсіфікацыі рэферэндуму ў Данецку, які нібыта зрабіў яго «народнай рэспублікай». Для падрабляння рэферэндуму на мясцовых службовых асоб аказваўся ціск і фізічны гвалт. Ведаю, хто аддаваў загады», — распавёў Ігар Салікаў выданню EenVandaag.
Акрамя таго, па словах былога палкоўніка ГРУ, той быў сведкам першых момантаў расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе, у тым ліку з беларускага кірунку.
Салікаў адзначыў, што ўжо тады расійскія спецслужбы пачалі масава вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь, а ў дачыненні да грамадзянскіх асоб і ваеннапалонных прымяняліся катаванні і смяротныя пакаранні.
«Цэлыя калоны супрацоўнікаў ФСБ на легкавых аўтамабілях і невялікіх фургонах без бацькоўскай згоды везлі вялікую колькасць дзяцей праз мяжу Беларусі. Таксама я быў сведкам зверстваў у адносінах да ўкраінскіх грамадзянскіх асоб і ваеннапалонных», — заявіў былы палкоўнік ГРУ.
Салікаў дадаў, што добра ведае камандную структуру расійскіх спецслужбаў і тых, хто аддаваў загады па Украіне і нясе адказнасць за ваенныя злачынствы. Ён упэўнены, што можа даць каштоўную інфармацыю Міжнароднаму крымінальнаму суду і пры гэтым цалкам усведамляе, што можа быць сам прыцягнуты да адказнасці.
Былы расійскі афіцэр ужо падаў заяву на міжнародную абарону ў Нідэрландах.
Прылёту Салікава ў Нідэрланды таксама пасадзейнічаў расійскі антываенны праект «Гулагу.нет», якому той таксама даў інтэрв'ю, дзе падрабязна распавёў пра свой службовы шлях і ўдзел у вайне супраць Украіны.
Салікаў казаў, што ў самым пачатку вайны камандаваў адным з падраздзяленняў ПВК «Рэдут» (падпарадкоўваецца Мінабароны Расіі). А перад гэтым узначальваў 4 аддзел Упраўлення спецаперацый так званай «Генпракуратуры ДНР».
Чытайце таксама:
Баевікі «Вагнера» ўвайшлі ў склад спецназа МУС Беларусі? Прынамсі ёсць дзве прыкметы
Затрыманы за дыверсію ў расійскім тунэлі беларус — шматдзетны бацька, які не змаўчаў у 2020-м