Затрымалі дырэктара IT-кампаніі. У сацсетках ён хваліць Лукашэнку і «Белую Русь»

У затрыманага ў сябрах ёсць нават выкрыты «Флагштокам» гомельскі кадэбіст. Але ГУБАЗіК усё роўна «ахрысціў» яго «бэчэбэшнікам». А дырэктар цэліў у дэпутаты.

30.11.2023 / 17:50

Юрый Баль. Фота: ягоны інстаграм

Затрыманы — 38-гадовы гамяльчук Юрый Баль. Ён скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны ў 2007-м, а з 2012-га працаваў у розных IT-кампаніях на менеджарскіх пасадах.

Амаль два гады таму ён стаў дырэктарам кампаніі «Элітсофт», якая распрацоўвае рашэнні для 1C. Асноўныя кліенты кампаніі — дзяржаўныя прадпрыемствы і ведамствы. Сярод іх — Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, Міністэрства замежных справаў, Гомсельмаш і Беларуснафта.

Адметна, што ў сацсетках мужчына хваліць Лукашэнку, дзякуе «Белай Русі», віншуе ўсіх з савецкімі святамі ды хваліцца вандроўкамі ў РФ.

Скрыншоты з інстаграма Юрыя

Сярод падпісак у інстаграме — розныя дзяржаўныя фірмы і «Белая Русь». А на ягонай, ужо выдаленай, старонцы «Укантакце» ў сябрах ёсць Сяргей Байкоў, аўтар таксічных гомельскіх паблікаў. Днямі «Флагшток» выкрыў, што гэта супрацоўнік гомельскага КДБ Яўген Бажок.

Скрыншот сервісу ru-world.net, які захоўвае архіўныя старонкі

Яго затрымалі за розныя падпіскі на неактыўнай старонцы ў фэйсбуку. Выглядае, што падпісаўся ён там на нешта вельмі даўно і, імаверна, забыўся.

ГУБАЗіК называе яго «бчб-дырэктарам» і змушае назваць суму заробку — каля 14 тысячаў рублёў у месяц. Таксама выявілася, што мужчына хацеў неўзабаве балатавацца ў гарадскія дэпутаты — магчыма, ягоныя планы не ажыццявяцца.

Чытайце таксама:

За каментары затрымалі айцішніка, які выдаліў тэлеграм-акаўнт паўтара года таму. Вось як яго знайшлі

Як засцерагчы сябе ў VK, Facebook і «Аднакласніках» — падрабязны гайд

ГУБАЗіК расказаў пра жанчыну, якая «прыйшла пакаяцца». Пасля яе адправілі ў калонію і ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў»

Nashaniva.com