У Бабруйску збіраюць подпісы супраць знішчэння вядомай мазаікі

У Бабруйску абвясцілі збор подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў з просьбай перагледзець рашэнне аб знішчэнні мазаікі на будынку гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі імя Марзона. Пра тое, што мазаіка апынулася ў небяспецы, стала вядома ў пачатку гэтага года.

16.11.2023 / 18:01

Фота: 1387.by

Пано было створана ў 1968 годзе бабруйскім мастаком Сямёнам Абрамавым і за гэтыя гады зрабілася адным з вядомых месцаў горада. Але цяпер корпус бальніцы хочуць знесці разам з ім.

«Як паведаміў прадстаўнік прадпрыемства, мазаічнае палатно не ўваходзіць у пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таму будзе дэмантавана разам з будынкам. Сам знос павінен пачацца ўжо ў адыходзячым годзе — як і было заяўлена ў планах», — прыводзіць мясцовая прэса пазіцыю Упраўлення капітальнага будаўніцтва мясцовага гарвыканкама.

Аўтары петыцыі нагадваюць, што на творы дэкаратыўна-манументальнага і манументальнага мастацтва распаўсюджваецца заканадаўства, адрознае ад таго, якое прымяняецца пры ахове гісторыка-культурнай спадчыны, і цікавяцца, ці былі выкананыя ўсе працэдуры з улікам гэтых нарматыўных актаў.

У адваротным выпадку просяць «зрабіць захады, каб не дапусціць парушэння заканадаўства і паспрыяць захаванню мазаікі праз рэканструкцыю, якая прадугледжвае перанос твора мастацтва на іншае месца або ў музейныя фонды». 

Чытайце таксама:

У Мінску разгадалі таямніцу знакамітай мазаікі. Вы ніколі не здагадаецеся, адкуль ідуць сляды

На гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Каліноўскага

У Мінску на садку затынкавалі мазаіку, да якой усе прывыклі

Першую бабруйскую мазаіку могуць захаваць. Але гэта не дакладна

Nashaniva.com