Лукашэнка заявіў, што працягвае палякам «сяброўскую руку супрацоўніцтва»
Лукашэнка павіншаваў народ Польшчы з Днём незалежнасці.
11.11.2023 / 10:04
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Contributor / Getty Images
«У нашым сумесным мінулым — шматвяковая агульная хрысціянская і культурная спадчына, шырокія і дружалюбныя кантакты паміж жыхарамі дзвюх краін. А будучыню мы можам пабудаваць толькі пры ўважлівым стаўленні да гістарычных падзей і ўмацавання сувязяў на прынцыпах партнёрства і даверу», — гаворыцца ў віншаванні.
Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы паважаюць выбар, які нядаўна зрабілі грамадзяне Польшчы [маюцца на ўвазе вынікі парламенцкіх выбараў, на якіх сумарна перамагла апазіцыйная кааліцыя — НН].
«Ён яскрава прадэманстраваў жаданне спыніць бессэнсоўны пошук унутраных супярэчнасцяў і знешніх пагроз. Спадзяюся, у Варшаве прыслухаюцца да голасу сваіх грамадзян з заклікам жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі ўсіх нацый і веравызнанняў, разгледзяць працягнутую Беларуссю сяброўскую руку супрацоўніцтва», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама выказаў упэўненасць у тым, што найлепшая гарантыя бяспекі для Польшчы сёння — гэта «дружалюбнае суседства, спыненне неабгрунтаванай мілітарызацыі краіны і гонкі ўзбраенняў».
«Толькі разам крок за крокам мы зможам унесці свой уклад у пераадоленне канфрантацыі ў нашым рэгіёне. Беларускі бок да гэтага гатовы», — дадаў Лукашэнка.
***
Апошнія тыдні Аляксандр Лукашэнка крыху скарэктаваў сваю рыторыку ў адносінах да краін Захаду. 27 кастрычніка ён пахваліў палякаў за тое, што яны прагаласавалі за апазіцыю на выбарах, потым віншаваў народы Аўстрыі і Чэхіі, заявіўшы: «няпростыя часы пройдуць, і мы з патроенай сілай адновім узаемадзеянне». Падчас візіту ў Мінск у канцы кастрычніка кіраўніка МЗС Венгрыі Петэра Сіярта ён назваў сябе «заўзятым прыхільнікам захавання ЕС».
Чытайце таксама:
Лукашэнка намякнуў, што гатовы гаварыць з палякамі
Лукашэнка заявіў, што ўпэўнены ў аднаўленні адносін з Літвой і Польшчай