Быў затрыманы Дзяніс Кур'ян. А Бонд і Грыбалёвай забаранілі займацца прафесіяй

Працягваюцца палітычна матываваныя затрыманні медыяперсон. «Нашай Ніве» сталі вядомыя некаторыя дэталі таго, што ад іх патрабуюць. 

08.11.2023 / 20:44

Фота: сацсеткі

Як стала вядома «Нашай Ніве», быў затрыманы тэлевядоўца і шоўмен Дзяніс Кур'ян. 

Ці адбыў ён адміністрацыйны арышт, ці затрыманне было кароткатэрміновым, мы не ведаем. Здарылася гэта мінімум тыдзень таму.

Кур'ян раней працаваў на БТ і АНТ. Цяпер — блогер і вядоўца мерапрыемстваў, займаецца бізнэсам (напрыклад, мае сетку блінных).

Пасля выхаду матэрыяла на сайце ў інстаграме Дзяніса Кур'яна з'явілася яго фота з жонкай і подпісам «Кахаю і ўсё тут»

Нагадаем, што раней паведамлялася пра затрыманне блогеркі і тэлевядоўцы Ганны Бонд і спявачкі Ларысы Грыбалёвай.

Адзін з кліентаў блогераў расказаў «Нашай Ніве», што ад усіх затрыманых запатрабавалі спыніць медыйную актыўнасць і бізнэс. Тое самае незалежна ад яго распавёў адзін з супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ.

Трэба адзначыць, што ў інстаграмах Кур'яна і Грыбалёвай, у якіх дзясяткі тысяч фаловераў, ужо з тыдзень не з'яўляецца ніякіх публікацый. 

Ганна Бонд з моманту вызвалення апублікавала некалькі сторыз. Але рэпартажаў, замалёвак, жартаў ці рэкламы — таго традыцыйнага кантэнту, які быў у яе раней, у яе не з'яўляецца. 

Пра тое, што адносіны «на паўзе», пацвердзіў і маркетолаг адной з вялікіх прыватных кампаній, якая раней размяшчала замовы ў блогераў. 

«Людзям, якія жывуць у Беларусі, прасцей забараніць браць рэкламу, чым карпарацыям з замежнымі ўладальнікамі забараніць даваць рэкламу», — патлумачыў ён. 

Інфармаваная крыніца «Нашай Нівы» ў адным з дзяржаўных СМІ патлумачыла атаку на медыяперсон і блогераў намерам прэвентыўна абмежаваць іх папулярнасць. Улады, па словах крыніцы, хочуць перастрахавацца, хочуць, каб у краіне проста не было папулярных публічных асобаў, адносна незалежных ад рэжыму.

«Незалежныя СМІ забароненыя. А ў блогераў унутры краіны падпіскі растуць. Ну і што з таго, што ў іх няма палітычнага кантэнту. Цяпер яны адмаўляюцца супрацоўнічаць з тэлебачаннем. А як яны павядуць сябе ў будучыні? Нейкая такая думка круцілася ў нашага кіраўніцтва», — патлумачыла «Нашай Ніве» крыніца ў дзяржаўным СМІ. 

Таму хочуць пакідаць толькі лаяльных блогераў, якія супрацоўнічаюць з міліцыяй і тэлеканаламі, тыпу Груздзевых.

Чытайце таксама: 

Усё нармальна, мама? Пяць фактаў пра Ларысу Грыбалёву

Знікла Ганна Бонд. Імаверна, яна затрыманая

Блогерка Ганна Бонд сёння выйшла на волю

Nashaniva.com