Не толькі чай з лімонам. 7 рэцэптаў гарачых і духмяных восеньскіх напояў
На парозе халоднае, мокрае і ветранае надвор’е. Вось некалькі напояў, якія разагрэюць у цёмным лістападзе.
05.11.2023 / 08:50
Фота: Anna Blazhuk / Getty Images
Абляпіхавы чай
- 3 ст. лыжкі абляпіхі (свежай ці размарожанай)
- 500—700 мл вады
- палова апельсіна
- 1 см кораня імбіру
- 1 ч. л. мёду / сіропу
- гваздзіка па жаданні
Злёгку раздушыце ягады абляпіхі відэльцам, пакладзіце іх у чайнік.
Калі ў чайніка досыць шырокае горла, можна таўчы проста ў ім, лепш драўляным таўкачом.
Дадайце нарэзаны апельсін, кавалачак кораня імбіру, гваздзіку і мёд. Заліце ўсё кіпенем і дайце настаяцца 5 хвілін.
Чай з гваздзікай
- любімы чай
- 3-4 гваздзікі
- кружок лімона
- долька апельсіна
- па жаданні: лыжка мёду
Настойвайце чай 2-3 хвіліны. Дадайце астатнія складнікі.
Ліпавы чай
- лыжка сухіх кветак ліпы або чайны пакецік
- 1 сталовая лыжка мёду
- малінавы сок
Настойвайце ліпавы чай 5—10 хвілін. Дадайце мёд і 2—3 сталовыя лыжкі соку (у залежнасці ад вашых пераваг).
Чай латэ
- чорны чай: 3 сталовыя лыжкі рассыпнога або 3 пакецікі
- малако (каровіна ці расліннае)
- дробка кардамону, карыцы, імбіру
- 1—2 сталовыя лыжкі мёду або імбірнага сіропу
Закіпяціце ваду (каля шклянкі), дадайце чай і спецыі, варыце яшчэ некалькі хвілін. Дадайце малако, варыце яшчэ 3—4 хвіліны. Праліце скрозь сіта, дадайце мёд або сіроп.
Густая какава з фінікамі
- 2—3 чайныя лыжкі какавы
- малако (каровіна або расліннае)
- 2—3 фінікі
- шчопаць карыцы
Закіпяціце малако, дадайце какаву, фінікі і карыцу. Гатуйце некалькі хвілін. Зніміце з агню і пераліце ў блендар. Змяшайце да аднастайнага стану.
З яблыкамі
- любімы чай
- чвэрць яблыка
- шчопаць карыцы
- палова лыжкі карычневага цукру
- па жаданні: трохі разынак
Заварыце чай і настойвайце яго 2—3 хвіліны. Выдаліце насенне з кавалачка яблыка, нарэжце яго лустачкамі і дадайце ў настой. Дадайце ў чай астатнія інгрэдыенты.
З яблыкамі і журавінамі
- 1 яблык
- паўшклянкі свежых журавін
- чайная лыжка карыцы
- гваздзіка — па жаданні
Яблык нарэжце кубікамі і кіньце ў шкляны збан разам з журавінамі. Заліце збан кіпенем, дадайце карыцу і настойвайце 5 хвілін.
Гатовы напой разліце па кубках, можна падсаладзіць салодкім сіропам або дадаць гваздзіку.
Чытайце таксама:
Рэцэпт найкарыснейшага і простага ў прыгатаванні напою