У міліцыі патлумачылі, што за выбухі каля Калодзішчаў
Жыхары Калодзішчаў сёння чулі моцны грукат ад выбухаў. Што гэта было?
31.10.2023 / 16:21
Скрын «Гугл-карты»
Motolkohelp пісаў, што па звестках мясцовых жыхароў выбухаў было ўжо не менш за тры. Паведамлялася, што ад выбухаў у дамах дрыжаць шыбы. Выбухі чуюць і каля ГЦ «Мома», які знаходзіцца каля станцыі метро «Магілёўская» за 12,5 км ад Калодзішчаў.
У Калодзішчанскім пункце аховы парадку паведамілі, што на палігоне 120-й дывізіі праходзяць вучэнні.
«Яны зранку бахаюць. Няма прычыны для непакою», — сказаў супрацоўнік міліцыі.
Амаль месяц таму, познім вечарам 5 кастрычніка, на чыгуначнай станцыі Азярышча пад Мінскам таксама чулі выбухі. Як паведамляла «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», выбухнула паміж 4 і 6 каляінамі. Магутнасць выбухоўкі ацэньвалася як даволі высокая, але асабліва сур'ёзных пашкоджанняў інфраструктуры не было. Наступствы не прывялі да затрымкі цягнікоў. Далей былі абвешчаныя ў вышук тры чалавекі: бацька і два сыны.
Афіцыйнага тлумачэння тады не было. Аляксандр Азараў выказаў версію, што гэта магла быць праверка: КДБ правяраў боегатоўнасць і рэагаванне на надзвычайную сітуацыю МУС і спецслужбаў.