«Хацеў убачыць свет на свае вочы — і любуюся прыгажосцю самых розных краін свету». Беларус-дальнабойнік расказаў пра рамантыку і будзённасць еўрапейскіх дарог
Сяргей па прафесіі хімік — больш за 20 гадоў ён прапрацаваў на адным з буйных прадпрыемстваў Магілёва. Яшчэ амаль 10 гадоў ён быў мантажнікам-вышыннікам. Здавалася б, пара пасталець, але гэта не пра яго — ужо год ён калясіць па дарогах Еўропы за рулём грузавога аўто, піша Magilev.by.
29.10.2023 / 19:46
Сяргей у цэнтры
Ніколі не позна пачынаць
Суразмоўца прызнаецца, што перасесці за стырно хацеў не толькі таму, што было жаданне добра зарабіць:
«Гэта ж яшчэ і магчымасць убачыць свет: краіны, людзей, якія там жывуць, іх лад жыцця — такое жаданне было заўсёды. Вось і спалучыў патрэбнае з прыемным», — тлумачыць рашэнне асвоіць новую прафесію Сяргей.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што авантурызм яму заўсёды быў уласцівы. Пра гэта сведчыць ужо тое, як кардынальна ён мяняў род заняткаў, ідучы па жыцці. І ў размове пра асаблівасці яго новай прафесіі, хай і з доляй іроніі, Сяргей адзначае: «Калі б у мяне былі правы на самалёт, я б абавязкова палётаў, папрацаваў бы ў гэтай сферы». І заяўляе аб планах навучыцца кіраваць параходам.
Хіба ж сталы чалавек, у якога за плячыма пяцьдзясят пражытых гадоў, здольны на такія «безразважныя» ўчынкі? Але Сяргей прывык слухаць голас уласнага сэрца, рабіць так, як загадвае душа, напэўна, таму ніхто і ніколі ад яго не чуў скаргаў на жыццё, ныцця пра абставіны, якія перашкодзілі здзейсніць нешта важнае і жаданае. Наадварот, ён у пастаянным пошуку магчымасцяў зрабіць сваё жыццё ярчэйшым.
Напрыклад, крыху больш за год таму ён сабраў дакументы і пайшоў на курсы кіроўцаў катэгорыі Е. Досвед кіравання легкавым аўто ў яго быў. Але для дальнабойніка гэтага мала.
— Цяпер я з жахам успамінаю сваю першую камандзіроўку: машыну ведаю дрэнна, дарогі яшчэ горш, моў не ведаю наогул. Побач адзіны памочнік — навігатар. Дарожныя знакі можна «прачытаць» у любой краіне, але не ўсё. Адным словам, складанасцяў хапала.
— І пашкадаваў, што рызыкнуў і сеў за руль грузавіка?
— Ніколькі! Я меркаваў, што ездзіць па свеце класна, але ў рэальнасці ўсё аказалася яшчэ лепш.
— Але калі столькі складанасцяў, гэта ж такі напружняк, нават стрэс?
— Паступова ва ўсім разбіраешся, вучышся. Напрыклад, незнаёмыя знакі фатаграфую, а на выкананне іх патрабаванняў падчас руху, як правіла, паказвае сітуацыя на дарозе. У хвіліны адпачынку знаходжу ў інтэрнэце сустрэты рэдкі знак і вывучаю — вось і зняў праблему.
«Вы не ўяўляеце, колькі добрых людзей вакол…»
— А здаралася, што не туды збочыў? Як выбіраўся, не ведаючы мовы ў чужой краіне?
— Было, вядома. Але гэта не так страшна, як здаецца. Вы не ўяўляеце, колькі добрых людзей вакол, якія гатовыя дапамагчы. За год працы блукаў двойчы — і абодва ў Францыі. Першы раз заехаў у невялікае паселішча, зразумеў, што збіўся са шляху, і звярнуўся па дапамогу, паказваючы свой маршрут на карце. Мясцовы жыхар падахвоціўся дапамагчы — ён 20 км ехаў наперадзе мяне, пакуль не вывез на шашу. Паміргаў «паваротнікамі», я яму ў адказ — вось так і рассталіся.
Другі раз я заехаў у населены пункт і з-за майго грузавіка ўтварыўся затор. Мясцовыя жыхары, і кіроўцы ў тым ліку, адразу кінуліся на дапамогу. Жэстамі тлумачылі, што я памыліўся і не туды прыехаў, паркавалі машыны па баках дарогі, каб я мог даехаць да месца, дзе магчыма развярнуцца, дапамагалі з манеўрам цягача, выклікалі паліцыю.
Быў упэўнены, што мяне пакараюць штрафам, але, аказалася, дарма хваляваўся. Паліцыя выдзеліла суправаджальніка, які «вывез» мяне да дарожнай развязкі, ідучы перад грузавіком. Таксама пажадаў шчаслівай дарогі «маячкамі» і з'ехаў.
«Кола «прыкіпела» да дыскаў…»
— А ці сапраўды існуе «братэрства дальнабояў», ці гэта такая легенда?
— Цяпер у абавязкі кіроўцы грузавіка не ўваходзіць рамонт аўтамабіля. Калі зламаўся ў дарозе, у якой бы краіне ні знаходзіўся, паведамляеш у кампанію, і па спецыяльнай страхоўцы выклікаюць тэхдапамогу, якая хутка ліквідуе любую паломку ці адбуксіруе ў сэрвіс для больш сур'ёзнага рамонту.
Але здараюцца так званыя нязначныя паломкі: кола прабіў, напрыклад. Было і ў мяне такое — стаў кола мяняць, а яно «прыкіпела» да дыскаў. Дапамаглі калегі: таджык і італьянец з ломікамі паказвалі, як гэта правільна зрабіць, іншыя кіроўцы дзяліліся парадамі — для пачаткоўца-дальнабойніка яны таксама вельмі важныя.
Не, у бядзе не пакінуць, гэта я на сабе праверыў, але гэта не значыць, што чакаць узаемадапамогі варта ад кожнага кіроўцы — нават на дарогах Еўропы.
Крымінальныя гісторыі…
Сяргей прызнаецца, што перад рэйсам інфармуюць аб магчымых выпадках крадзяжу на стаянках, але сам з такімі пакуль не сутыкаўся, хоць кіроўцы фірмы, у якой цяпер працуе, распавядалі неаднойчы пра крымінальныя гісторыі, удзельнікамі якіх станавіліся самі.
— Крадуць і груз, разразаючы тэнты, і салярку, і асабістыя рэчы. І не толькі на бясплатных паркоўках, дзе няма відэаназірання. Могуць і кіроўцы-дальнабоі паліва зліць, калі калега побач з прыпаркаванай машынай у душы або спіць.
У такім выпадку страты толькі на 50% на сябе бярэ кампанія, астатняе — за кошт кіроўцы, які дапусціў крадзеж, а гэта немаленькія грошы, таму даводзіцца быць заўсёды напагатове, асабліва ноччу.
Сяргей распавядае і пра выпадкі, калі мігранты на пад'ездах да Англіі просяць таемна завезці на тэрыторыю краіны. Могуць і залезці ў скрыню інвентару машыны або разрэзаць дах тэнта і схавацца ўнутры грузавіка. Але на мяжы ўсе аўто праходзяць пільны кантроль — правезці чалавека немагчыма.
«Я падарожнічаю, атрымліваючы асалоду ад відаў гор, рэк, архітэктуры — дух захоплівае!»
— Так, не без складанасцяў праца, і начлег у машыне — гэта не гасцініца, і ў рэстаранах мы сілкуемся рэдка, але станоўчых момантаў у такой прафесіі нямала. Я хацеў убачыць свет на свае вочы — і я любуюся прыгажосцю самых розных краін свету. Любуюся з акна свайго аўто і падчас адпачынку, наведваючы гарады.
Гэта значыць я падарожнічаю, атрымліваючы асалоду ад відаў гор, рэк, архітэктуры — дух захоплівае! А падарожжы — гэта ж заўсёды прыгоды.
Дадае пазітыву, са слоў суразмоўцы, якасць еўрапейскіх дарог. Сяргей збольшага гэтай акалічнасцю тлумачыць рост колькасці жанчын, якія кіруюць вялікагрузамі.
«Калі паркуецца жанчына за рулём фуры, усе кіроўцы-мужчыны, якія знаходзяцца побач, назіраюць за гэтым»
— Жанчына за рулём фуры на дарогах Еўропы — не рэдкасць: і па Германіі калясяць, і па Францыі, і па Польшчы. Можа, памыляюся, але, на мой погляд, для жыхароў Галандыі — гэта ўжо нармальная з'ява. Дарэчы, на дарогах яны, знаходзячыся за рулём грузавіка, паводзяць сябе вельмі акуратна, і паркуюцца першакласна. Асабіста ў мяне, напрыклад, пакуль не заўсёды з першага разу атрымліваецца гэтак жа.
Лічу, што гэта неверагоднай смеласці жанчыны, таму да іх павышаная ўвага з боку мужчын, у тым ліку і ў прафесійным сэнсе. І калі паркуецца жанчына за рулём фуры, усе кіроўцы-мужчыны, якія знаходзяцца побач, назіраюць за гэтым. Уяўляю, як няпроста ім у гэты момант. Але яны разумніцы — я ў поўным захапленні!
Заўважыў, што галандскія жанчыны-кіроўцы з любога становішча ацэньваюць правільна сітуацыю і выконваюць любы манеўр, нават не адкрываючы акно аўто. А на выгляд — юныя, худзенькія, далікатныя…
На думку Сяргея, жанчын усё больш за стырном шматтонных грузавікоў, таму што гэта не толькі магчымасць добра зарабіць. Сучасныя седлавыя цягачы аснашчаныя мноствам электронных памочнікаў, а кабіны ператварыліся ў жылыя пакоі. Ездзіць па дарогах Нарвегіі, Галандыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі — адно задавальненне. Тахограф не дапускае перапрацоўкі.
Хоць, дзеля справядлівасці, варта адзначыць, што 9-10 гадзін за рулём вытрымае не кожны. Ды і дарога па-ранейшаму — месца павышанай небяспекі. Але ягоны гадавы досвед працы за рулём яшчэ больш пераканаў у тым, што знаходжанне ў дарозе — гэта жыццё з пастаяннай зменай карцін мясцовасці і людзей. Для яго асабіста — гэта яркія і незабыўныя ўражанні, і задавальненне ад працы. А гэта менавіта тое, да чаго ён заўсёды імкнуўся.
Чытайце таксама:
Беларускі таксіст у Беластоку — пра нюансы працы, прэтэнзіі пасажыраў і заробкі
«Мы пазажыраліся». Што гавораць беларускія дальнабойнікі пра канкурэнцыю з азіятамі