«У будучыні нам удасца зладзіць кам’юніці, якое спрычыніцца да будаўніцтва палескага калайдара». Як энтузіясты папулярызуюць навуку па-беларуску

Ці ведалі вы, што ў беларускім свеце існуе цікавае выданне пад назвай PAMYŁKA ZIN? Гэта невялікі незалежны часопіс, створаны з мэтай папулярызацыі навукі і распаўсюджвання навуковых ведаў. З адной з ягоных стваральніц Палінай Лістапад паразмаўляла выданне Lixtar Media.

23.10.2023 / 23:45

«Ідэя з’явілася з рэчаіснасці, — распавядае Паліна. — Святлана Волчак з Юрыем Адамавым (абое — сустваральнікі) абменьваліся літаратурай. І неяк у размове яны пагадзіліся ў тым, што не стае навуковай літаратуры па-беларуску.

Да таго ж Юра паказаў Свеце свае навуковыя лісты, якія ён пісаў палітычным вязням (цяпер Юра сам палітзняволены). Света адразу ж распазнала ў іх патэнцыйныя артыкулы для зіна!»

У хуткім часе пасля сустрэчы Святлана распавяла Паліне пра гэтую думку-ідэю:

«Мне яна вельмі спадабалася, і я прапанавала сваю дапамогу ў стварэнні візуальнай часткі (дызайн і вёрстка). Мы пачалі думаць пра назву. Я стварыла дошку ў Trello, куды мы заносілі нашы варыянты. Пасля зладзілі ў сваіх прыватных профілях галасаванне. І гэтак «Памылка вымярэння» пераўтварылася ў «Памылку». Бо, калі я стварала лагатып, была важная лаканічнасць.

А пасля мы падумалі, што слова «памылка» дужа файнае! Яно вельмі блізкае да навукі, бо навуковыя адкрыцці часам здараліся дзякуючы памылцы. Ну, і памылка — гэта важны складнік нашага жыцця.

Увогуле ў беларускім кантэксце слова «памылка» мае адмоўнае адценне. А мы хочам паказаць сваім назовам, што памылка — гэта не дрэнна. Гэта частка жыцця».

Пасля таго, як выбралі назву, чат у фэйсбуку ператварыўся ў асобную старонку ў інстаграме і пошту (pamylka.zin@gmail.com). Распачаўся пошук аўтараў.

Як кажа Паліна, у першы нумар напісалі па артыкуле кожны з сустваральнікаў, а артыкул Юрыя пра гісторыю камп’ютарных манітораў быў акурат адным з лістоў. Таксама далучыліся сябры і знаёмыя.

«Гэтак мы назбіралі першы нумар. Калі мы ўжо вярсталі першы нумар, я напаткала старую прыяцельку — Настассю Кахан. І яна, на нашу вялікую радасць, пагадзілася вычытваць тэксты. Такім чынам яна таксама зрабілася сузаснавальніцай і моўнай рэдактаркай «Памылкі».

Працэс быў доўгі, недзе паўтара года ў нас сышло, каб выпусціць першы нумар. Пасля рэлізу першага нумара пра нас напісала шмат выданняў, такім чынам больш людзей даведаліся пра наша існаванне.

Колькасць падпісчыкаў у нашым інстаграме павялічылася ў геаметрычнай прагрэсіі! І калі, напрыклад, у першым нумары вокладкі малявалі Аляксандра Давыдзенка і Света Волчак, то ўжо ў другім нумары да нас далучылася значна больш мастакоў, і амаль кожны артыкул быў аздоблены новым творцам», — дзеліцца Паліна.

Друкаваны нумар і інтэрактыўную PDF-версію зіна заўжды можна набыць на пляцоўцы Buy me a coffee. Таксама часопісы ўзяла на рэалізацыю кніжная крама ў Вільні «Гартайка».

«З друкарняй нам таксама пашанцавала, — распавядае Паліна. — Нам параілі звярнуцца да беларускай ініцыятывы byProsvet, якая нас пазнаёміла з друкарняй ва Уроцлаве. Там вельмі файная каманда, з якой, як модна цяпер казаць, мы злавілі мэтч. Мы ўвесь час на сувязі, абмяркоўваем тэхнічныя моманты і магчымасці друку. Друкарня выпускае партыю і дасылае Свеце. А Света — па ўсім свеце, апроч Беларусі і Расіі».

Адна з мэт «Памылкі» — стварыць беларускую супольнасць навукоўцаў у галінах дакладных і прыродазнаўчых навук:

«Мы заўжды радыя навукоўцам, як у якасці аўтараў артыкулаў, так і ў якасці рэцэнзентаў. Імаверна, у будучыні нам удасца зладзіць пэўнае навуковае кам’юніці, якое спрычыніцца да будаўніцтва палескага калайдара.

Таксама мы будзем радыя новым мастакам. Бо гэта цудоўна, калі мастацтва спрычыняецца да папулярызацыі навукі.

Мы не пытаем пра статус, адукацыю і г. д. Галоўнае, каб чалавек меў сапраўдны інтарэс і жаданне далучыцца да супольнасці адной, а мо і большаю колькасцю прац.

У новых нумарах мы будзем старацца аддаваць перавагу новым мастакам. Толькі ў выпадку, калі да артыкула трэба будзе намаляваць больш за адну выяву, згодна з нашым прынцыпам супрацы, мы будзем тэкст прапаноўваць мастаку, з якім ужо працавалі.

Таксама мы шукаем чалавека для дапамогі ў камунікацыі з аўтарамі.

І, вядома, мы будзем радыя падабайцы і распаўсюду!» — распавядае Паліна.

Асноўны збор грошай на праект ідзе праз набыццё зінаў.

Праз месяц ад рэлізу нумара менеджарка супольнасці (Святлана) адпраўляе ўзнагароду кожнаму, хто спрычыніўся да «Памылкі».

Таксама Святлана знайшла спонсара, які падтрымаў выхад першага нумара, і частку сабраных грошай перанакіравалі на падтрымку Юрыя. А выпуск другога нумара падтрымалі беларусы Эстоніі — фонд FRIIDA BELL і ESTDEV — Estonian Development Cooperation Center.

Падтрымаць PAMYŁKA ZIN можна праз пляцоўку Buy me a coffee. Можна стаць мэмберам: то-бок кожны месяц у вас з карткі будзе спісвацца 10 еўра. Мэмбер аўтаматычна будзе атрымліваць лінк на інтэрактыўную PDF-версію, а таксама на друкаваны асобнік. Можна проста набыць каву на любую суму, пачынаючы ад пяці еўра. Можна набыць адзін з лотаў.

«Мы камандаю заўважаем, што з прыростам супольнасці пачынае расці якасць. Напрыклад, у трэцім нумары чытачоў будуць чакаць вельмі цікавыя і грунтоўныя артыкулы.

Уся наша рэдакцыя вельмі ўсцешаная тым, што новыя аўтары пішуць тэксты і дасылаюць іх нам. Таксама вельмі цікава назіраць за разнастайнасцю творчага палёту ўсіх мастакоў! Бо ў кожнага артыкула — новы мастак. І чалавек у сваёй стылістыцы ды згодна з разуменнем тэксту стварае выяву.

А яшчэ ў трэцім нумары мы будзем анансаваць прэмію «Бізон Гіґс». Гэта прэмія беларускім навукоўцам з галін дакладных і прыродазнаўчых навук ад PAMYŁKA ZIN. І няхай будзе з намі сіла навукі!» — кажа Паліна Лістапад.

Чытайце таксама:

«Бач, нават яны ў трох соснах заблукалі». Вядомы мовазнаўца ў архівах КДБ меў «невядомы далейшы лёс»

Астравы злучыліся ў кантынент. Як беларуская інтэлігенцыя перайшла ад супрацы з савецкім рэжымам да супраціўлення яму

«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай

Nashaniva.com