Словы прэм'ера Польшчы пра ўзбраенне былі інтэрпрэтаваныя «найгоршым чынам» — Дуда

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што нядаўнія словы прэм'ер-міністра Матэвуша Маравецкага былі «інтэрпрэтаваныя найгоршым чынам». Напярэдадні кіраўнік польскага ўрада сказаў, што краіна больш не будзе перадаваць зброю Украіне, бо сама актыўна ўзбройваецца.

21.09.2023 / 23:02

Анджэй Дуда. Фота: Paul Ellis -Pool / Getty Images

Паводле Дуды, заява Маравецкага тычылася толькі новага ўзбраення, якое цяпер закупляецца для польскага войска з мэтай ягонай мадэрнізацыі. І ён сам думае гэтак жа сама: 

«Мы абодва прытрымліваемся аднолькавай пазіцыі. Мы не можам перадаць наша новае ўзбраенне, якое мы цяпер закупляем на мільярды даляраў для польскага войска, каб умацаваць яго, умацаваць бяспеку Польшчы, камусьці іншаму. Нікому», — заявіў польскі прэзідэнт.

Такая пазіцыя тычыцца «перадачы новага ўзбраення, якое мы цяпер атрымліваем з Паўднёвай Карэі ці ЗША, напрыклад, новых «Абрамсаў», камплектаў Patriot або HIMARS», падкрэсліў Дуда.

Але тыя абавязкі, адносна якіх з Украінай падпісаныя кантракты, Польшча мае намер выканаць.

«Па меры атрымання новага ўзбраення з Карэі, з ЗША мы таксама будзем памяншаць запасы таго ўзбраення, якое сёння знаходзіцца на складах», — сказаў Дуда.

Паводле Дуды, тэхніка, якая выводзіцца са складу польскага войска, акурат і будзе перадавацца Украіне, як «гэта рабілі дагэтуль, перадаючы постсавецкія ўзбраенні». 

Чытайце таксама:

У Польшчы скандал: па плане абароны 2011 года армія мела адступіць на лінію Віслы

Прэзідэнт Польшчы расказаў, што павінен зрабіць Мінск для паляпшэння адносін з Варшавай

Незалежныя Украіна і Беларусь надзвычай важныя для незалежнай Польшчы — Анджэй Дуда

Nashaniva.com