У Маскве паставілі помнік Феліксу Дзяржынскаму
У Маскве на тэрыторыі штаб-кватэры Службы замежнай разведкі Расіі паставілі помнік кіраўніку ВЧК Феліксу Дзяржынскаму, паведаміла ТАСС.
11.09.2023 / 16:45
На цырымоніі адкрыцця помніка прысутнічаў дырэктар СЗР Сяргей Нарышкін. Ён заявіў, што Дзяржынскі, маўляў, «марыў стварыць будучыню, заснаваную на прынцыпах дабра і справядлівасці».
Фелікс Дзяржынскі пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года ўзначальваў Усерасійскую надзвычайную камісію (ВЧК), якая ў гады Грамадзянскай вайны здзяйсняла тэрор у дачыненні да людзей, абвінавачаных у датычнасці да «контррэвалюцыйных» арганізацый.
Помнік Дзяржынскаму ў Маскве паставілі каля будынка КДБ на Лубянцы ў 1958 годзе. У 1991 годзе пасля правалу спробы дзяржаўнага перавароту ГКЧП яго дэмантавалі, і гэта дзеянне набыло сімвалічны характар. Але сам помнік не быў разбураны і цяпер знаходзіцца ў маскоўскім парку «Музеон». Каля будынка СЗР цяпер паставілі ягоную паменшаную копію.
У лютым 2021 года ў Маскве арганізавалі галасаванне па пытанні, ці варта зноў паставіць помнік на Лубянскай плошчы. Жыхары горада павінны былі выбраць паміж скульптурамі Фелікса Дзяржынскага і князя Аляксандра Неўскага. Гэта выклікала спрэчкі і дыскусію ў грамадстве, а меркаванні тых, хто галасаваў, падзяліліся практычна пароўну. Гэта прывяло да таго, што мэр Масквы Сяргей Сабянін абвясціў аб датэрміновым спыненні галасавання, заявіўшы, што «помнікі павінны не расколваць, а аб'ядноўваць грамадства». Лубянскую плошчу кіраўнік горада ў выніку прапанаваў пакінуць «як ёсць».
Чытайце таксама:
У Маскве на могілках паставілі помнік куміру 80-х Юрыю Шатунову
У Магілёве надумалі перайменаваць плошчу Арджанікідзэ, просяць прапаноўваць назвы
На магіле Фінберга паставілі помнік. З тупой памылкай у імені