Ягор Марціновіч пра сустрэчу з Івуліным: Як я выцягнуў шчаслівы латарэйны білет у СІЗА
Журналіст Ягор Марціновіч апублікаваў у фэйсбуку чарговы допіс. Гэтым разам пра тое, як перасёкся ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску са спартовым журналістам Аляксандрам Івуліным.
31.08.2023 / 12:09
Аляксандр Івулін. Фота: «Наша Ніва»
«Калі вы хоць раз глядзелі расійскія фільмы-серыялы 1990-х, то мусіце мець стэрэатыпнае ўспрыманне пра постсавецкія турмы. Новы чалавек заходзіць у камеру і бачыць перад сабой суровых мужыкоў у трусялях-шортах і ў майках-алкагалічках. Канечне, усе брытыя налыса і ў наколках). Можа, і міф, але ў памяці адклаўся трывала.
І вось трапляю я ў ліпені 2021 года на Валадарку. Вядуць па бясконцых калідорах, заводзяць нарэшце ў камеру — №60, Шанхай — і што я бачу? Суровых лысых мужыкоў у алкагалічках!) І тут адзін з іх падыходзіць: «О, Ягор, рады цябе бачыць!» Гляджу на яго вылупленымі вачыма. У мяне адна думка: «Хто ты, зэчара???»
Ён усміхаецца: «Саня Івулін!» А-а-а!!! Гэта ж самае вялікае з усіх магчымых шанцаванняў! Ясна, што палітычных шмат, усё адно з кімсьці перасячэшся. Дый людзей з медыясферы ў СІЗА нямала. Але Санчас — гэта проста ідэальнае траплянне ў яблычак для мяне. Прыблізна тое самае пакаленне, падобныя каштоўнасці і інтарэсы. Таму можна пагаварыць і пра працу, і пра футбол, і абмеркаваць агульных знаёмых. І ў шахматы парубіцца, і ў нарды. І нават у прабежках па турэмным дворыку да яго далучыўся, хоць на сваім аматарскім узроўні).
Карацей, шанец сустрэцца менавіта з Івуліным — сапраўды адзін на 100. І я выцягнуў гэты латарэйны білет).
Але самае галоўнае — пазітыўны погляд Сані на жыццё. Гэта ж такая штука, якая падпітвае і самога аптыміста, і людзей навокал. Мы з ім былі ў гэтым падобныя, таму ў камеры ўзводзілі аптымізм у квадрат.
Вось так на пазітыве мы і правялі з ім тры з паловай месяцы, пакуль мяне не перавялі. І гэта насамрэч самы круты сусед за два гады зняволення!) Падсумоўваю: сяброўства з Санчасам — адна з самых вялікіх знаходак за апошнія два гады. І тое, што атрымалася без праблем вынесці з сабой).
Вы ж пагаджаецеся, што Саня мегакруты?)» — напісаў Ягор Марціновіч.
***
Журналіста Ягора Марціновіча затрымалі 8 ліпеня 2021 года. Яму і Андрэю Скурко прысудзілі 2,5 года зняволення. Тэрмін яны адбылі цалкам. Ягор Марціновіч знаходзіўся ў бабруйскай калоніі.
18 жніўня, цалкам адбыўшы прысуджаныя 2 з паловай гады зняволення, з магілёўскай калоніі вызваліўся Андрэй Скурко.
***
Аляксандр Івулін быў затрыманы 3 чэрвеня 2021 года і першапачаткова асуджаны па адміністрацыйнай справе на 30 сутак. Але з Акрэсціна так і не выйшаў, а быў адпраўлены на Валадарку, супраць яго была заведзена крымінальная справа паводле народнага артыкула 342. У студзені 2022 года быў асуджаны на два гады калоніі. 17 лютага 2023 года выйшаў на волю з калоніі.
Чытайце таксама:
Аляксандр Івулін расказаў, што яму сніцца пасля калоніі
«Пасля 2020-га так умеюць толькі беларусы». Івулін падзяліўся кранальнай гісторыяй