Рускі добраахвотніцкі корпус абвясціў аб «максімальна паспяховай атацы» на аэрадром у Курскай вобласці

Рускі добраахвотніцкі корпус (РДК), які ваюе на баку Украіны, узяў на сябе адказнасць за атаку на вайсковы аэрадром у Курскай вобласці.

31.08.2023 / 10:59

 

Байцы Рускага добраахвотніцкага корпуса. 24 мая 2023 г. Фота: «Суспільне Сумы»

«Без перашкод зноў прайшоўшы дзіравую мяжу, у ноч на 27 жніўня мы ўдарылі беспілотнікамі па вайсковым абʼекце», — гаворыцца ў заяве РДК. 

«Максімальна паспяховая атака», як паведамілі ў РДК, была праведзеная сумесна з вайсковай контрразведкай СБУ. 

РДК сцвярджае, што будынак у Курску, куды, паводле заявы ўладаў рэгіёна, трапіў беспілотнік, насамрэч быў пашкоджаны расійскай СПА, «якая прыкрывала самалёты». 

Колькі самалётаў было пашкоджана ў выніку атакі на аэрадром, РДК не ўдакладняе, а толькі адзначае, што «знішчаны ўсе намечаныя цэлі». 

Губернатар Курскай вобласці раніцай 27 жніўня паведаміў аб пападанні беспілотніка ў шматкватэрны дом у Курску на вуліцы Карла Маркса, у выніку якога будынак атрымаў пашкоджанні, людзі не пацярпелі. 

Праз некалькі гадзін пасля гэтага СМІ са спасылкаю на СБУ паведамілі аб налёце дронаў на аэрадром у Курскай вобласці. «Дроны-камікадзэ, заявіла крыніца ў СБУ, у ноч на 27 жніўня «адпрацавалі па чатырох самалётах Су-30 і адным МіГ-29». Таксама былі пашкоджаны радары комплексу С-300 і два ЗРК «Панцыр». 

Інфармацыі пра пашкоджанне тэхнікі на аэрадроме Курскай вобласці падчас гэтай атакі з расійскага боку не было.

Рускі добраахвотніцкі корпус і легіён «Свабода Расіі» раней здзейснілі некалькі гучных рэйдаў у Белгародскую і Бранскую вобласці.

Чытайце таксама:

У Белгародскай вобласці РДК узяў у палон расійскіх вайскоўцаў і прапануе губернатару перамовы

Кіраўнікі легіёна «Свабода Расіі» паказалі новых расійскіх палонных

Рускі добраахвотніцкі корпус і легіён «Свабода Расіі» зноў заявілі пра пранікненне на тэрыторыю Расіі

Nashaniva.com