Стала вядома, колькі чалавек праходзіла праз закрытыя Літвою памежныя пункты
Пункты пропуску «Шумскас» і «Цвярачус» на беларуска-літоўскай мяжы штодня выкарыстоўвалі для праезду больш за 2000 чалавек. Такія звесткі прывёў начальнік літоўскай памежнай службы Рустамас Любаевас, паведамляе Delfi.
17.08.2023 / 13:30
Фота: ДПК
Паводле яго, праз пункт «Цвярачус» («Відзы») ездзіла штодень каля 600 чалавек: па тры сотні ў адзін і другі бок. За першае паўгоддзе праз пункт, паводле звестак літоўскага боку, прайшло амаль 118 тысяч чалавек.
Прапускная здольнасць «Шумскаса» («Лоша») — большая. Ім карысталіся каля 1600 чалавек штодзень. Праз Шумскі пункт за першае паўгоддзе праехалі 217 тысяч асоб.
Праз «Шумскас» праходзіў толькі легкавы транспарт, праз «Цвярачус» — легкавы і грузавы парожні транспарт.
Любаевас адзначыў, што супрацоўнікі закрытых пунктаў застануцца там прыкладна на тры дні. Пазней гэтыя пасты будуць ахоўвацца сістэмамі відэаназірання.
«У першыя дні мы плануем пакінуць мінімальную колькасць — альбо аднаго чалавека, альбо мабільны патруль, які будзе даволі часта наведваць гэты пункт пропуску», — расказаў ён.
У поўнач 18 жніўня спыніцца пропуск у пунктах «Шумскас» («Лоша») і «Цвярачус» («Відзы»). Такое рашэнне прыняў літоўскі ўрад. Гэтыя меры, паводле літоўскага боку, накіраваныя на «адэкватнае рэагаванне на геапалітычную сітуацыю і пагрозу нацыянальнай бяспецы, а таксама на прадухіленне кантрабанды тавараў».
Такім чынам, на беларуска-літоўскай мяжы для праезду легкавога і грузавога транспарту працягваюць функцыянаваць чатыры пагранпераходы:
«Лаварышкес» («Катлоўка»);
«Мядзінінкай» («Каменны Лог»);
«Шальчынінкай» («Беняконі»);
«Райгардас» («Прывалка»).
Ва ўсіх гэтых беларускіх пунктах пропуску прадугледжана магчымасць набыцця страхавых полісаў і абмену валюты, паведамляе ДПК. Акрамя аўтамабільнага транспарту мяжу дазволена перасякаць на ровары. Пешы парадак пераходу забаронены.
На мяжы з Польшчай для легкавых аўто адкрыты адзін пункт пропуску — «Цярэспаль» («Брэст»), для грузавых — «Кукурыкі» («Казловічы»).
На мяжы з Латвіяй функцыянуюць два пункты пропуску, праз якія могуць рухацца легкавыя, грузавыя аўто і ровары:
«Патэрніекі» («Грыгараўшчына»);
«Сіленэ» («Урбаны»).
Чытайце таксама:
Літоўскі дэпутат пра закрыццё двух памежных пераходаў: Гэта сігнал Лукашэнку
Прэзідэнт Польшчы расказаў, што павінен зрабіць Мінск для паляпшэння адносін з Варшавай
Краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць пытанне закрыцця мяжы з Беларуссю ўжо ў гэтым месяцы