У Быхаве 14-гадовы школьнік жартам стрэліў у таварыша з пнеўматыкі
Калі бацькоў не было дома, сын запрасіў у госці траіх сяброў і вырашыў паказаць ім бацькаву пнеўматычную вінтоўку.
15.08.2023 / 12:29
Тая самая вінтоўка. Фота: ДКСЭ
У Быхаве 14-гадовы падлетак, знаходзячыся ў гасцях у сябра, атрымаў раненне з пнеўматычнай зброі. Пасля праведзеная судова-медыцынская экспертыза ацаніла атрыманыя цялесныя пашкоджанні як цяжкія, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.
Гэта здарылася ў канцы чэрвеня. Калі бацькоў не было дома, сын запрасіў у госці траіх сяброў і вырашыў паказаць ім бацькаву пнеўматычную вінтоўку. Пакуль нёс яе з гаража, выспеў «жарт» — напалохаць гасцей.
Думаючы, што вінтоўка незараджаная, падлетак накіраваў яе ў бок 14-гадовага сябра, які знаходзіўся за 2—3 метры ад яго, і націснуў курок.
Стрэл не быў халастым: куля трапіла ў правую шчаку хлопчыка. Пасля апрацоўкі раны пацярпелы пайшоў дадому, дзе распавёў пра здарэнне бацькам — яны даставілі яго ў раённую бальніцу, а ўжо адтуль яго накіравалі ў Магілёўскую абласную дзіцячую бальніцу.
У сувязі са складанасцю вымання кулі з мяккіх тканак глоткі праз некалькі дзён падлетка перавялі на стацыянарнае лячэнне ў Мінск. Кулю дасталі падчас аперацыі дактары РНПЦ дзіцячай хірургіі, далей хлопчык праходзіў лячэнне ў РНПЦ отарыналарынгалогіі. Цяпер ён дома, яго стан здавальняючы.
Па выніках судова-медыцынскай экспертызы ўстаноўлена, што былі ў падлетка скразная рана правай шчакі і пранікальнае раненне глоткі, што адносяцца да цяжкіх цялесных пашкоджанняў па прыкмеце небяспекі для жыцця.
Чытайце таксама:
Ратавальнікі зноў даставалі хлопчыка з заблакаванай машыны
У Бялыніцкім раёне пенсіянер забіў сякерай выпадковага госця
У Пухавіцкім раёне пад коламі цягніка загінула 12-гадовая школьніца